Інтэлектуальны марафон завершаны

- 12:40Адукацыйная прастора

Пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі і хіміі вызначаны ў Віцебску.

У складзе каманд абласцей, Мінска і Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў паўночную сталіцу прыбыло больш за 230 удзельнікаў. На працягу пяці дзён юнакі і дзяўчаты дэманстравалі журы трывалыя тэарэтычныя веды і ўменне прымяняць іх на практыцы, кемлівасць і волю да перамогі. І, канечне ж, з радасцю сустракаліся з даўнімі сябрамі і заводзілі новыя знаёмствы, вывучалі гісторыка-культурныя помнікі абласнога цэнтра. Тэарэтычныя туры алімпіяды праходзілі на базе філіяла Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж” і Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, а эксперыментальныя па традыцыі прымалі ўстановы вышэйшай адукацыі: тур па біялогіі праводзіўся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава, па хіміі — у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.
— У мінулы раз Віцебская вобласць прымала алімпіяду па хіміі і біялогіі 14 гадоў назад. З поўным на тое правам можна сказаць, што цяперашняя падзея была сур’ёзным іспытам не толькі для ўдзельнікаў, але і для нас, арганізатараў, — адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — І канстатаваць: вытрыманы гэты іспыт дастойна.
Заслужаным трыумфам завяршыўся ён для лепшых з лепшых. Дыпломамі І ступені па біялогіі адзначаны Дар’я Ліпневіч (гімназія № 6 Гродна), Ганна Галькевіч (гімназія № 12 Мінска), Марыя Моладава (гімназія № 19 Мінска), Станіслаў Сосік (гімназія № 1 Брэста), Ульяна Ліленка (гімназія № 1 Віцебска), Людміла Гошава (гімназія № 1 Слуцка), а таксама пяцёра навучэнцаў Ліцэя БДУ — Дзяніс Яроцкі, Альберт Вайшэвіч, Паліна Трус, Дзяніс Пасанен і Дзмітрый Патурэмскі. Найлепшыя вынікі па хіміі атрымалі Таццяна Лазарэвіч (Гродзенская гарадская гімназія), Кірыл Вярбіла (гімназія № 1 Ваўкавыска), Аляксей Харлап (гімназія № 2 Бабруйска), Ганна Клімковіч (гімназія № 1 Віцебска), Арцём Ціханаў (сярэдняя школа № 40 Віцебска), Раман Ларковіч і Дзмітрый Баброў (абодва з Ліцэя БДУ), Андрэй Куляшоў (Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1), Уладзіслаў Сторчак (гімназія № 29 Мінска) і Кацярына Рагойжа (сярэдняя школа № 127 Мінска).
Спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны Іван Майсеенка (хімія, Патапаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці) і Вікторыя Цэдрык (біялогія, Любушанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці). Абедзве залатыя ладдзі — пераходзячыя прызы за лепшы камандны вынік па хіміі і біялогіі — адправіліся ў Мінск.
На ўрачыстай цырымоніі закрыцця алімпіяды яе ўдзельнікаў, пераможцаў і прызёраў павіншаваў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды:
— Мы верым, што менавіта вы — таленавітыя, працавітыя, добрасумленныя — станеце нашай будучыняй, будзеце развіваць нашу Радзіму. Мы ганарымся вамі.
Ад імя міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіла Жураўкова Сяргей Валянцінавіч перадаў самыя цёплыя прывітанні, добрыя пажаданні і велізарную ўдзячнасць арганізатарам і журы алімпіяды, бацькам удзельнікаў.
Падзяку Саюзнай дзяржавы за асабісты ўклад у развіццё інтэграцыйных працэсаў паміж Беларуссю і Расіяй у сферы адукацыі і навукі і ў сувязі з 15-годдзем падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Сяргей Руды ўручыў начальніку ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Івану Шчурку.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.