Інтэлектуальны марафон

- 12:47Адукацыйная прастора

Першы вучэбны дзень трэцяй чвэрці даў старт трэцяму (абласному) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У традыцыйных інтэлектуальных спаборніцтвах бяруць удзел тысячы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Як вядома, першы алімпіядны тур праходзіць на ўзроўні навучальных устаноў. Звычайна гэта адбываецца ў кастрычніку. Затым праходзіў другі этап (раённы, гарадскі), які быў завершаны 1 снежня 2014 года. І вось стартаваў абласны этап правядзення рэспубліканскай алімпіяды.
Нагадаем, што алімпіяды пройдуць па 16 прадметах: матэматыка, працоўнае навучанне, нямецкая, англійская, іспанская і французская мовы, інфарматыка, руская мова і літаратура, хімія, астраномія, грамадазнаўства, фізіка, біялогія, беларуская мова і літаратура, геаграфія, гісторыя. Сёлета да гэтага пераліку дабавілася яшчэ кітайская мова.
Калі гаварыць пра геаграфію правядзення трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, то яна, натуральна, ахоплівае абласныя цэнтры (Віцебск, Гродна, Гомель, Магілёў, Брэст), сталіцу, а таксама шэраг іншых гарадоў краіны.
Як адзначаюць арганізатары, стварэнне неабходных умоў для размяшчэння іншагародніх удзельнікаў алімпіяды, кіраўнікоў каманд, членаў журы, арганізацыя харчавання, транспартнае, медыцынскае і культурнае абслугоўванне ўдзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды, распрацоўка і правядзенне ўрачыстых мерапрыемстваў адкрыцця і закрыцця алімпіяды, лабараторнае, камп’ютарнае і іншае абсталяванне будуць забяспечаны ў поўнай меры.
У канцы гэтага тыдня, 17 студзеня, завершыцца трэці этап рэспубліканскай алімпіяды і стануць вядомы імёны тых, хто зможа прадставіць свой рэгіён на рэспубліцы. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пройдзе з 23 па 27 сакавіка 2015 года.
У Брэсце збяруцца лепшыя знаўцы геаграфіі, а ў Кобрыне Брэсцкай вобласці стануць вядомы імёны лепшых майстроў і майстрых — тут пройдзе Рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні. У Мінску стануць вядомы лепшыя знаўцы беларускай мовы і літаратуры. Мазыр будзе прымаць юных рускіх філолагаў, у Віцебску стануць вядомы пераможцы алімпіяд па біялогіі, хіміі, у Полацку вызначаць лепшых гісторыкаў і знаўцаў грамадазнаўства. У Гомелі будуць вырашаць, хто першы ў краіне па замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай). А ў Магілёве пройдуць спаборніцтвы па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, інфарматыцы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.