Інтэлект становіцца больш каштоўным, чым рэсурсы

Шосты Усебеларускі народны сход стаў значнай падзеяй для прадстаўнікоў сістэмы адукацыі нашай краіны. На ім былі агучаны перспектывы развіцця адукацыі, яе асноўныя задачы і праблемы. Сваімі ўражаннямі дзеляцца дэлегаты сходу.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, старшыня рэспубліканскага савета рэктараў Вадзім БОГУШ:

— Выступленне прэзідэнта было вельмі сістэмным. У ім былі закрануты ўсе сферы дзейнасці нашай краіны. Гаворка ішла не толькі пра эканоміку, грамадска-палітычную сітуацыю, але і пра сацыяльную сферу, якой была ўдзе­лена вялікая ўвага.

Шмат гаварылася пра сістэму адукацыі, якая з’яўляецца драйверам развіцця нашай краіны. Кадравы патэнцыял, яго значнасць заўсёды былі актуальныя, тым больш цяпер, калі эканоміка — гэта, па-сутнасці, эканоміка ведаў. Інтэлект становіцца больш каштоўным, чым рэсурсы.

Радуе, што многія навацыі, якія цяпер укараняюцца ў практыку, падтрымліваюцца прэзідэнтам у якасці развіцця напрамкаў сістэмы адукацыі. Найперш гэта дыстанцыйнае навучанне, дзе за апошні год назапашаны каласальны вопыт прымянення рознага кшталту дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, форм арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Вельмі важнымі для вышэйшай школы з’яўляюцца падтрымка навуковых даследаванняў і развіццё кадравага патэнцыялу праз прырост новых ведаў, новых даследаванняў.

Падымаліся пытанні, звязаныя з удасканаленнем, развіццём метадаў работы з моладдзю, што таксама вельмі актуальна. Не менш важнымі з’яўляюцца і пытанні, звязаныя з удасканаленнем уступнай кампаніі.

У парламенце пачалося абмеркаванне новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. У сувязі з гэтым можна меркаваць, што ў хуткім часе многія адукацыйныя пытанні будуць замацаваны заканадаўчымі актамі і адпаведнымі дакументамі, што дапаможа будаваць новую траекторыю развіцця сістэмы адукацыі.

Вольга БАРЫСЕВІЧ.