Інтэграваная бібліятэка ў сельскай школе

- 11:57Навіны рэгіёнаў

Ролю школьнай бібліятэкі ў развіцці чытання і інфармацыйнай культуры навучэнцаў абмеркавалі на абласным семінары-практыкуме, месцам правядзення якога стаў Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці.

Метадыстам і кіраўнікам раённых метадычных аб’яднанняў, бібліятэкарам, настаўнікам і кіраўнікам навучальных устаноў вобласці прадставілі новыя напрамкі работы ва ўмовах мадэрнізацыі адукацыі з дапамогай трансляцыі вопыту работы бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Свіслацкага раёна.
Удзельнікаў семінара з адукацыйнай прасторай Свіслацкага раёна пазнаёміла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Буяк, аб рабоце школьных бібліятэк паведаміла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марта Міхальчык. У гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага і Дабравольскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе назапашаны вопыт эфектыўнага кіравання ўстановай адукацыі праз выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у кіраўніцкай дзейнасці і адукацыйным працэсе.
Як развіццё інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўплывае на развіццё асобы навучэнцаў, расказала дырэктар гімназіі № 1 імя К.Каліноўскага Святлана Гірэй. У гэтай навучальнай установе вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню інфармацыйнай культуры навучэнцаў, створаны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, з дзейнасцю якога азнаёміла бібліятэкар Алена Якута. Алена Анатольеўна таксама расказала аб сумеснай рабоце бібліятэкі і настаўніка-прадметніка па фарміраванні ў навучэнцаў эмацыянальна-асобаснай значнасці чытання на прыкладзе вечарыны творчага партрэта Максіма Багдановіча.
Другая частка семінара адбылася ў інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Дабраволя. Такая арганізацыя работы — новы напрамак дзейнасці школьных бібліятэк. Удзельнікам семінара быў прадстаўлены відэафільм “Ад зін дзень з жыцця бібліятэкара”. З асаблівасцямі дзейнасці інтэграванай бібліятэкі ва ўмовах аграгарадка пазнаёмілі супрацоўнікі Дабравольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Удзельнікі семінара пабывалі таксама ў школьным музеі лесу і даведаліся аб даследчыцкай краязнаўчай рабоце школьнай бібліятэкі ў супрацоўніцтве са школьным музеем.
Азнаёміліся госці і з кабінетам духоўна-маральнага выхавання, які адкрыты ў межах інавацыйнай пляцоўкі па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў 8—9 класаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”, дзе была прадстаўлена выстава “Дзіцячая сусветная класіка аб маральных нормах паводзін”. Удзельнікі семінара разам з бацькамі навучэнцаў мелі магчымасць прыняць удзел у ток-шоу “Сямейнае чытанне: традыцыя, якая сыходзіць, або вечная каштоўнасць?”
Цікавую выставу “Кнігі сыходзячых стагоддзяў” прадставіў Аляксандр Пясецкі, кіраўнік музея адукацыі на Свіслаччыне.
Гарачыя апладысменты ўдзельнікаў семінара выклікала паведамленне навучэнкі 9 класа Вердаміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Наталлі Скібіцкай пра бібліятэчныя ўрокі прафарыентацыі “Моладзь і бібліятэчная справа”, у выніку якіх дзяўчына вырашыла абраць для сябе прафесію бібліятэкара.

Любоў БІРУКОВА,
метадыст аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы
Гродзенскага 
абласнога інстытута развіцця адукацыі.