Інструменты для душы

Аляксей Яскевіч — інжынер па адукацыі і майстар народных інструментаў па прызванні. З дзяцінства ён назіраў за дзядулем — вясковым музыкантам, які да таго ж быў майстрам на ўсе рукі і мог як печ скласці, так і адмысловую драўляную цацку зрабіць. Калі пасталеў, то і сам пачаў вырабляць сваімі рукамі не абы-што, а музычныя інструменты. Спачатку — простыя свістулькі ды дудачкі, а потым і больш складаныя — струнныя смычковыя ды шчыпковыя, напрыклад, дзяўбаныя скрыпкі або кантэле.

А.Яскевіч трымае ў руках тальхарпу.

“Мой дзед быў вясковым музыкантам, іграў на акардэоне. А яшчэ быў вядомым май­страм у сваёй мясцовасці — добрым сталяром і мулярам, клаў печы любой складанасці. Я з маленства назіраў, як ён нешта майструе, дапамагаў яму, а сёння з захапленнем прыгадваю, якія адметныя цацкі ён рабіў. Прынамсі, такія я потым бачыў толькі сярод музейных экспанатаў літоўскіх дзіцячых цацак канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Я і сам любіў не­шта майстра­ваць у дзяцінстве, а ў дарослым узросце гэты занятак перарос у выраб традыцыйных музычных інструментаў”, — расказаў А.Яскевіч.

Музычнай адукацыі ён не мае, затое мае добры слых, а яшчэ мэтанакіраванасць ды працавітасць. “Музыка вабіла мяне заўсёды: спачатку ў нашай Астравецкай школе я быў удзельнікам гурта, пасля, у час вучобы ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, выступаў у розных гуртах, а потым мяне захапілі народныя інструменты. І вось ужо 17 гадоў я вучуся іг­раць на іх і вырабляць. Гэта вельмі няпроста, але ў мяне ўжо крыху атрымліваецца, — усміхаючыся, дадае ён. — Я лічу, што амаль кожны можа навучыцца іграць на тым інструменце, які яму падабаецца, нават калі няма добра развітога слыху. Любое майстэрскае выкананне — гэта 90% працы і толькі 10% таленту. Трэба працаваць і працаваць, тады і слых развіваецца, і тэхніка ігры, галоўнае — жаданне”.

У Беларусі майстроў, якія сваімі рукамі ствараюць старажытныя музычныя інструменты, не так і шмат. Да таго ж у нашай краіне не вучаць прафесіі майстра народных інструментаў. У жыцці Аляксея нагодай для з’яўлення такога незвычайнага захаплення стала звычайнае жаданне набыць простую дудку. “Калі я пачаў іграць на традыцыйных інструментах, то ўзнікла праблема, дзе іх узяць, а цікавіла мяне шмат розных інструментаў, заказаць якія не было ў каго. І тады нарадзілася ідэя зрабіць іх самому. А самым апошнім штуршком стала наведванне аднаго з айчынных фестываляў, дзе я хадзіў па гандлёвых радах з рознымі сувенірамі. Тады мяне вельмі абурыла, што сярод прадстаўленых там свістулек і дудак я не знайшоў ніводнай, якая б нармальна іграла. Пасля гэтага я стварыў свае першыя драўляныя свістулькі ў выгля­дзе птушачак, пеўнікаў, узяўшы за ўзоры музейныя экспанаты з 2—3 адтулінамі. Потым пачаў рабіць невялікія драўляныя дудачкі з большай колькасцю адтулін, на якіх можна іграць простыя полькі, вальсы. Увогуле я рабіў тое, што хацеў, каб было  ў маім дзяцінстве. І да гэтага часу раблю дзіцячыя дудачкі, якія ўсім падабаюцца”, — адзначыў ён.

З часам музычныя інструменты А.Яскевіча станавіліся ўсё больш і больш складанымі. “Я раблю тыя традыцыйныя народныя інструменты, якія мне кладуцца на душу. Мне падабаецца шмат чаго, але цымбалы, напрыклад, я не буду рабіць, бо нельга аднолькава добра ствараць усе інструменты. Звычайна майстры гадамі вучацца рабіць тыя ж самыя дудкі. У мяне ёсць знаёмыя майстры ў розных краінах, якія па 40 гадоў робяць дудкі і гавораць, што толькі зараз пачалі разумець, як яны павінны гу­чаць і што для гэтага трэба рабіць. Таму і я не распыляюся, а раблю блізкія інструменты, на­прыклад: дудкі рознага кшталту — беларускія і суседніх краін, а таксама струнныя інструменты: літоўскі канклес, карэла-фінскае кан­тэле, латышскае кокле”, — расказаў майстар.

Сярод яго любімых інструментаў сваё месца займае і скрыпка, на якой ён пачаў вучыцца іграць шмат гадоў назад. І зараз яго мара — зрабіць доб­рую класічную скрыпку. “Мне падабаюцца дзяўбаныя скрыпкі горных народнасцей Польшчы, Украіны, Славакіі, Чэхіі, а яшчэ пашэта — кішэнная скрыпка танцмайстраў ХVII—XVIII стагоддзяў, якую можна было пакласці ў кішэню ці сумку і перахо­дзіць з горада ў горад. Між іншым гэты інструмент не для канцэртаў, а для таго, каб зайграць мелодыю, калі танцмайстар вучыў кагосьці рухам танца. Пашэта бываюць розных форм, памераў, тэхнік выканання, і яны мне вельмі падабаюцца, — прызнаўся Аляксей. — Нават Страдзівары ў свой час зрабіў такую скрыпку — пашэта, калі не памыляюся, у 1715 го­дзе. Акрамя таго, мне падабаюцца скандынаўскія інструменты і шведскія мелодыі. Я зрабіў тальхарпу — смычковы інструмент са струнамі з конскіх валасоў, які вядомы з Х стагоддзя і быў шырока распаўсю­джаны ў скандынаўскіх краінах. І зараз гэты інструмент там вельмі папулярны. Таксама была мара мець морахарпу — шведскі смычкова-струнны інструмент з клавішамі, дзе не пальцамі заціскаеш струны, а сістэмай клавіш, як у колавай ліры. І я ўжо зрабіў нават два такія інструменты, пробны і класічны варыянт”.

Вось так А.Яскевіч можа га­дзінамі расказваць пра свае любімыя інструменты, а калі бачыш іх на свае вочы, то слухаць пра іх і разглядаць таксама можна гадзінамі. Наспявае пытанне: “З дапамогай чаго ствараюцца такія музычныя творы мастацтва?..” Як высветлілася, для іх вырабу дастаткова звычайнага набору сталярных інструментаў, невялічкага закутка ў кватэры і… дапамогі Google. “Калі ве­даць, як правільна задаць пытанне, то Google абавязкова дасць адказ на яго, а ўсё астатняе — твой розум і калькулятар. Бо можна прачытаць шмат апісанняў, але калі пачынаеш рабіць, то, па-першае, тэхналагічны працэс упіраецца ў твае ўменні, а па-другое, ёсць шмат нюансаў, якія ніхто не апісвае. ­

Я тры гады рабіў дудкі, перш чым яны пачалі ў мяне атрымлівацца, хоць, па праўдзе кажучы, і сёння ў мяне шмат пытанняў, як іх рабіць. Гэта пастаянны працэс навучання. Увогуле ў вырабе інструмента мяне захапляе сам працэс: гэта неверагодны цуд, калі з кавалка дрэва атрымліваецца нешта, што яшчэ і іграе, прычым нядрэнна”, — расказаў Аляксей.

Пашэта.

У стварэнні інструмента галоўны прынцып — не спяшацца.

Ствараецца адзін такі інструмент ад 2 да 5 месяцаў. “Усё залежыць ад наяўнасці вольнага часу. Нават дудка займае не менш за два месяцы, прычым тры тыдні з іх будзе проста сохнуць алей на ёй, — тлумачыць майстар. — Больш складаныя інструменты, напрыклад, адну кішэнную скрыпку пашэта, я рабіў каля 5 месяцаў. І сваю апошнюю морахарпу я таксама столькі ж рабіў. Дарэчы, я лічу, што майстар павінен больш-менш іграць на інструменце, які ён вырабляе, бо як ты зможаш праверыць, ці правільна ён гучыць. Я вельмі люблю традыцыйную беларускую музыку, асабліва вясельныя маршы, а яшчэ абэркі — польскія народныя танцы, якія былі распаўсю­джаны і на тэрыторыі Беларусі да 1939 года, і полечкі, шукаю іх, дзе толькі можна, развучваю і ­іграю”.

Канечне, марыць наш герой пра сапраўдную майстэрню, дзе ён мог бы размясціць усё неабходнае для свайго не­звычайнага захаплення: розныя інструменты, прылады і драўніну. Прынамсі, выкарыстоўвае ён тыя пароды дрэў, што растуць у нас: клён, вольху, ясень, вяз, дуб, бярозу, елку і нават яблыню, сліву, іргу. “Дзе браць драўніну — балючае пытанне, знайсці нават простыя дрэвы складана. Вось спілаваў вішню ў бабулі і кавалак слівы, купіў пару дошак ясеню. Самая ж вялікая праблема — знайсці добрую елку, а з яе робіцца важная частка інструмента — верхняя дэка для смычковых і струнных інструментаў, якая рэзаніруе і стварае гук”, — акцэнтаваў увагу Аляксей.

Інструменты майстар выраб­ляе не толькі для сябе: іх заказваюць і прафесійныя музыканты, і аматары, якія знаходзяць яго ў асноўным праз інтэрнэт. 

Напрыканцы пытаюся ў музыканта, ці папулярная зараз народная музыка. “Мне здаецца, што ціка­васць да традыцыйнай му­зыкі ніколі не знікала, бо на тое яна і народная, што прысутнічала і бу­дзе прысутні­чаць у нашым жыцці ў той ці іншай форме. Вельмі хочацца, каб людзі як мага больш далучаліся да традыцыйнай музыкі і вучыліся ­іграць на народных інструментах, бо, як па мне, дык душа пачынае спяваць менавіта дзякуючы такой музыцы”, — завяршае нашу размову Аляксей ­Яскевіч.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара і з архіва А.Яскевіча.