Ініцыятывы для малой радзімы

- 12:54Навіны рэгіёнаў

Восем праектаў моладзі Віцебшчыны прайшлі ў нацыянальны фінал міжнароднай інтэлектуальнай бізнес-гульні “Пачынаючы фермер”.

Дзмітрый Іванцоў з Аршанскага дзяржаўнага кале­джа харчавання.

Абласны этап бізнес-гульні, нацэленай на развіццё ў сельскай моладзі навыкаў бізнес-планавання, прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў і ўмення працаваць у камандзе, стартаваў у вобласці ў красавіку і аб’яднаў каля паўсотні ўдзельнікаў. Удала і актыўна заявілі пра сябе маладзёжныя каманды ўстаноў адукацыі рэгіёна. Так, прадстаўнікі Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна прэзентавалі праект “Варапаеў­скi куточак”. Як патлумачыла дзесяцікласніца Наталля Лукашэвіч, ідэя тычыцца стварэння экафермы — турыстычнага комплексу, які ўяўляе сабой адкрытую для наведвання фермерскую сядзібу з сельскагаспадарчымі ўгоддзямі, месцамі для ўтрымання свойскай птушкі і жывёл, пляцоўкай для экапікнікоў. Бізнес-ідэю ААТ “Перапёлкі” дэталёва абгрунтавала ініцыятыўная група навучэнцаў Зарубскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дубровенскага раёна на чале з дзесяцікласніцай Алінай Аліевай. Па падліках аўтараў праекта, перапяліная ферма здольна акупіць сябе за 2—3 месяцы работы. Навучэнец Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Дзмітрый Іванцоў ра­зам з сябрамі прапанаваў арганізаваць “Сырны хутарок”.

— Наш праект можа ў тым ліку паспрыяць вырашэнню на мясцовым узроўні задач імпартазамяшчэння і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнага сыраробства, — зрабіў акцэнт Дзмітрый. — Акрамя таго, яго рэалізацыя дазволіць адкрыць дадатковыя працоўныя месцы ў рэгіёне.

Арганізатарам інтэлектуальнай бізнес-гульні “Пачынаючы фермер” у Беларусі выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, кансультатыўную дапамогу аказвае Расійскі саюз сельскай моладзі. Правядзенне нацыянальнага фіналу плануецца з 27 па 31 ліпеня.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Аршанскім дзяржаўным каледжам харчавання.