Вытворчасць у краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) больш як 1,7 тысячы тавараў будзе садзейнічаць развіццю кааперацыйных ланцужкоў і стварэнню сумесных прадпрыемстваў. Аб гэтым заявіў член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі, прадстаўляючы на пасяджэнні калегіі даклад аб маніторынгу рынку прамысловай прадукцыі, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.
Як адзначыў міністр, у час работы было прааналізавана больш за 14,5 тысячы таварных пазіцый. На думку Сяргея Сідорскага, даныя маніторынгу пераканаўча пацвярджаюць, што інтэграцыйныя працэсы ў рамках ЕАЭС аказваюць пазітыўны ўплыў на развіццё прамысловай кааперацыі паміж краінамі саюза.
Міністр адзначыў, што прамысловае супрацоўніцтва краін ЕАЭС, якое значна запаволілася ў 2015 годзе пад уплывам крызісных з’яў у эканоміцы, у 2016 годзе пераадолела крызіс, у выніку чаго адбыўся пераход ад спаду аб’ёмаў кааперацыйных паставак да іх нарошчвання. Паляпшэнне эканамічнай кан’юнктуры і рост кааперацыйнага супрацоўніцтва далі магчымасць большасці галін рэальнага сектара эканомікі павялічыць аб’ёмы вытворчасці.
Пералік больш як з 1,7 тысячы тавараў, вытворчасць якіх мэтазгодна развіваць на тэрыторыі саюза, змешчаны ў аналітычным дакладзе па выніках маніторынгу рынку прамысловай прадукцыі ў рамках ЕАЭС за 2016 год. Сяргей Сідорскі ўпэўнены, што гэта дасць магчымасць сфарміраваць кола прамысловых прадпрыемстваў, зацікаўленых у супрацоўніцтве, і надаць новы імпульс стварэнню кааперацыйных ланцужкоў і сумесных вытворчасцей у ЕАЭС.
Як адзначылі ў прэс-службе, на пасяджэнні зацверджаны вынікі штогадовага маніторынгу і аналізу сістэмаўтваральных прамысловых прадпрыемстваў ЕАЭС за 2017 год. Былі прадстаўлены вынікі вывучэння стану больш як 960 буйных, найбольш значных прамысловых прадпрыемстваў усіх галін апрацоўчай прамысловасці дзяржаў — членаў саюза. Выяўлены каля 60 перашкод на шляху руху прамысловых тавараў на агульным рынку ЕАЭС.