Інтэлектуальны турнір імя Барыса Кіта

- 16:19Нам пішуць

21 красавіка адбыўся інтэлектуальны турнір імя Барыса Кіта на пераходны кубак клуба “Наваградскія волаты”. Знакаміты фізік у галіне касманаўтыкі Барыс Кіт заўсёды падтрымліваў сувязь са сваёй малой радзімай — Навагрудчынай. Ён лічыў, што кожны павінен быць адукаваны і мець магчымасць развіваць інтэлектуальныя здольнасці. Менавіта таму Навагрудскі інтэлектуальны турнір носіць ганаровае імя гэтага слыннага вучонага ўжо 19 гадоў. На жаль, 1 лютага на 108-м годзе жыццёвы шлях вялікага вучонага скончыўся. Яго жыццё і пастаяннае імкненне да новых ведаў — узор для юных навагрудчан.

Традыцыйна інтэлектуальны турнір імя Барыса Кіта — заключная гульня сезона, калі выяўляюцца наймацнейшыя школьныя каманды па інтэлектуальных спаборніцтвах у раёне. Сёлета ў турніры ўзялі ўдзел 19 каманд са школ Навагрудскага раёна ў трох узроставых катэгорыях. Гульня прайшла ў два этапы: “Свая гульня” на 10 тэм і 24 пытанні “Што? Дзе? Калі?”.

Сярод малодшых ювеналаў у агульнакамандным заліку (5—7 класы) самымі разумнымі аказаліся гульцы з каманды “Экватар” (гімназія № 1, трэнер Л.В.Прахарэвіч). Сярод старэйшых ювеналаў (8—9 класы) лепш за ўсіх паказала сябе “Арол і рэшка” (ЦТДіМ/гімназія № 1, трэнер І.А.Кветка). Перамога ў ювеналаў (10—11 класы) была за камандай “Пазітыў” (СШ № 4, трэнер Л.А.Бузук). Яе капітан Іван Ходар атрымаў ганаровую магчымасць прымераць мантыю самога Барыса Кіта.

Кацярына СЕМЯРНІК,
метадыст Навагрудскага ЦТДіМ.