У сувязі з тым, што ў нашай краіне вядзецца распрацоўка “электроннага ўрада”, у Беларусь прыбыла дэлегацыя Паўднёвай Карэі з ліку экспертаў па ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у розныя сферы жыццядзейнасці, у прыватнасці адукацыйнай галіны. У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі вядучых кампаній, кансультанты іх бізнес-груп, менеджары. У мінулую пятніцу госці з Паўднёвай Карэі наведалі Міністэрства адукацыі, дзе адбылася канструктыўная размова аб развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у Беларусі і былі выпрацаваны канкрэтныя крокі далейшага супрацоўніцтва нашай краіны з Паўднёвай Карэяй у гэтай сферы. Прымаў карэйскую дэлегацыю намеснік міністра адукацыі В.А. Будкевіч.
У прэзентацыі напрацовак нашых вучоных і практыкаў у інфармацыйна-камунікацыйнай галіне прынялі ўдзел С.Ю.Міхневіч, намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства адукацыі; Г.А.Артамонаў, галоўны інспектар упраўлення замежных сувязей галіновага міністэрства; Ю.І. Варатніцкі, дырэктар цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ; Л.П.Ганчарык, намеснік дырэктара навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь; У.І.Комік, намеснік дырэктара Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі; А.Е.Лісейчыкаў, начальнік навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі; А.П.Манастырны, рэктар АПА; Б.В.Нікульшын, прарэктар БДУІР.
На пачатку сустрэчы Васіль Антонавіч Будкевіч увёў карэйскіх гасцей у курс спраў па развіцці сістэмы адукацыі Беларусі ў цэлым і непасрэдна падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы інфармацыйных тэхналогій згодна з даручэннямі кіраўніка нашай краіны, у тым ліку па распрацоўцы “электроннага ўрада”. На сённяшні дзень работа галіновага міністэрства ў гэтым кірунку вядзецца планамерна. Падрыхтоўка спецыялістаў на ўзроўні вышэйшай адукацыі для інфармацыйнай галіны ажыццяўляецца па 24 спецыяльнасцях у 19 універсітэтах краіны. Такім чынам, падрыхтоўку ў сферы інфармацыйных тэхналогій сёння атрымліваюць ва ўстановах вышэйшай адукацыі прыкладна 16 тысяч студэнтаў і ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах — 2 тысячы навучэнцаў. Плануецца, што да 2016 года гэтыя лічбы істотна ўзрастуць. Вядучым універсітэтам у гэтым напрамку з’яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вялікую метадычную дапамогу аказвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Каб падтрымліваць якасць падрыхтоўкі на ўзроўні сусветных стандартаў, установы вышэйшай адукацыі праводзяць алімпіяды па праграмаванні, а лепшыя студэнты ўдзельнічаюць у міжнародных алімпіядах. Напрыклад, студэнцкія каманды БДУ і БДУІР сталі прызёрамі чэмпіянату свету па інфарматыцы.
— Па нашых ацэнках, — адзначыў Васіль Антонавіч, — сфера інфармацыйных тэхналогій Беларусі сёння не мае дыфіцыту кадраў. Больш за тое, значная частка нашых спецыялістаў выконвае распрацоўку праграмнага забеспячэння па дагаворах з замежнымі арганізацыямі. Шэраг напрамкаў інфармацыйнага забеспячэння ўскладзена на наша міністэрства. На базе яго нацыянальнага адукацыйнага партала, які звязаны з іншымі рэгіянальнымі рэсурсамі, створана першая чарга адзінага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя. Непасрэдны ўдзел у працэсе інфарматызацыі адукацыі, выпрацоўкі стратэгіі развіцця і ўкаранення інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій у сістэме адукацыі Беларусі прымаюць Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр галіновага міністэрства, Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і шэраг іншых устаноў адукацыі рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню.
Уладзімір Іванавіч Комік азнаёміў карэйскіх гасцей з сітуацыяй, якая складваецца сёння ў Беларусі па развіцці інфармацыйных тэхналогій у адукацыйнай галіне. Развіццё інфарматызацыі адукацыі нашай краіны адбываецца на сістэмнай аснове ў рамках цэлага шэрагу дзяржаўных праграм і носіць эвалюцыйны характар. Для першага этапу гэтага працэсу, які ахопліваў 1990—1997 гады, было характэрна ўвядзенне ў 9-10 класах курса “Асновы інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі”, які быў арыентаваны на развіццё праграмісцкіх навыкаў. З гэтай мэтай у школах былі ўстаноўлены спецыялізаваныя камплекты вучэбнай вылічальнай тэхнікі.
Для другога этапу інфарматызацыі адукацыі, які ахопліваў 1998—2006 гады, характэрна фарміраванне яе базавай тэхнічнай інфраструктуры. У гэты перыяд ажыццяўляўся пераход устаноў адукацыі на IBM-сумяшчальную камп’ютарную тэхніку. Быў зацверджаны і выкананы сацыяльны стандарт па забеспячэнні навучэнцаў персанальнымі камп’ютарамі, згодна з якім кожная агульнаадукацыйная ўстанова мела не менш як адзін камп’ютарны клас, а ў цэлым па краіне на адно рабочае месца, аснашчанае персанальным камп’ютарам, прыходзілася каля 30 навучэнцаў. Інфармацыйныя тэхналогіі ў гэты перыяд пачалі ўкараняцца ў адукацыйны працэс і ў сістэму кіравання адукацыяй. Сетка інтэрнэт стала запатрабаваным інфармацыйным рэсурсам больш чым у палове ўстаноў адукацыі краіны. У 8—11 класах 11-гадовай школы была ўведзена новая праграма базавага курса “Інфарматыка”. У рамках гэтага курса пераходзілі да выкарыстання ўніверсальных праграмных сродкаў. Была арганізавана падрыхтоўка настаўнікаў інфарматыкі і павышэнне кваліфікацыі ўсіх педагогаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Трэці этап інфарматызацыі, які ахоплівае 2007—2013 гады, характарызуецца зместавым напаўненнем створанай інфраструктуры і яе далейшым развіццём.
— Сённяшні перыяд інфарматызацыі, — падкрэсліў Уладзімір Іванавіч, — скіраваны на стварэнне асноў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, дзе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі павінны аказваць значны ўплыў як на ўзаемадзеянне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, так і на змест і спосабы навучання.
Характарызуючы сучаснае становішча інфарматызацыі адукацыі ў нашай краіне, У.І.Комік адзначыў, што сёння ўсе ўстановы адукацыі аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай. У цэлым па краіне ў школах на адно рабочае месца, аснашчанае камп’ютарам, прыходзіцца 17 навучэнцаў. Пастаянна ажыццяўляецца даўкамплектаванне і замена састарэлай камп’ютарнай тэхнікі. Установы адукацыі аснашчаюцца мабільнымі вылічальнымі ўстройствамі, праекцыйным абсталяваннем, інтэрактыўнымі дошкамі. Тэхнічная інфраструктура ўстаноў адукацыі будуецца па прынцыпе лакальных вылічальных сетак. Што тычыцца доступу да інтэрнэту, то яго маюць усе ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 95 працэнтаў агульнаадукацыйных устаноў. Поўнае падключэнне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да шырокапалоснага інтэрнэту плануецца ажыццявіць да 1 верасня 2014 года.
З наступнага года будзе пачаты чацвёрты этап інфарматызацыі ў сферы адукацыі. Для гэтага этапу характэрна ўкараненне мабільнага навучання. На новым этапе інфарматызацыі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, а гэта школьнікі, настаўнікі, бацькі, кіраўнікі сістэмы адукацыі, будуць мець пастаянны доступ да адукацыйных рэсурсаў і сэрвісаў. Для рэалізацыі гэтых планаў патрабуецца выканаць наступныя задачы. У першую чаргу гэта тычыцца фарміравання воблачнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. (Воблачная тэхналогія — гэта ўстойлівая сусветная тэндэнцыя развіцця сродкаў інфарматызацыі.) Такі падыход дазволіць стварыць зручнае асяроддзе доступу да рэсурсаў з разнастайных, у тым ліку мабільных устройстваў, і такім чынам забяспечыць сінхранізацыю дзейнасці карыстальніка.
Другой задачай новага этапу інфарматызацыі з’яўляецца развіццё яе тэхнічнай інфраструктуры. Найперш гэта тычыцца забеспячэння хуткаснага доступу ўсіх устаноў адукацыі да інтэрнэту.
— Трэцяй задачай развіцця інфарматызацыі на перспектыву мы бачым інтэграцыю інфармацыйных сродкаў у адукацыйную дзейнасць, — падкрэсліў Уладзімір Іванавіч. — Для гэтага неабходна распрацаваць гнуткія адукацыйныя праграмы, новыя арганізацыйныя формы заняткаў, стварыць сеткавую навукова-метадычную службу, нарматыўна замацаваць поўную альбо частковую замену друкаваных адукацыйных дакументаў электроннымі аналагамі.
Немалаважнае ў развіцці інфарматызацыі развіццё кадравага патэнцыялу, які будзе забяспечваць гэты працэс. У сферы выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе педагагічныя работнікі павінны валодаць неабходнай кваліфікацыяй, і не толькі функцыянальнай камп’ютарнай граматнасцю на ўзроўні сучасных патрабаванняў, але яны павінны ўмець выбіраць і выкарыстоўваць метады і сродкі дасягнення адукацыйных мэт у мабільным інфармацыйным асяроддзі. Новы віток плануецца ажыццявіць і ў сферы інфарматызацыі сістэмы кіравання адукацыяй. Асновай гэтага стане прадастаўленне інфармацыйных сэрвісаў усім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Аўтаматызацыя кіравання мае на мэце спрашчэнне руцінных адміністрацыйных працэдур у навучальнай установе, якія пакуль яшчэ існуюць у нашых установах. У сістэме адукацыі плануецца ажыццявіць пераход на электронны дакументаабарот. Будуць распрацаваны інфармацыйна-аналітычныя сістэмы, якія б забяспечвалі кіраўнікоў усіх узроўняў поўнай, своечасовай інфармацыяй. Сёння 70 працэнтаў школ маюць аўтаматызаваныя адміністрацыйныя сістэмы, дзе сабраны даныя аб настаўніках, школьніках, аб арганізацыі вучэбнага працэсу.
Калі гаварыць аб камп’ютарных сістэмах менеджменту ва ўніверсітэтах, то некаторыя ўстановы вышэйшай адукацыі распрацоўваюць іх самі, а некаторыя купляюць. Як расказаў Ю.І.Варатніцкі, сёння БДУ з’яўляецца распрацоўшчыкам і паспяхова прадае такія сістэмы на рынку. Сістэма камп’ютарнага менеджменту, які выкарыстоўваецца ва ўніверсітэце, уключае ў сябе базу даных абітурыентаў, студэнтаў, арганізацыю вучэбнага працэсу. Публічныя сэрвісы даступны праз інтэрнэт для студэнтаў, педагогаў, бацькоў, іншыя даступны ва ўнутранай сетцы. Акрамя таго, забяспечаны інфармацыйны абмен з рэспубліканскімі сістэмамі, у тым ліку з адзінай банкаўскай разлікова-інфармацыйнай сістэмай, што дазваляе студэнтам з любога мабільнага ўстройства атрымаць неабходную інфармацыю і аплаціць паслугі. У Міністэрстве адукацыі цяпер ствараецца цэнтралізаваная база даных студэнтаў краіны.
А.Е.Лісейчыкаў расказаў, як ствараецца нацыянальны электронны адукацыйны рэсурс ва ўмовах воблачнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя. Работа вядзецца ў рамках двух дзяржаўных дакументаў – “Стратэгія развіцця інфармацыйнага грамадства Беларусі” і “Нацыянальная праграма паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”, якія прадугледжаны да 2015 года. Да стварэння электроннага прадукту далучаны каля 300 вучоных і спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук, устаноў адукацыі, іншых арганізацый. Пры распрацоўцы кантэнту праводзяцца як фундаментальныя, так і прыкладныя даследаванні, звязаныя з распрацоўкай канкрэтных электронных прадуктаў: вучэбныя модулі, вучэбныя элементы, тэсціруючыя сістэмы, электронныя трэнажоры, дыдактычныя камп’ютарныя гульні. Сам кантэнт афармляецца ў выглядзе модуля па вучэбным прадмеце, у структуру якога ўваходзяць гласарый, табліцы, малюнкі, анімацыйныя сюжэты і іншыя сродкі.
— Мы лічым, што прымяненне такіх тэхналогій дазволіць павысіць самастойную дзейнасць навучэнцаў і тым самым пазбегнуць тэндэнцыі развіцця ў моладзі так званага кліпавага мыслення і павярхоўнага засваення ведаў, — адзначыў А.Е.Лісейчыкаў.
Напрыканцы сустрэчы намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч выказаў спадзяванне, што карэйскія калегі атрымалі змястоўнае ўяўленне аб развіцці інфарматызацыі сістэмы адукацыі ў Беларусі, што паслужыць асновай для далейшага прадукцыйнага і карыснага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі.
Ала КЛЮЙКО.
kliuiko@ng-press.by