Працэс аптымізацыі і закрыцця ўстаноў спецыяльнай адукацыі пачаўся ў нашай краіне ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя і ішоў побач з развіццём інтэграванага навучання і выхавання. Значная частка дзяцей з АПФР накіроўвалася ў агульнаадукацыйныя школы, што адпаведна зніжала колькасць навучэнцаў у спецыяльных школах і школах-інтэрнатах. Некаторыя з іх закрываліся. Працягваецца гэты працэс і сёння. Ад чаго ж залежыць лёс кожнай канкрэтнай школы? Наколькі аптымальна праводзіцца аптымізацыя? Ці застануцца ў нашай краіне ў будучыні спецыяльныя школы? Аб гэтым нам расказвае начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Міхайлаўна Змушко.
Права выбару за бацькамі
— Сёння ў нашай краіне 99,2 працэнта дзяцей з АПФР ахоплены спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай, — адзначае Антаніна Міхайлаўна. — Больш за 70 працэнтаў дзяцей з АПФР вучацца ў інтэграваных класах (групах) або ў спецыяльных класах (групах) агульнаадукацыйных устаноў. Разам з тым у краіне дзейнічаюць 51 спецыяльная школа і школа-інтэрнат, дзе займаюцца 6,5 тысячы навучэнцаў, і 46 спецыяльных дашкольных устаноў, якія наведваюць 4,5 тысячы дзяцей. Каля 4 тысяч дзяцей навучаюцца ў ЦКРНіР.
Але так было не заўсёды… У 1990—1991 гадах у нашай яшчэ савецкай Беларусі дзейнічалі 104 спецыяльныя школы і школы-інтэрнаты, дзе вучыліся 23,3 тысячы дзяцей, а таксама 50 спецыяльных дашкольных устаноў, якія наведвалі каля 6—7 тысяч дзяцей. Паняцця “інтэграцыя” ў тыя гады ўвогуле не існавала. Толькі трэцяя частка дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці атрымлівала адукацыю, якая адпавядала іх патрэбам. Астатнім такая дапамога па розных прычынах не аказвалася. Адзначу, што дзеці, якія мелі нязначныя парушэнні, вучыліся ў звычайных установах, і іх парушэнні не дыягнаставаліся і не карэкціраваліся (такая з’ява называецца псеўдаінтэграцыяй). Існавала ў той час і катэгорыя “ненавучаемых” дзяцей, якія ўвогуле не атрымлівалі адукацыі, а знаходзіліся дома ці ў дамах-інтэрнатах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сёння ж яны ў большасці сваёй выхоўваюцца ў ЦКРНіР.
У бацькоў зараз існуе права выбару, у якую ўстанову адукацыі аддаваць дзіця. І яны часта не імкнуцца ўладкоўваць дзяцей у школы-інтэрнаты, асабліва ў тыя, што знаходзяцца далёка ад дому. Бацькі знаходзяць магчымасць пакінуць дзіця ў сям’і і накіроўваюць яго ў інтэграваны клас (групу) агульнаадукацыйнай установы побач з домам. Гэта, дарэчы, адна з аб’ектыўных прычын змяншэння колькасці навучэнцаў у спецыяльных установах адукацыі. Прычына зніжэння папулярнасці ў бацькоў спецыяльных школ-інтэрнатаў яшчэ і ў тым, што пражыванне дзяцей у іх трэба фінансаваць. Раней усе навучэнцы гэтых устаноў, незалежна ад таго, ёсць у іх бацькі ці не, знаходзіліся на поўным дзяржаўным забеспячэнні — атрымлівалі ўсё неабходнае, у тым ліку адзенне, прадметы першай неабходнасці, школьныя прылады. Зараз жа бацькі павінны самі клапаціцца аб дзіцяці: адвозіць у інтэрнат, набываць яму ўсё неабходнае. Атрымліваецца, што многім сем’ям больш выгадна вучыць дзіця дома, чым у інтэрнаце.
Плюсы і мінусы інтэграцыі
Для таго, каб бацькі маглі зрабіць правільны выбар на карысць той ці іншай формы навучання сваіх дзяцей, у іх павінна быць інфармацыя аб перспектывах рознага навучання, аб яго плюсах і мінусах.
Нельга сказаць адназначна, што лепш для дзіцяці з АПФР — інтэграцыя або спецыяльная адукацыя. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі і ад спецыфікі парушэнняў. Галоўны плюс інтэграцыі ў тым, што дзіця пры гэтым не адрываецца ад сям’і. Калі побач з ім у інтэграваным класе апынуцца неабходныя яму спецыялісты, у тым ліку настаўнік-дэфектолаг, псіхолаг, цьютар (пры неабходнасці), якія будуць аказваць яму комплексную дапамогу і будуць зацікаўленымі ў выніках сваёй работы, то дзіця, як правіла, дасягае свайго максімуму, які закладзены ў ім прыродай. Калі да таго ж дзіцяці пашанцуе з сябрамі ў класе, якія яго прымуць, зразумеюць і стануць паважаць, значыць, працэс яго інтэграцыі можна лічыць паспяховым.
Але не заўсёды ён бывае ўдалым. Ёсць адзінкавыя выпадкі, калі з інтэграваных класаў праз некалькі гадоў дзеці вяртаюцца ў спецыяльную адукацыю, таму што не змаглі прыстасавацца да звычайнай школы, адчувалі сябе там чужымі. Часцей за ўсё гэта дзеці з парушэннем слыху і з парушэннямі зроку. Часам і разумова адсталыя навучэнцы ў звычайнай школе за некалькі гадоў не могуць навучыцца элементарнаму, напрыклад, чытаць, паколькі ім недастаткова ўдзяляецца ўвагі. У дапаможнай школе ім вучыцца лягчэй.
Далёка не ва ўсіх агульнаадукацыйных установах сёння створаны належныя ўмовы для інтэграцыі і інклюзіі. У школах зараз не хапае амаль 500 настаўнікаў-дэфектолагаў, і ў асноўным менавіта для работы ў інтэграваных класах. Здараецца, што карэкцыйнай работай займаюцца людзі, якія не маюць адпаведнай адукацыі.
Наша спецыяльная школа многім дзецям можа даць больш магчымасцей для атрымання адукацыі і для развіцця ўвогуле. Сведчанне гэтага — добрыя вынікі ўдзелу навучэнцаў спецшкол у прадметных алімпіядах, выступленняў на творчых конкурсах і фестывалях, спартыўных спаборніцтвах. Часта яны нароўні канкурыруюць з дзецьмі, якія вучацца ў агульнаадукацыйных школах, нават перамагаюць іх. Перамогі дзяцей такіх школ — гэта ў асноўным заслуга настаўнікаў, якія іх рыхтуюць, вынік іх самаадданай педагагічнай работы. Паказальная ў гэтых адносінах Шклоўская школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, навучэнцы якой кожны год удзельнічаюць і часам перамагаюць на прадметных алімпіядах.
У апошнія гады сталі больш жорсткімі ўмовы і патрабаванні да прыёму навучэнцаў у спецыяльныя школы. У іх застаюцца дзеці з самымі выражанымі парушэннямі, а астатнія ўключаюцца ў інтэграцыйны працэс. Часцей за ўсё гэта дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення. У краіне засталося толькі 5 школ-інтэрнатаў для навучэнцаў з такімі парушэннямі — у Мінску, Навагрудку, Вілейцы, Петрыкаве і Мсціславе.
Раней дзеці, якія слаба чуюць, але страцілі слых пазней, вучыліся толькі ў спецшколах. Сёння яны — у інтэграцыі. Напрыклад, у 13-ю мінскую школу накіроўвалі пераважна тых, хто слаба чуе, а ў 14-ю — хто зусім страціў слых, там працавалі 1-е і 2-е аддзяленні. Зараз жа ў спецшколах засталося толькі 2-е аддзяленне для самых цяжкіх дзяцей, навучэнцы першага адзялення — у інтэграцыйным працэсе.
Калі, напрыклад, дзіця слаба бачыць, яно накіроўваецца ў інтэграваны клас, калі зусім не бачыць, то ў спецшколу. У краіне дзейнічаюць 6 школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннямі зроку і 10 спецыяльных школ для дзяцей з парушэннем слыху. Спецыялісты не рэкамендуюць дзецям з глыбокімі парушэннямі зроку і слыху інтэграцыю, але ж іншы раз ідуць насустрач пажаданням бацькоў. У нас ёсць некалькі прыкладаў, калі ў агульнаадукацыйнай школе вучацца дзеці, якія зусім не бачаць. Зразумела, што для гэтай катэгорыі дзяцей патрэбны спецыяльныя ўмовы — яны займаюцца па шрыфце Брайля, ім неабходна безбар’ернае асяроддзе.
Цяпер амаль усе дзеці з цяжкасцямі ў навучанні знаходзяцца ва ўмовах інтэграцыі. Засталіся толькі дзве спецшколы такога плана — у Магілёве і ў Брэсцкай вобласці. Затое мы прадастаўляем права адкрыцця класаў для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні ў школах для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, таму што яны займаюцца па агульных праграмах. У інтэграцыі таксама шмат дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю (лёгкай ступені), школ гэтага тыпу ў краіне больш за ўсё — 28.
Ёсць сітуацыі, якія пакуль не прадугледжаны нарматыўнымі прававымі дакументамі. Напрыклад, дзеці з аўтызмам, у якіх захаваны інтэлект (з сіндромам Аспергера) не ўваходзяць у банк даных аб дзецях з АПФР. Ім, як правіла, рэкамендуецца надомнае навучанне па звычайнай праграме. Аднак іх бацькі выказваюць пажаданне, каб для дзяцей існавала камбінаваная форма навучання, якая ёсць толькі ў спецыяльнай адукацыі. Дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату таксама займаюцца па агульнаадукацыйнай праграме, яны з’яўляюцца дзецьмі-інвалідамі, але не з’яўляюцца пры гэтым дзецьмі спецыяльнай адукацыі, хаця маюць патрэбу ў камбінаванай форме навучання. Такія сітуацыі павінны быць прадугледжаны ў заканадаўстве.
Вырашыць лёс школы
— Для таго, каб закрыць школу ці дзіцячы сад, павінна быць важкая прычына, — падкрэслівае Антаніна Міхайлаўна. — Некалькі гадоў назад было рэкамендавана разглядаць пытанне аб мэтазгоднасці закрыцця ўстановы, калі яе напаўняльнасць складае менш за 40 працэнтаў ад запраектаваных магчымасцей. У мінулым годзе ў нашай краіне было закрыта 8 спецыяльных устаноў, а сёлета толькі адна — Капаткевіцкая дапаможная школа-інтэрнат у Гомельскай вобласці, таму што ў ёй засталіся толькі 24 навучэнцы. Тры спецыяльныя дашкольныя ўстановы былі рэарганізаваны ў звычайныя: адна — у Бабруйску і дзве ў Гродзенскай вобласці.
У тых рэгіёнах, дзе сёння праводзіцца мэтанакіраваная палітыка па захаванні спецыяльных школ, падобных пытанняў, як правіла, не ўзнікае. Задача камплектавання такіх устаноў ускладаецца перш за ўсё на іх дырэктараў, якія павінны ствараць перспектывы для развіцця школы ці сада, а таксама на кіраўнікоў аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі. Ад бацькоў таксама шмат што залежыць, у прыватнасці ад іх рашэння аддаваць ці не сваіх дзяцей ва ўстановы спецыяльнай адукацыі. Свае рэкамендацыі па гэтым пытанні даюць бацькам псіхолага-медыка-педагагічныя камісіі раённых і абласных ЦКРНіР.
Адно з пытанняў, якое ўзнікае пасля закрыцця школ, — як быць з будынкамі, у якіх яны размяшчаліся. У сталіцы гэта вырашаецца прасцей. Так, у памяшканні 9-й мінскай школы для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні цяпер размешчана звычайная школа. У рэгіёнах будынкі зачыненых школ з цяжкасцю знаходзяць новых гаспадароў, а часта і зусім не выкарыстоўваюцца. Напрыклад, некалькі гадоў назад у Брэсцкай вобласці была закрыта дапаможная школа-інтэрнат. Яе будынак перадалі Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А.С.Пушкіна. Але пакуль ён не задзейнічаны. Закрытую Капаткевіцкую дапаможную школу-інтэрнат запланавана ў гэтым годзе перадаць у карыстанне бежанцам з Украіны. Азарыцкая школа, што ў Гомельскай вобласці, была закрыта ў пазамінулым годзе. У яе будынку цяпер размяшчаецца некалькі ўстаноў, у тым ліку дом для састарэлых.
На Гомельшчыне застаюцца зараз пяць дапаможных школ — Гарадзецкая, Гомельская, Улуцкая, Бабіцкая і Ельская. Напаўняльнасць іх на належным узроўні. Толькі выклікае занепакоенасць лёс Ельскай дапаможнай школы-інтэрната, дзе ўжо сёння адсутнічаюць пачатковыя класы. У той жа час гэта адзіная школа на поўдні Гомельскай вобласці, якая працуе з асаблівымі дзецьмі, да таго ж з беларускай мовай навучання. На рэканструкцыю гэтай установы ў свой час было выдаткавана шмат грошай. З майго пункту гледжання, яе магчыма ўкамплектаваць належным чынам. Побач з Ельскам вялікі горад Мазыр, дзе пражывае шмат дзяцей з АПФР, недалёка і Калінкавічы, гэты горад таксама мае патрэбу ў спецыяльнай адукацыі.
У Мінскай вобласці сёння дзейнічаюць 4 спецыяльныя дапаможныя школы. Усе яны запоўнены (каля 100 чалавек у кожнай), праблем з камплектаваннем не ўзнікае. Няма сёння такіх праблем і на Магілёўшчыне. Самая вялікая дапаможная спецшкола ў краіне знаходзіцца ў Магілёве, у ёй вучацца 242 дзіцяці. У Асіповічах дзейнічае адзіная ў краіне школа для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, зараз там 74 навучэнцы.
Некалькі гадоў назад Мсціслаўская спецыяльная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху Магілёўскай вобласці была перапрафілявана ў школу для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Дзяцей жа з парушэннем слыху перавялі ў бабруйскую школу, якая мае адпаведны профіль. Сёння гэтыя школы запоўнены добра.
Лёс школ, па вялікім рахунку, залежыць ад таго, наколькі могуць яны дэманстраваць поспехі і дасягненні сваіх вучняў, паказваць, што дзеці дасягнуць яшчэ большага, калі будуць вучыцца ў спецыяльнай школе. Мы заўсёды імкнёмся садзейнічаць у гэтым калектывам устаноў. Мы стварылі Савет кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі і імкнёмся рабіць усё магчымае, каб захаваць сетку спецшкол. У прыватнасці, ажыццявілі эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі рэсурснага цэнтра ў спецшколах, з мэтай, каб спецыялісты цэнтра маглі аказваць метадычную дапамогу дзецям, бацькам і педагогам, якія знаходзяцца ў інтэграцыі. Прызначэнне конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”, які праводзіцца ўпершыню ў гэтым годзе, — адлюстраванне дасягненняў і перспектыў развіцця гэтай галіны.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.