Інтэграцыя ў справе гарантавання бяспекі займае асаблівае месца ва ўзаемадзеянні краін

Супрацоўніцтва з Расіяй у ваеннай сферы з’яўляецца адчувальным фактарам стабільнасці і важным элементам стратэгічнага стрымлівання пагроз Арганізацыяй Дагавора аб калектыўнай бяспецы ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. Аб гэтым на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі ў Мінску заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

“Цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі паспяхова ажыццяўляецца ў палітычнай, эканамічнай, ваеннай, навуковай, культурнай і іншых галінах. Аднак інтэграцыя ў справе гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы ў гэтым радзе займае асаблівае месца. Супрацоўніцтва з Расіяй у ваеннай сферы з’яўляецца адчувальным фактарам стабільнасці як для нашых краін, так і важным элементам стратэгічнага стрымлівання пагроз АДКБ ва Усходнееўрапейскім рэгіёне”, — сказаў міністр.

За гады супрацоўніцтва з Расіяй дасягнуты значныя вынікі, таму з упэўненасцю можна канстатаваць умацаванне абароннага патэнцыялу Саюзнай дзяржавы. “У першую чаргу гэта развіццё і ўдасканаленне рэгіянальнай групоўкі войскаў, адпаведнай сучасным геастратэгічным, сацыяльна-палітычным, эканамічным, ваенна-тэхнічным рэаліям. Таксама гэта задачы па захаванні ваеннай бяспекі краін — удзельніц саюза, — адзначыў Андрэй Раўкоў. — Хачу падкрэсліць наяўнасць адзінай ацэнкі выклікаў і пагроз. Мы ўдасканальваем і аб’яднаныя ваенныя сістэмы, якія правяраюцца на сумесных мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі”.

Закрануў міністр тэму супрацоўніцтва з Расіяй у ваенна-тэхнічнай галіне. “Працягваецца развіццё і паглыбленне вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі нашых прадпрыемстваў у галіне распрацоўкі і вытворчасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Расія з’яўляецца нашым асноўным партнёрам у пастаўках прадукцыі ваеннага прызначэння, а таксама ў рамонце і мадэрнізацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі”, — падкрэсліў ён.

Паспяхова рэалізуецца супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі ваенных кадраў. Цяпер у інтарэсах беларускай арміі ў Расіі навучаюцца больш за 450 спецыялістаў. “Існуе нямала і іншых сфер ваеннага супрацоўніцтва, дзе мы дасягнулі значных вынікаў. Гэта дае магчымасць на працягу многіх гадоў характарызаваць узаемадзеянне нашых абаронных ведамстваў як дынамічнае і эфектыўнае”, — рэзюмаваў міністр.