Інклюзія — гэта змены ў свядомасці

- 12:03Спецыяльная адукацыя

Раней слова “інклюзія” здавалася нечым экзатычным. Сёння ж без яго немагчыма ўявіць будучыню любой развітой краіны. Доказ гэтаму — III Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бесперапынная прафесійная адукацыя асоб з асаблівымі патрэбамі”, якая прайшла ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Канферэнцыя праводзіцца з 2013 года і аб’ядноўвае тых, хто ўключаецца ў адукацыйны працэс людзей з інваліднасцю. Сёлета пляцоўка сабрала спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Узбекістана, Латвіі і Польшчы.

“Сённяшняе мерапрыемства прысвечана пытанням інклюзіўнай адукацыі, яе даступнасці для асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Яшчэ адно важнае пытанне — фарміраванне асяроддзя для прафесійнага і творчага развіцця асобы. Таму канферэнцыя — значная падзея не толькі для ўніверсітэта”, — адзначыў рэктар БДУІР Вадзім Богуш.

Гасцямі канферэнцыі сталі інклюзіўныя хоры: калектыў “Радасць душы” і хор тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Мінска. Знаёмыя многім песні ў іх выкананні гучаць з новымі адценнямі, чыста. Каб дзеці ведалі, калі ўступаць, нехта з музычных кіраўнікоў сам прапявае пачатак твора, нехта дае падказку выхаванцам з дапамогай музычнага інструмента. І становіцца зразумела: пры жаданні займацца любімай справай можа кожны, усе складанасці і абмежаванні — умоўнасць.

Сёлета, акрамя пытанняў інклюзіўнай ІТ-адукацыі, увага была скіравана на праблемы сацыялізацыі інвалідаў. Эксперты абмеркавалі карысныя навыкі для людзей з асаблівымі патрэбамі ва ўмовах развіцця лічбавых тэхналогій, магчымасці развіцця інклюзіі з выкарыстаннем ІТ, стварэнне стартапаў, выкарыстанне Google дыска і вэбінараў у адукацыі асоб з інваліднасцю, асаблівасці выкладання агульнаадукацыйных прадметаў з мэтай сацыялізацыі вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Важным напрамкам развіцця інклюзіі выступае таксама дадатковая адукацыя. Заняткі па інтарэсах у многіх выпадках становяцца “сацыяльнымі ліфтамі” для дзяцей і дарослых з асаблівасцямі, выбудоўваючы іх адносіны са светам.

Чакаецца, што прапановы і рэкамендацыі, якія былі агучаны ў ходзе дыскусій, будуць прадстаўлены Міністэрству адукацыі, Камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу для падрыхтоўкі праекта “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”.

Многія эксперты і выступоўцы не па чутках знаёмы з праблемамі людзей з інваліднасцю, таму падзяліліся сваімі гісторыямі і прапанавалі ўласнае бачанне фарміравання безбар’ернага асяроддзя.

“На шматлікіх сайтах можна ўбачыць адну функцыю для людзей з інваліднасцю — змена шрыфта. Асаблівасці астатніх груп (напрыклад, хворых на дэменцыю, людзей з парушэннямі слыху ці сляпых) часцей не ўлічаны ўвогуле. У такіх выпадках неабходна мяняць фармат самога сайта, рабіць сурдапераклад і да т.п. Мала хто гаворыць пра выкарыстанне інтэрнэту праз спецыялізаваныя дэвайсы і тэхнічныя сродкі для інвалідаў, — гаворыць спецыяліст па інклюзіі і інваліднасці Аляксандр Аўдзевіч. — Сёння вялікай колькасці прафесій пры жаданні можна навучыцца ў інтэрнэце. Пры наяўнасці ўніверсальных “дапаможнікаў” для людзей з асаблівасцямі гэта даступна. Трэба толькі звярнуц­ь увагу на іх даступнасць для ўсіх. Сацыяльнае прадпрымальніцтва — наступная ступень пасля навучання, бо людзі, якія нечаму вучацца, імкнуцца працаўладкавацца. Важным становіцца стварэнне ўмоў, пры якіх людзі з рознымі формамі інваліднасці маглі б увайсці ў ІТ. І БДУІР — тое месца ў Беларусі, адкуль яны з найменшай шкодай для сябе зробяць гэта”.

Гісторыю Юліі Стэфняк многія веда­юць дзякуючы ўдзелу дзяўчыны ў сацыяльна-адукацыйным праекце velcomYOUTH, нехта памятае яе як факеланосца ІІ Еўрапейскіх гульняў — калясачніка, які імкнецца ўвасабляць звычайныя жаданні людзей з асаблівымі патрэбамі ў жыццё, заклікаючы адкрыта гаварыць пра свае патрэбы. Вялікая роля ў дзейнасці Юлі належыць яе праекту “Мабільны навігатар для лю­дзей з інваліднасцю INVO”. Сутнасць ідэі ў тым, каб зрабіць безбар’ернае асяроддзе больш цэласным, пазбавіць яго плям недасягальнасці.

“Інклюзія — не толькі наяўнасць ці адсутнасць пандусаў. Перш за ўсё гэта змены ў свядомасці людзей. А асабіста для мяне — магчымасць трапіць у кінатэатр не з бакавога, а з галоўнага ўваходу, — па­дзялілася дзяўчына.  — Шматлікія фактары не дазволілі мне стаць журналістам, але я атрымала шчаслівы білет у БДУІР. І тут гэтая, здавалася б, недасягальная мара стала маім хобі”.

Вольга Басько і Кацярына Тулейка, акрэсліваючы пытанне даступнасці дзяржпаслуг для людзей з парушэннямі зроку, прывялі аналіз сайтаў. Даследаванне паказала, што каля 84% з іх сапраўды маюць версіі длятых, хто слаба бачыць. Аднак часта людзі з праблемамі зроку сутыкаюцца з адсутнасцю адзінага візуальнага афарм лення спецверсій. Так, можна сустрэць значок вока, які суправаджаецца надпісамі “Версія для тых, хто дрэнна бачыць”, “Для людзей з дрэнным зрокам”, радзей выкарыстоўваюцца асобныя значкі (вока, акуляры і да т.п). Акрамя таго, не існуе рэкамендацый па стандартызаваным размяшчэнні такіх версій на сайтах, што значна ўскладняе іх пошук.

Вядучы навуковы су­працоўнік Інстытута ўсходазнаўства Расійскай акадэміі навук доктар гістарычных навук Алена Насенка-Штэйн, адна з аўтараў кнігі “Адваротны бок Месяца, ці Што мы не ведаем пра інваліднасць” расказала пра вывучэнне праблем інвалідаў як сацыякультурнай з’явы. Прамоўца адзначыла, што навуковыя пошукі ў гэтым кірунку пачаліся ў 1960-я гады, калі меншасці пачалі адстойваць свае правы, але і сёння ні ў навуковай літаратуры, ні ў міжнародных дакументах няма агульнапрынятага азначэння інваліднасці.

“50 гадоў назад людзі не мелі ўяўлення, што такое адваротны бок Месяца. Гэтак жа сёння мы не да канца ведаем, хто такі чалавек з асаблівымі патрэбамі і як з ім камунікаваць, бо існуе шмат стэрэатыпаў і клішэ”, — заўважыла Алена Насенка-Штэйн.

Навуковы супрацоўнік Інстытута дынамічных сістэм і кіравання лабараторыі Фраццолі (Швейцарыя) Якопа Тані расказаў пра праект DUCKITOWN (горад качак) — адукацыйную платформу для развіцця робататэхнікі і ІТ, якая першапачаткова задумвалася як вучэбны курс. З выгляду гэта мадэль горада, па якім перасоўваюцца запраграмаваныя робаты. Іх задачы самыя разнастайныя: пачынаючы ад звычайнага перамяшчэння з месца на месца, заканчваючы распазнаваннем пешаходаў — качанят. На пляцоўцы DUCKITOWN праходзяць адмысловыя Алімпійскія гульні па робататэхніцы, яе вопыт ужо перанялі 60 універсітэтаў з 35 краін. Чым гэты вопыт можа быць карысны для развіцця безбар’ернага асяроддзя ў Беларусі? Прынамсі тым, што алгарытмы перасоўвання робатаў з улікам перашкод можна перанесці на інвалідныя каляскі для людзей з праблемамі апорна-рухальнага апарату.

“Хацелася б, каб у робататэхніцы разбіраліся многія, а не толькі купка элітных студэнтаў, — адзначыў прамоўца. — У пачатку курса студэнты атрымліваюць дэталі робата, паступова збіраюць яго. На другім этапе моладзь аб’ядноўваецца ў групы і распрацоўвае праграмы. А ў канцы экзамены не здаюцца: праект разлічаны не на здачу тэарэтычнага блока, а на вырашэнне канкрэтных праблем. Кожны крок робатаў задакументаваны і выкладзены анлайн, каб любы чалавек змог зразумець тэхналогію. DUCKITOWN выглядае як гульня, але менавіта гэта прыцягвае людзей да вострых момантаў”.

Навуковец з БДУІР Віктар Аляксееў адзначыў, што вучэбныя праграмы па ўключэнні інвалідаў у сацыяльна-эканамічныя працэсы з дапамогай лічбавізацыі не заўсёды ўвасабляюцца ў жыццё, паколькі хутка страчваюць актуальнасць. Таму важным становіцца ўстойлівасць такіх праграм, іх пастаяннае абнаўленне. Сярод праблем па забеспячэнні базавых лічбавых навыкаў выступоўца назваў таксама даступнасць/недаступнасць навучання і недастатковую падрыхтоўку педагогаў. Вырашэнню гэтых пытанняў, на думку дакладчыка, паспрыяюць уключэнне базавых навыкаў у школьны курс інфарматыкі і іх пашырэнне па-за межамі школ, стварэнне дынамічнага навучання роўных роўнымі і развіццё міжсектарнага партнёрства”.

Наталля Баброва, Аляксандр Маскалёў і Валерый Мухаметаў звярнулі ўвагу на праекты, якія робяць новыя тэхналогіі і карысную інфармацыю для людзей з інваліднасцю больш даступнай. Сярод іх — Amazon Web Services (AWS), фонд AWSFoundation, “Глабальная грамадская інклюзіўная інфраструктура”, парталы Microsoft accessibility і “Адкрытая адукацыя” (openedu.ru).

Amazon Web Services — найбуйнейшы пастаўшчык воблачных паслуг, які робіць ухіл на даступнасць воблачных сэр­вісаў для людзей з інваліднасцю. Фонд AWSFoundation дапамагае дзецям і дарослым з парушэннямі інтэлекту і развіцця жыць як мага больш незалежна, быць уключанымі ў жыццё грамадства. Мэтай “Глабальнай грамадскай інклюзіўнай інфраструктуры” стала забеспячэнне тых, хто сутыкаецца з бар’ерамі даступнасці з-за інваліднасці, пісьменнасці, лічбавай дасведчанасці і ўзросту, доступам да інтэрнэту для адукацыі, жыццядзейнасці і занятасці. А “Адкрытая адукацыя” — сучасная платформа, якая прапаноўвае расійскім універсітэтам размяшчаць анлайн-курсы па асноўных адукацыйных праграмах.

Праз многія выступленні чырвонай ніццю праходзіла агульная праблема: законы, накіраваныя на вырашэнне праблем інвалідаў, у большасці выпадкаў ствараюцца без уліку іх меркаванняў і патрэб. І задачы гэтай канферэнцыі — падштурхнуць грамадства да супрацьлеглага падыходу.

Нехта сказаў, што адносіны да пажылых — яскравы паказчык сталасці грамадства. Мяркую, што ў дачыненні да людзей з інваліднасцю можна сказаць тое ж самае.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.