Інклюзіўная, эксклюзіўная

- 12:06Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Чалавек з неўтаймаванай прагай новых адкрыццяў, незгасальнай жыццёвай энергіяй, невычэрпным энтузіязмам, здольны запаліць і павесці за сабой — так характарызуюць дырэктара сярэдняй школы № 9 імя Г.М.Халасцякова Баранавіч Юлію ТАРАСАВУ яе калегі. 

Ёй аднолькава добра ўдаецца падрыхтаваць вучня да алімпіяды і прывесці да перамогі, скокнуць з парашутам, паспяхова рэалізаваць інавацыйны праект, паўдзельнічаць у велапрабегу. Пра майстэрства кіравання, складнікі канкурэнтаздольнасці ўстановы і магчымасці адпачыць і перазагрузіцца — наша гутарка з Юліяй Мікалаеўнай.

— Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як я ў педагогіцы. Для мяне гэта як канстанта — проста жыць, ды­хаць, любіць. Мне пашчасціла вучыцца ў гімназіі № 4 Баранавіч. У пачатку 90-х гадоў у гэтай установе працавала плеяда моцных педагогаў са сваім унікальным почыркам, педагагічнымі традыцыямі. І зараз успамінаю іх прыёмы работы, якія па сваёй эфектыўнасці можна параўнаць з прыёмамі ўдзельнікаў конкурсу “Настаўнік года” ў цяперашнім варыянце. З удзячнасцю прыгадваю настаўніцу хіміі Галіну Іванаўну Лашко, якая працавала так, што мы не проста ведалі прадмет, а любілі гэтага педагога, захапляліся яе знешнім выглядам, манерай і ўнікальнай сістэмай выкладання. І такіх настаўнікаў у нашай гімназіі было вельмі многа. Дзякуючы ім, я і выбрала педагагічную прафесію. Паступіла ў Брэ­с­цкі педагагічны ўніверсітэт на гістарычны факультэт, бо вельмі любіла гісторыю з яе аналітычным бокам. Гісторыя дае магчы­масць адка­заць чалавецтву на многія пытанні будучыні. Дзецям я заўсёды гавару, што калі вы будзеце ве­даць законы фізікі, яны дапамо­гуць вам у жыцці, а калі вы будзеце ведаць законы гісторыі, гэта дапаможа яшчэ і ў фарміраванні светапогляду. 

Дзевяць гадоў работы настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства ў сярэдняй школе № 14 Баранавіч, дзе я падрыхтавала пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, удзел у гарадскім конкурсе “Настаўнік года — 2009” і перамога ў ім, работа метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета, а потым яго загадчыцай — значныя вехі ў маёй дзейнасці. Шэсць гадоў назад я прыйшла ў сярэднюю школу № 9 на пасаду дырэктара. 

На самай справе нічога кардынальна ў маім жыцці не мяняецца. На якую б ступень я ні прыхо­дзіла, галоўнае — добра працаваць. Чаму так? Адказ вельмі просты: так цікавей жыць. Калі ты працуеш вынікова, у цябе цудоўны настрой, ты з вялікім задавальненнем пасля працоўнага дня ідзеш дадому і хочаш вярнуцца на работу, твае планы ўвасабляюцца ў жыццё, ты бачыш, як гэта адбываецца, на душы становіцца прыемна і радасна. 

Мой жыццёвы дэвіз мае гумарыстычны кантэкст — “Заўсёды!”. Заўсёды ўдзельнічаю ў самых розных праектах, як бы авантурыстычна гэта ні гучала. Не варта адмаўляцца ад магчымасцей, якія прапаноўвае жыццё. 

 

Чытайце матэрыял Наталлі Калядзіч у нумары ад 17 студзеня 2023 года.