Інклюзія — гэта ўжо сучаснасць

- 18:00Інклюзія

У новым навучальным годзе ў РІПА з’явілася новая структурная адзінка — аддзел развіцця інклюзіўнай адукацыі. Безумоўна, у Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі і дагэтуль на працягу многіх гадоў працавалі падраздзяленні, якія займаліся навукова-­метадычным забеспячэннем прафесійнага навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Аднак упершыню на першы план выйшла менавіта інклюзія — як у назве, так і ў змесце работы. 

Курыруе работу аддзела Вольга Салаўёва, намеснік начальніка цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі РІПА, кандыдат педагагічных навук. Пагаварылі з ёй пра тое, як нам прыйсці да ўсеагульнай інклюзіі.

— Вольга Аляксееўна, раскажыце аб інклюзіўных працэсах у адукацыі на сучасным этапе.

— Я заўсёды кажу, што інклюзія — гэта не справа будучыні. Гэта ўжо сучаснасць. Нават калі мы паглядзім на стратэгічныя дакументы па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, па развіцці сістэмы адукацыі, то ўбачым, што ва ўсіх дакументах згадваецца інклюзія і інклюзіўная адукацыя. У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі таксама замацаваны прынцыпы інклюзіі ў адукацыі. І гэта базіс, аснова, на якой будзе развівацца сістэма, таму відавочна, што без інклюзіі сёння нікуды, і ўзнікае неабходнасць на кожным узроўні адукацыі праводзіць мерапрыемствы па падрыхтоўцы педагогаў да інклюзіўнай адукацыі, стварэнні безбар’ернага асяроддзя, навукова-метадычным забеспячэнні інклюзіўнай адукацыі. У сувязі з гэтым у РІПА наспела неабход­насць актывізаваць гэтую работу, кіраўніцтва інстытута ўсведамляе яе важнасць і ўсяляк стымулюе, таму і з’явіўся новы аддзел, які ўзначальвае Алена Юр’еўна Фалевіч. 

— І супрацоўнікі заўзята ўзяліся за справу. З верасня па снежань прайшло некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў.

— Так, сапраўды. Але спачатку была распрацавана стратэгія, дарожная карта развіцця інклюзіўнай адукацыі. А потым прайшлі згаданыя мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя, якія павінны былі стаць своеасаблівым трыгерам для ўключэння ў работу як мага большай колькасці педагагічных работнікаў. Цяпер мы мэтанакіравана працуем па плане.

— Калі мы гаворым пра інклюзію ў прафесійнай адукацыі, то што маецца на ўвазе?

— Гэта прадастаўленне максімальна шырокіх магчымасцей для прафесійнага выбару і прафесійнай самарэалізацыі лю­дзей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Каб кожны мог выбраць сваю прафесійную траекторыю, мог прыйсці ў тую ўстанову адукацыі, якая для яго бліжэй і дзе яму зручней, атрымаць прафесію, якая яму цікавая і падыходзіць, і каб пры гэтым не было ніякіх бар’ераў. 

Інклюзія прадугледжвае найбольш поўнае ўключэнне людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў сумесны адукацыйны працэс. Асобам з АПФР у нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага даўно, і ў сістэме прафесійнай адукацыі з імі таксама працуюць не першы год. Аднак доўгі час такія навучэнцы найчасцей навучаліся ў спецыялізаваных групах, дзе збіраліся толькі такія дзеці, і яны былі адасобленыя. І такі вопыт вельмі важны, гэта прыступка да інклюзіі. Але зараз настаў час укараняць і пашыраць інклюзію паўнавартасна. Гэта значыць рабіць так, каб асаблівыя дзеці былі побач са сваімі звычайнымі аднагодкамі паўсюль — у групе на занятках, у майстэрні, інтэрнаце, на выхаваўчых мерапрыемствах. Калі ёсць магчымасць арганізаваць навучанне так, каб яно праходзіла сумесна з іншымі дзецьмі, то мы павінны гэтыя магчымасці рэалізоўваць. Увогуле мы павінны прыйсці да таго, каб кожная ўстанова прафесійнай адукацыі была гатова прыняць чалавека з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прычым прыняць ва ўсіх сэнсах.

— Што сёння прапануе сістэма прафесійнай адукацыі асобам з асаблівасцямі развіцця?

— Дзейнічаюць вучэбныя групы, у якіх адукацыйны працэс арганізаваны толькі для асоб з асаблівасцямі псіхафічнага развіцця. Умоўна можам назваць іх спецыяльнымі групамі. А ёсць вучэбныя групы, у якіх адукацыйны працэс адначасова арганізаваны для асоб з асаблівасцямі псіхафічнага развіцця і для іншых — прасцей кажучы, групы сумеснага навучання, або інклюзіўныя. Сёння ва ўстановах прафесійнай адукацыі 83 спецыяльныя групы і 90 інклюзіўных. Апошнія некалькі гадоў намецілася тэндэнцыя змяншэння спецыяльных груп і павелічэння інклюзіўных. Гэта добра, але мы працуем над тым, каб гэта адбывалася больш інтэнсіўна.

Штогод ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучаюцца каля 3000 асоб з АПФР. Сёлета навучанне для іх арганізавана ў 77 установах прафесійнай адукацыі, гэта 35% ад агульнай колькасці такіх ўстаноў. Атрымліваць прафесію сёння могуць людзі з парушэннямі слыху, зроку, цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю, расстройствамі аўтыстычнага спектра. Прычым ім прапаноўваецца шырокі пералік прафесій.

Дарэчы, наша краіна — адна з нямногіх, дзе асобам з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю даецца магчымасць атрымаць прафесійную адукацыю. Мы знаёмыя з вопытам розных краін, і там такім людзям прапануюць толькі прафесійную падрыхтоўку: яны атрымліваюць пэўныя навыкі, але не адукацыю.  

— Над якімі яшчэ задачамі плануеце працаваць?

— Задач многа. Напрыклад, у хуткім часе ў нарматыўных дакументах з’явіцца паняцце частковай кваліфікацыі. Калі лю­дзі з асаблівасцямі не могуць поўнасцю ас­во­іц­ь кваліфікацыю, ім можна прапанаваць вывучыць пэўную аперацыю, якая ўвахо­дзіць у ланцужок тэхналагічнага працэсу, і атрымаць частковую кваліфікацыю. Напрыклад, калі чалавек не можа цалкам асвоіць прафесію повара, ён можа навучыцца гатаваць толькі снеданні і стаць поварам снеданняў. Ён мог бы працаваць, напрыклад, у гасцініцы, дзе прапануюць уранку перакусіць.

Нам трэба будзе правесці аналіз і вызначыць, у якіх прафесійных сферах магчыма выдзеліць такія частковыя кваліфікацыі, распрацаваць модульныя праграмы навучання. Да гэтай работы будзем прыця­гваць, канечне, работадаўцаў, практыкаў. Пачалі ў гэтым кірунку цесна супрацоўнічаць з грамадскімі аб’яднаннямі. 

Безумоўна, нам яшчэ трэба праца­ваць над павышэннем інклюзіўнага патэнцыялу кадраў — ад дырэктараў да  майстроў вытворчага навучання. Дарэчы, ужо сёння ў многія курсы павышэння кваліфікацыі для педагогаў, што праводзяцца ў РІПА на працягу года, уключаны інклюзіўныя модулі. Ёсць і асобныя курсы па гэтым кірунку. 

Зараз рэалізоўвацца шэраг эксперыментальных праектаў, якія таксама стануць асновай для распаўсюджвання інклюзіўных практык і пашырэння прафесійных траекторый для людзей з інвалідносцю.

— Калі паразважаць, то становіцца відавочным, што ўстановы адукацыі адыгрываюць важную ролю ў развіцці інклюзіўнай культуры ў грамадстве ўвогуле. Згодны?

— Канечне! Калі гаварыць пра сістэму прафесійнай адукацыі, то мы рыхтуем будучых спецыялістаў і можам навучыць іх прынцыпам інклюзіі не толькі ў іх штодзённым жыцці, але і ў прафесійнай дзейнасці. І сёння мы гаворым пра тое, што неабходна ўводзіць модулі, прысвечаныя інклюзіі, у кожную кваліфікацыю. Банкаўскія работнікі, настаўнікі, будаўнікі, цырульнікі, работнікі грамадскага харчавання — кожны, пакідаючы ўстанову адукацыі, павінен быць знаёмы з інклюзіяй у дачыненні да сваёй прафесійнай сферы. Напрыклад, будаўнік павінен ведаць, пад якім вуглом рабіць нахіл пандуса, афіцыянт — як абслужыць чалавека з інваліднасцю.

Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Мы пачалі з педагогаў. Ужо сёння ва ўсіх установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў план навучання педагагічным спецыяльнасцям уведзены тэматычныя блокі па спецыяльнай і карэкцыйнай педагогіцы. На базе Нясвіжскага дзяржаўнага  каледжа ў гэтым годзе завяршаецца эксперыментальны праект па гэтай тэматыцы: навучэнцы засвойваюць вучэбны модуль па інклюзіўнай адукацыі, арганізаваны факультатывы па гэтай тэматыцы. Выпускнікі каледжа будуць гатовы працаваць у інклюзіўных групах дзіцячых садоў і класах пачатковай школы. Мы ўжо правялі рэспубліканскі семінар, куды запрасілі прадстаўнікоў усіх устаноў адукацыі краіны, дзе вядзецца падрыхтоўка па педагагічных спецыяльнасцях, каб яны маглі пазнаёміцца з гэтым вопытам. Далей плануецца інавацыйны праект — у кожным рэгіёне будзе выбрана ўстанова, якая стане тым пунктам, адкуль будзе распаўсюджвацца гэты вопыт.

Таксама будзем працаваць над тым, каб распрацаваць і ўвесці такія модулі і ў іншыя прафесіі. 

Мы павінны прыйсці да таго, каб кожная ўстанова прафесійнай адукацыі была гатова прыняць чалавека з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Назавіце, калі ласка, установу прафесійнай адукацыі, з якой сёння іншым можна было б браць прыклад.

— Не магу не згадаць Капыльскі дзяржаўны каледж. Пра яго можна сказаць, што там працуе цалкам інклюзіўны калектыў. Яны любяць сваіх асаблівых навучэнцаў, цэняць іх, ствараюць для іх атмасферу поспеху.  Дырэктар каледжа Анатоль Францавіч Пяткевіч прасякнуты ідэяй сумеснага навучання і ўсяляк яе падтрымлівае. Гэтая работа пачалася даўно, больш за 10 гадоў назад. Каледж актыўна супрацоўнічаў з установамі спецыяльнай адукацыі раёна, падключаўся да ўсіх інклюзіўных праектаў. Менавіта на базе гэтай установы мы праводзілі рэспубліканскі семінар-практыкум “Зместава-метадычныя аспекты арганізацыі інклюзіўнай прафесійнай адукацыі асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю”. Супрацоўнікі каледжа прадставілі панараму вопыту арганізацыі інклюзіўнай прафесійнай адукацыі асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю з выкарыстаннем інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогій, праектнай дзейнасці. Удзельнікаў семінара-практыкуму ўразіла інклюзіўнае мысленне педагогаў, іх прафесіяналізм, прагрэсіўнасць, адкрытасць. 

Радуе, што сёння мы бачым, як рэгіёны і самі становяцца ініцыятарамі распаўсюджвання інклюзіўнай культуры. Так, напрыклад, нядаўна спецыялісты РІПА былі запрошаны і бралі ўдзел у пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання дырэктараў устаноў ПТА, ССА і ўстаноў спецыяльнай адукацыі Брэсцкай вобласці на тэму “Развіццё інклюзіўных працэсаў у сістэме прафесійнай адукацыі”. 

— Тое, што інклюзія пашыраецца, пацвярджае і той факт, што асобы з АПФР уключаюцца ў прафесійны конкурсны рух. Раскажыце пра гэта. 

— Сапраўды, прафесійныя конкурсы — гэта цудоўныя пляцоўкі для папулярызацыі інклюзіі. Тут  работадаўцы і шматлікія наведвальнікі могуць пераканацца, што асобы з АПФР — таленавітыя і працавітыя людзі, могуць убачыць станоўчы прыклад іх уключэння ў соцыум. Так, навучэнцы з АПФР бралі ўдзел у некалькіх кампетэнцыях у IV Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2020. У Івацэвічах упершыню ў краіне прайшоў Брэсцкі абласны фестываль прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з асаблівымі патрэбамі. Гэты вопыт будзе вельмі карысны для ўдзелу ў руху прафесійнага майстэрства для людзей з абмежаваннямі ў здароўі “Абілімпікс”. Пераканана, што гэты напрамак будзе і надалей развівацца ў нашай краіне, як і інклюзія ўвогуле.

Спадзяюся, у хуткім часе ўсе людзі зразумеюць, што інклюзія — гэта важна і патрэбна не толькі асобам з АПФР, але і кожнаму з нас, каб быць сапраўдным сучасным гуманным чалавекам. Разам мы зробім свет лепшым!

 Гутарыла Дар’я РЭВА.