Інтэлектуальная гульня ў новым фармаце

- 16:51Адукацыйная прастора

“Адкажам жыццю “так!” — пад такім дэвізам прайшла серыя гульняў інтэлектуальных спаборніцтваў “Quiz-раён-2018”. У іх прынялі ўдзел 23 каманды з усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.

— Гульня Quiz Mobile — гэта новы фармат камандных інтэлектуальных гульняў, галоўным адрозненнем якога з’яўляецца прымяненне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 15 Гродна Аляксандр Зіновіч. — Нароўні з захаваннем класічнай формы інтэлектуальнай гульні і жывых зносін з удзельнікамі, значная частка гульні праходзіць з выкарыстаннем мабільных прылад, што дазваляе зрабіць гульню больш дынамічнай, а галоўнае — займальнай і цікавай для сучаснай моладзі. Падтрымку ў правядзенні “Quiz-раён-2018” нам аказваюць аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Ідэя такой гульні нарадзілася ў супрацоўнікаў сярэдняй школы № 15 Гродна. Спецыяльна для гэтага інжынер-праграміст Аляксей Асімовіч распрацаваў праграмнае забеспячэнне для кіравання гульнёй і мабільны дадатак для ўдзельнікаў, якія дазваляюць камандам па бесправадной сетцы Wi-Fi даваць свае адказы, выкарыстоўваючы смартфон, а членам журы ў рэжыме рэальнага часу ацэньваць гэтыя адказы. Заданні для гульняў распрацавала педагог сацыяльны Вераніка Якусік. Менавіта ў 15-й школе і праходзяць гульні.

Па выніках фінальнай гульні перамогу атрымала каманда сярэдняй школы № 26, другое месца падзялілі каманды гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага і сярэдняй школы № 38. Таксама ў фінале згулялі каманды сярэдніх школ №№ 6, 15, 20 і 37.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.