Іншым — у прыклад, сабе — на карысць

- 12:42Планёрка ў рэгіёне

“Сістэма адукацыі павінна служыць прыкладам для ўсіх не толькі ў пытаннях адукацыі”, — так лічаць педагогі Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Менавіта таму яны разам са сваімі вучнямі ўзялі на сябе клопат па добраўпарадкаванні вялікіх і маленькіх вёсак, пасадцы лесу. Пры гэтым яны паспяваюць рыхтаваць канкурэнтаздольных маладых людзей.
Сённяшні госць нашай “Суботняй планёркі” — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Буда-Кашалёўскага райвыканкама Алена Пятроўна ПАРФЕНЕНКА.

— Якія асаблівасці і спецыфіка адукацыйнай прасторы Буда-Кашалёўскага раёна?
— У нашым раёне дзейнічае 51 установа адукацыі — а гэта 25 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 20 дашкольных, таксама цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, два цэнтры дзіцячай творчасці ў Буда-Кашалёве і ва Уваравічах, дзве дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы “Спарта” і Камунараўcкая ДЮСШ. Наш раён сярэдні ў вобласці па колькасці навучэнцаў — каля 3500 школьнікаў і 1076 дашкольнікаў. А па тэрыторыі дастаткова вялікі — 233 вёсак, і раскіданы — некаторыя населеныя пункты аддаленыя ад цэнтра на 65 кіламетраў. Як і па ўсёй краіне, у нас таксама памяншаецца колькасць дзяцей, таму працэсы аптымізацыі нас не абышлі. За 6,5 года (маёй працы на пасадзе начальніка аддзела адукацыі) было закрыта 15 устаноў адукацыі. У сярэднім па 4 установы ў год даводзіцца закрываць. Такі лёс чакае тыя школы, дзе колькасць дзяцей значна памяншаецца. Пры гэтым у нас арганізаваны падвоз дзяцей да новых месцаў вучобы. Сёння ім карыстаюцца 806 дзяцей, з іх 94 дашкольнікі.
Наш раён сельскагаспадарчы і лясны, і гэтую асаблівасць мы стараемся ўлічваць пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. У трох школах працуюць лясніцтвы: Чабатовіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, Губіцкай базавай школе, Патапаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Пра дзейнасць школьных лясніцтваў добра ведаюць не толькі ў нашай вобласці, але і ў рэспубліцы. У 2013 годзе Чабатовіцкае школьнае лясніцтва ў Рэспубліканскiм юнiёрскiм лясным конкурсе “Квiтней, мой лес!”было адзначана дыпломам ІІІ ступені. Якраз сёння завяршаецца тыдзень лесу, падчас якога нашы юныя ляснічыя займаліся высадкай дрэў. Яны актыўна працавалі і зарабілі грошы, і не малыя. Па мінулым годзе гэта было 30 мільёнаў. Заробленыя сродкі пайшлі на заработную плату дзецям і на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. Школьнае лясніцтва аб’ядноўвае хлопчыкаў і дзяўчынак, захопленых вывучэннем прыроды, дзе яны набываюць веды па розных прадметах — біялогіі, геаграфіі, экалогіі, вучацца працаваць. Для некаторых гэта становіцца справай жыцця: яны паступаюць у прафесійныя ўстановы і становяцца работнікамі лясной гаспадаркі.
Нашы школы прымаюць актыўны ўд зел у добраўпарадкоўванні роднага краю. Вучні наводзяць чысціню не толькі на прышкольных участках, але і ў населеных пунктах, і што адметна, ва ўсіх, а не толькі там, дзе ёсць навучальныя ўстановы. У гэтым пытанні мы ўзаемадзейнічаем з раённай камунальнай гаспадаркай і сельскімі саветамі. Калі заехаць сёння ў любую вёску, то вы ўбачыце якую-небудзь арыгінальную архітэктурную форму ці кветнікі. Усе студні накрыты размаляванымі накрыўкамі. Вучні Уваравіцкай, Камунараўскай, Губіцкай школы на ўроках працы выраблялі накрыўкі для калодзежаў. Матэрыялы прадастаўляў лясгас і камунальная гаспадарка.
Мы разумеем, што сістэма адукацыі павінна служыць прыкладам ва ўсім, таму імкнёмся быць лепшымі. Праз канкрэтныя справы выхоўваем у моладзі працавітасць, пачуццё прыгожага, любоў да роднага краю. Праязджаеш міма вёсак і адзначаеш, як прыгожа і чыста на тэрыторыях, і душа радуецца.

— Якія робяцца крокі, каб выпускнікі сельскай школы былі канкурэнтаздольнымі?
— Сёння ўсе ўмовы для гэтага ёсць. Бягучы год у Гомельскай вобласці аб’яўлены Годам інфарматызацыі. У мінулым годзе мы закупілі шмат тэхнікі — камп’ютараў, інтэрактыўных дошак, мультымедыйнага абсталявання, таму інтэрактыўная дошка ў сельскай школе не навіна. Нашы педагогі праводзяць сучасныя ўрокі, выкарыстоўваючы інфармацыйныя тэхналогіі. Для старшакласнікаў у раёне арганізаваны міжшкольны факультатыў па розных прадметах. Вучні з сельскіх школ становяцца пераможцамі алімпіяд. Так, напрыклад, у мінулым годзе Канстанцiн Атарык, вучань Узоўскай сярэдняй школы, на заключным этапе алімпіяды па фізіцы заваяваў дыплом ІІІ ступені. Дыпломам І ступенi на сёлетняй алімпіядзе па хіміі на вобласці адзначаны дзевяцікласнік Патапаўскага дзiцячага сада — сярэдняй школы Іван Майсеенка, на жаль, хлопцу не хапіла аднаго бала на заключным этапе да дыплома. Добрыя вынікі дэманструюць нашы выпускнікі і на цэнтралізаваным тэсціраванні. У абласным рэйтынгу ў мінулым годзе па выніках ЦТ наш раён заняў шостае месца. Нашы сельскія школьнікі маюць вялікі патэнцыял, развіваюць яго, канкурыруюць на розных конкурсах з гарадскімі дзецьмі і нярэдка абыходзяць іх.

— Якасць адукацыі напрамую залежыць ад узроўню педагагічнага майстэрства. Якія спецыялісты працуюць у сістэме адукацыі вашага раёна? Як вы матывуеце іх на плённую працу?
— Сёння ў нашых установах адукацыі працуюць 837 педагогаў. Вышэйшую адукацыю маюць 97% настаўнiкаў, вышэйшую і першую катэгорыю — 72%. Цякучасць сярод настаўнікаў нізкая. У нас нядрэнная замацаванасць моладзі — да 80%. У гэтым вялікая заслуга мэтавых накіраванняў. Мы вырошчваем сабе кадры са школьнай лаўкі. Напрыклад, у мінулым годзе 10 выпускнікоў раёна атрымалі мэтавыя накіраванні на вучобу ў педагагічныя УВА.
Ёсць у нашых настаўнікаў поспехі і ў прафесійных конкурсах. Напрыклад, у мінулым годзе на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года” ад нашага рэгіёна ўдзельнічалі 4 педагогі, і, што адметна, трое сталі лаўрэатамі. Такога выніку няма ні ў адным раёне. Гэта настаўніца пачатковых класаў Уваравіцкай сярэдняй школы І.С.Кабаева, настаўнік матэматыкi Крыўскай сярэдняй школы А.М.Васіленка, настаўніца хіміі гімназіі Буда-Кашалёва Н.І.Дралава. У фінале конкурсу таксама ўдзельнічала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Камунараўскай сярэдняй школы В.М.Жгарова. Яны ўжо праводзяць майстар-класы для калег з іншых рэгіёнаў вобласці.
Педагогі дзвюх школ заняты інавацыйнай дзейнасцю: ва Уваравіцкай школе рэалізоўваецца праект па стварэнні прадпрымальніцкай школы, у сярэдняй школе № 1 Буда-Кашалёва — па прафарыентацыйнай рабоце. Гарадская гімназія рыхтуе на зацвярджэнне праект па апрабацыі мадэлі школы дыялогу.
Нашы педагогі зацікаўлены ў развіцці, у высокіх выніках, тым больш што яны не толькі маральна, але і матэрыяльна стымулююцца. Спецыялісты, якія паспяхова рыхтуюць вучняў да алімпіяд, ЦТ, удзельнічаюць у конкурсах педагагічнага майстэрства, атрымліваюць 50-працэнтныя надбаўкі. Сёння гэта 114 чалавек.
Вядома, нам яшчэ ёсць над чым працаваць. Для таго каб павысіць канкурэнтаздольнасць нашых навучэнцаў, мы стараемся больш прапаноўваць розных мерапрыемстваў, ствараем умовы, каб кожная ўстанова, кожны вучань маглі сябе праявіць.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.