Інстытут Канфуцыя ў Брэсце

У БрДУ імя А.С.Пушкіна адкрыўся Інстытут Канфуцыя. Ён размясціўся ў галоўным корпусе ўніверсітэта на базе цэнтра вывучэння Кітая.

Інстытут агульнай плошчай больш за 400 м2 уключае 4 вучэбныя аўдыторыі рознай напаўняльнасці, лінгафонны кабінет, абсталяваны па міжнародных стандартах, для правядзення сертыфікаванага экзамену па кітайскай мове, канферэнц-залу на 60 чалавек і выкладчыцкую з бібліятэкай і рэсурсным цэнтрам, дзе налічваецца каля 1,5 тысячы вучэбных, метадычных і мастацкіх выданняў.

— Летась БрДУ падпісаў дамову з Аньхойскім універсітэтам і штаб-кватэрай інстытутаў Канфуцыя аб стварэнні ў Брэсце аднаго з іх, — расказала ды­рэктар інстытута з беларускага боку Ан­жэла Саідзі. — У снежні мінулага года да нас прыехалі дырэктар інстытута з кітайскага боку Дзін Шывень, выкладчык Чэн Чунь Ся і два валанцёры. Тады ж былі набраны першыя групы навучэнцаў з ліку студэнтаў. Нядаўна яны здалі выпускны экзамен па пачатковым курсе кітайскай мовы. Праект фінансуецца з двух бакоў.

Дзякуючы інстытуту Канфуцыя, у брэстаўчан пашырацца магчымасці для вывучэння кітайскай мовы. Акрамя студэнтаў, тут будуць вучыцца дашкольнікі, школьнікі і дарослыя.

Жадаючых спасцігаць іерагліфічнае пісьмо хапае. Сфарміравана некалькі груп. Неўзабаве прыедуць яшчэ 3 кітайскія выкладчыкі.

Інстытут Канфуцыя ў БрДУ імя А.С.Пушкіна стаў пятым па ліку ў Беларусі. Сёння больш як у 160 краінах свету налічваецца каля 550 такіх адукацыйных аб’ектаў і каля 1,2 тысячы класаў, дзе кітайскую мову вывучаюць звыш 2 мільёнаў чалавек.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.