“Інклюзіўны касір”: новыя магчымасці

У Віцебскім дзяржаўным політэхнічным прафесійным ліцэі стартаваў пілотны праект па прафесiйным навучанні інвалідаў-калясачнікаў з наступным працаўладкаваннем у гіпермаркетах “Еўрагандлю”.

Cтартавы семінар праекта “Інклюзіўны касір”.

Паспяховасць любога адукацыйнага праекта грунтуецца на адпаведнасці структуры і зместу адукацыйных праграм умовам рэалізацыі, патрэбам эканомікі і рынку працы, забяспечанасці кадрамі і неабходнай вучэбна-матэрыяльнай базай, актуальнасці выбраных форм і метадаў навучання. У ліцэі, прызнаным па выніках мінулага года лепшай у краіне ўстановай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, пры распрацоўцы праекта “Інклюзіўны касір” прадугледзелі ўсе пералічаныя складнікі.

Намеснік дырэктара ліцэя па вучэбнай рабоце Андрэй Каржэўскі: “Адна з прыярытэтных мэт сучаснага грамадства — максімальная даступнасць адукацыі. Яна прадыктавана хуткім укараненнем інавацый ва ўсе сферы жыцця, што ў сваю чаргу мае на ўвазе не атрыманне статычнай сумы ведаў і ўменняў, а бесперапынны працэс фарміравання сацыяльных камунікатыўных і прафесійных кампетэнцый, якія забяспечваюць максімальна паспяховую сацыялізацыю асобы. Зыходзячы з азначаных умоў, праграмы прафесійнай адукацыі павінны быць максімальна варыятыўнымі і ўлічваць патрэбы самых разнастайных груп насельніцтва. Гэты напрамак нашай работы нацэлены на вырашэнне праблем сацыяльнай адаптацыі шляхам адукацыйнай і працоўнай рэабілітацыі, самазанятасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў форме індывідуальнага прадпрымальніцтва. Адпаведна “Інклюзіўны касір” з’яўляецца адначасова сацыяльным і адукацыйным праектам”.

Адукацыйны складнік новай ініцыятывы ўяўляе сабой праграму прафесійнай падрыхтоўкі па кваліфікацыі “кантралёр-касір (кантралёр) 4 разраду”. Выбар кваліфікацыі прадыктаваны як тым, што яна найбольш часта сустракаецца ў праграмах рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, так і значнай запатрабаванасцю на рынку працы. Па сутнасці, “Інклюзіўны касір” — эвалюцыйны працяг рэалізаванага раней на базе Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў у партнёрстве з замежнымі калегамі міні-праекта “Другое жыццё”, накіраванага на адукацыйную рэабілітацыю праз сістэму вучэбных курсаў, выпрацоўку неабходных кампенсацый, дапамогу ў прафілактыцы спадарожных захворванняў, другасных ускладненняў і ўсведамленне таго, што з атрыманнем траўмы або захворвання актыўнае жыццё не заканчваецца.

Старшыня Віцебскай аб’яднанай арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Андрэй Цыбульскі: “Я сам перамяшчаюся на інваліднай калясцы, і складанасці, з якімі сутыкаюцца людзі з інваліднасцю, для мяне вельмі блізкія. Праблема найперш не толькі ў фізічнай траўме, але і ў псіхалагічнай, калі фарміруецца ўстаноўка: “Я інвалід, непаўнацэнны, нікому не патрэбны”. Адбываецца самаразбурэнне асобы: чалавек замыкаецца ў сваім свеце, пачынае баяцца чужога погляду, меркавання і паступова страчвае матывацыю штосьці змяняць, вучыцца карыснаму для сябе і іншых. Другі негатыўны момант абумоўлены гіперапекай, калі родныя і блізкія пачынаюць занадта аберагаць, браць на сябе многа рэчаў, якія чалавек з інваліднасцю ў стане рабіць сам — і ў выніку нярэдка ён развучваецца нават абслугоўваць сябе. У сувязі з гэтым у мяне ўзнікла ідэя адукацыйнага міні-праекта. Галоўны сэнс яго ў тым, каб перамагчы псіхалагічную траўму, зламаць бар’ер”.

На базе дома-інтэрната былі арганізаваны 6 вучэбных курсаў, дзе рэабілітанты на ўмовах бясплатнага харчавання і размяшчэння вучыліся жыць ярка і цікава, быць не ўтрыманцамі, а памочнікамі ў сям’і, сацыялізавацца і адаптавацца ў побыце. Разам з выкладчыкамі даследавалі магчымасці сучасных гаджэтаў і інтэрнэт-сэрвісаў, займаліся маляваннем, танцамі і аэробікай, асвойвалі швейную справу — ад рамонту адзення да пашыву масак — і гатаванне розных страў — ад салатаў да піражкоў і баршчоў. Педагогі ліцэя вялі кулінарныя курсы, падчас якіх і нарадзілася задума даць справе развіццё. Наступным крокам бачылася паўнавартасная прафесійная падрыхтоўка па даступнай і запатрабаванай прафесіі з далейшым працаўладкаваннем.

Дырэктар ліцэя Руслан Вінакураў: “Асаблівасць нашай установы адукацыі ў тым, што мы ажыццяўляем падрыхтоўку па ўсёй лінейцы грамадскага харчавання і гандлю — ад кухараў, пекараў, кандытараў да афіцыянтаў, барменаў, кантралёраў-касіраў. Разам з тым на сёння ўвесь працэс навучання і вырабу прадукцыі звязаны з рэалізацыяй. Вучэбна-вытворчая база ў нас, напэўна, найлепшая ў сістэме прафадукацыі вобласці. У прыватнасці, яна ўключае рэсурсны цэнтр з трыма сучаснымі лабараторыямі (ён выбраны асноўнай пляцоўкай рэалізацыі праекта “Інклюзіўны касір”), уласныя кафэ і буфет, гандлёвы аб’ект у інтэрнаце. Ёсць перспектывы і планы адкрыць новыя аб’екты.

Калі прасачыць статыстыку, можна пераканацца: усе нашы спецыяльнасці стабільна запатрабаваны асноўнымі гульцамі на рынку працы. Прадпрыемствы маюць даволі высокія патрабаванні да выпускнікоў, і мы імкнёмся, каб яны прыходзілі на вытворчасць падрыхтаванымі: каля 90 працэнтаў з іх маюць павышаны ўзровень кваліфікацыі, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у краіне. Трое з ліку нашых навучэнцаў, хто паспяхова прайшоў адбор на WorldSkills Belarus, цяпер рыхтуюцца прадставіць краіну ў складзе нацыянальнай зборнай на сусветным чэмпіянаце ў Шанхаі.

Многія навучэнцы і іх педагогі — пераможцы прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Дарэчы, першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 78 працэнтаў выкладчыкаў і 74 працэнты майстроў вытворчага навучання. Мы пастаянна на сувязі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, ведаем іх жыццё для таго, каб карэкціраваць адукацыйны працэс і вучыць менавіта тым навыкам і на тым абсталяванні, якія найперш актуальныя.

 Ужо трэці год ліцэй цесна супрацоўнічае з асацыяцыяй інвалідаў-калясачнікаў. Для нас вельмі значна, што папярэдні праект вырас у нешта большае, якасна новае. Наколькі мне вядома, гэта будзе першы падобны вопыт у краіне. У групах прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках новага праекта задзейнічаны нашы педагогі з багатым вопытам рэалізацыі адукацыйных праграм для дарослага насельніцтва, падрыхтаваны неабходная база і вучэбна-праграмная дакументацыя. Мы гатовы да работы і сур’ёзна на яе настроены”.

У праекце “Інклюзіўны касір” максімальна ўлічаны асаблівасці ўдзельнікаў. Спрыяльным для прымянення асобасна арыентаванага падыходу з элементамі коўчынгу, а таксама пастаяннай актуалізацыі матывацыі, што аб’ектыўна патрэбна для большасці рэабілітантаў, будзе навучанне ў малых групах па 6 чалавек. Структура і змест вучэбна-праграмнай дакументацыі вызначае аб’ём вучэбнай нагрузкі 4 гадзіны на дзень, паколькі гэтая катэгорыя навучэнцаў часта не адаптавана да стандартных умоў прафесійнай падрыхтоўкі, і адукацыйная дзейнасць у нарматыўна ўсталяваны час (7 вучэбных гадзін) выклікае цяжкасці. Падрыхтоўка грунтуецца на дуальнай мадэлі і носіць выразны практыка-арыентаваны характар: 70 працэнтаў вучэбнага часу адведзена на вытворчае навучанне і практыку. На базе ліцэя з’явіліся два новыя вучэбныя аб’екты з элементамі безбар’ернага асяроддзя. Акрамя таго, яно створана на некаторых аб’ектах інфраструктуры ўстановы адукацыі, якія будуць выкарыстоўвацца навучэнцамі.

Сучаснае гандлёвае і мультымедыйнае абсталяванне вучэбных класаў дазваляе дакладна змадэляваць вытворчую дзейнасць. Аднак сама па сабе прафесійная падрыхтоўка (хаця яна мае важнае значэнне як адукацыйная рэабілітацыя і, вобразна кажучы, выконвае ролю той самай “вуды”, што атрымаюць удзельнікі праекта) у поўнай меры не забяспечыць дасягнення галоўнай мэты — высокую ступень сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі праз адукацыйную і працоўную рэабілітацыю. Гэтая задача будзе вырашана дзякуючы ўдзелу ў праекце Віцебскага абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і яго рэгіянальных структур, а таксама найбуйнейшага рэтэйлера Беларусі ТАА “Еўрагандаль”, у гіпермаркетах якога плануецца працаўладкоўваць выпускнікоў праекта. Такім чынам, праект аб’ядноўвае намаганні сістэмы адукацыі, няўрадавых арганізацый, органаў дзяржаўнай улады і бізнесу ў вырашэнні комплексу сацыяльных і эканамічных задач, што пашырае інклюзіўную прастору горада.

Намеснік дырэктара філіяла ТАА “Еўрагандаль” Віцебска Вольга Ляхоўская: “Мы падтрымліваем праект і падзяляем яго мэты. Сацыяльная значнасць і карысць новай ініцыятывы відавочныя. Хочам быць першаадкрывальнікамі ў гэтай гісторыі. Чакаем, што выпускнікі будуць працаваць на экспрэс-касах у нашых гіпермаркетах. Пастараемся стварыць для інклюзіўных касіраў спрыяльныя і камфортныя ўмовы”.

Паспяховай адаптацыі да працоўнай дзейнасці дапаможа правядзенне вытворчай практыкі на працоўных месцах у “Еўрагандлі”. Змест праграм заснаваны найперш на патрабаваннях да кантралёраў-касіраў указанай гандлёвай сеткі, у адукацыйным працэсе плануецца выкарыстоўваць адпаведнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне аўтарызацыі касавых аперацый. Разам з тым у праграму ўключаны базавыя пытанні прафесійнай падрыхтоўкі кантралёраў-касіраў, таму ў перспектыве навучэнцы змогуць працаваць на любым гандлёвым аб’екце.

Плануецца, што да канца года ўдзельнікі праекта завершаць прафесійную падрыхтоўку, а з 1 студзеня прыступяць да працоўнай дзейнасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.