Інтэлектуальны марафон для фізікаў

- 16:57Адукацыйная прастора
44-я міжнародная алімпіяда па фізіцы (IPhO) праходзіла сёлета ў Капенгагене (Данія) на базе Дацкага тэхналагічнага ўніверсітэта. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з 83 краін. Беларускія школьнікі прывезлі тры сярэбраныя медалі і два бронзавыя.

“Каманда беларускіх школьнікаў, якую планавалася адправіць на міжнародныя спаборніцтвы, была сфарміравана яшчэ ў красавіку, таму ў нас было дастаткова часу, каб падрыхтавацца, — гаворыць навуковы кіраўнік каманды загадчык кафедры камп’ютарнага мадэлявання фізічнага факультэта БДУ Анатоль Іванавіч Слабадзянюк. — Разам са мной за арганізацыю і правядзенне вучэбных збораў адказваў навуковы супрацоўнік Інстытута цепла- і масаабмену НАН Беларусі выкладчык Ліцэя БДУ Антон Мішчук, дапамагалі нам студэнты фізічнага факультэта ўніверсітэта, пераможцы міжнародных алімпіяд мінулых гадоў. Вучэбныя зборы праходзілі ў тры этапы. Асаблівасць нашага ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе заключалася ў тым, што ў каманду трапілі толькі адзінаццацікласнікі”.
На сёлетніх спаборніцтвах сярэбраныя медалі атрымалі навучэнцы Ліцэя БДУ Іван Міцькавец, гімназіі № 3 Гродна Аляксандр Ганчарук і сярэдняй школы № 2 Камянца Максім Ліцкевіч. Бронзавыя медалі прывезлі навучэнец Ліцэя БДУ Аляксей Дудук і навучэнец 11 класа гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Полацка Джэймс Аквух. Дарэчы, не так даўно Джэймс Аквух заняў другое месца на конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці і атрымаў спецыяльны прыз ад распрацоўшчыкаў камп’ютарнай гульні “Свет танкаў”.
Алімпіядныя заданні ў гэтым годзе былі не вельмі складанымі, але вельмі аб’ёмнымі. Таму асноўнай прычынай, якая перашкодзіла выступіць лепш многім школьнікам, быў недахоп часу, прытым што на тэарэтычны тур адводзілася 5 гадзін і столькі ж часу на эксперыментальны. Алімпіяднікі рашалі тры тэарэтычныя задачы. Першая задача была прысвечана метэарыту, які ўпаў у Даніі (трэба было разлічыць хуткасць і траекторыю яго палёту і іншыя параметры), другая тычылася паглынання святла растворамі наначасціц, а трэцяя — фізічных уласцівасцей ледавіка ў Грэнландыі. Даволі простымі былі эксперыментальныя заданні. У першым трэба было даследаваць аптычнае валакно, а ў другім — пры дапамозе аптычных прыбораў даследаваць сонечны элемент, вымераць інтэнсіўнасць святла і іншыя характарыстыкі. Абсталяванне нашым навучэнцам было добра знаёма. Толькі адзін прыбор не трапляў у рукі хлопцам — гэта ручны лазерны дальнамер. Але яны хутка разабраліся з гэтай нескладанай прыладай.
Абсалютнае першае месца на алімпіядзе заняў юнак з Венгрыі Аціла Цабо, які, дарэчы, і ў мінулым годзе быў абсалютным пераможцам. У неафіцыйным камандным заліку ў лідарах Кітай. Сярод краін СНД лепшымі былі выступленні школьнікаў Расіі, Казахстана, Беларусі і Украіны.
Паездка ў Данію запомнілася школьнікам экскурсіямі па Капенгагене і музеях, сярод якіх — музей “Эксперыментарыум”. Экспазіцыя музея звязана са светам прыроды, з тэхнікай. Наведвальнікі пазнаёміліся з разнастайнымі прыборамі, прынялі ўдзел у захапляльных эксперыментах. Усіх уразіў таксама музей сучаснага мастацтва “Луізіяна”, палац Кронбарг (знакаміты гамлетаўскі замак Эльсінор), запомніліся прагулкі на лодках уздоўж гарадскіх водных каналаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.