Інтэлектуальны адпачынак для піянераў

У гэтым навучальным годзе піянерам нашай краіны ўпершыню прапанавалі “Піянерскі квіз”. Яны паспрабавалі, пагулялі і вельмі ўпадабалі гэтае мерапрыемства. На Міншчыне прайшоў фінал абласнога этапу згаданай рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні.

“Піянерскі квіз” — гэта цікавы фармат, які прадугледжвае інтэлектуальны адпачынак. Аб’яднаўшыся ў каманды, хлопцы і дзяўчаты адказваюць на пытанні віктарыны. Пры гэтым на мерапрыемстве ствараецца атмасфера свята, спрыяльная для ўзаемадзеяння і зносін.

— Новы фармат мерапрыемства  — гэта магчымасць крочыць у нагу з часам, улічваючы мэты і задачы нашай арганізацыі. Сярод гэтых задач — інтэлектуальнае развіццё піянераў і ўдасканаленне ўмення працаваць у камандзе, і абедзве гэтыя задачы ненадакучліва дапамагае вырашаць “Піянерскі квіз”, — лічыць в.а. старшыні Мінскага абласнога Савета БРПА Юлія Сяргееўна Мароз.

У квіз гулялі ў кожнай дружыне, потым лепшыя каманды сустрэліся на раённых спаборніцтвах, а іх пераможцы прыехалі для ўдзелу ў абласным фінале ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Кожны раён і горад Жодзіна прадстаўляла каманда, у склад якой увайшлі 6 піянераў ва ўзросце ад 13 да 15 гадоў.  

Тэмы для пытанняў былі разнастайныя: беларуская музыка, мова і дзяржава, піянерскае жыццё, мастацтва, гісторыя і героі Вялікай Айчын­най вайны. Пытанні суправаджаліся аўдыя- і відэа­фрагментамі, фотаздымкамі і малюнкамі, што ажывіла гульню. Ацэньвала адказы журы, у склад якога ўвайшлі педагогі, а таксама прадстаўнікі дзіцячай палаты Мінскага абласнога Савета БРПА. 6 тураў па 6 пытанняў вызначылі пераможцаў. На першых двух прыступках п’едэстала гонару размясціліся каманды “Новае пакаленне” з Пухавіцкага раёна і “Паддонная лодка” з Чэрвеньскага раёна. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой каманды “Лідар” з Лагойскага раёна і “Крышталь” з Салігорскага. На рэспубліканскім этапе вобласць могуць прадстаўляць толькі тры каманды, і каму дастанецца гэтае права, удзельнікі гульні вырашалі ў дадатковым “Рызык-туры”. Наймацнейшымі ў ім сталі салігарчане.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.