Інтэлектуальныя канікулы

28 чэрвеня самыя эрудзіраваныя маладзёжныя каманды сабраліся ў Іўеўскім цэнтры культуры і адпачынку на раённы турнір па брэйн-рынгу, арганізаваны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама і Іўеўскім раённым камітэтам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Удзел прынялі каманды “Культурыст” (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі), “Сіндыкат” (зборная каманда Іўя) і “Кранон” (гімназія № 1 Іўя). Апошняя складалася з дзевяцікласнікаў, якія рэгулярна наведваюць заняткі інтэлектуальнага клуба “Кранон”, што дзейнічае ў гімназіі пры падтрымцы Іўеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Выхаванцы клуба ўжо сталі пераможцамі раённага турніру “Што? Дзе? Калі?” сярод каманд устаноў адукацыі.

Гульня атрымалася вельмі напружанай. Спачатку гімназісты выйгралі ў каманды “Культурыст”. Удзельнікі далі няправільныя адказы, таму кошт наступнага пытання вырас да 3 балаў — і “Кранон” яго адолеў. Спроба “культурыстаў” пераламіць ход гульні поспеху не мела.

Калі ў турнір уступіла каманда “Сіндыкат”, ішло змаганне за кожны бал. 2:0, і адразу 3:2 — перацягвалі першынство ўдзельнікі. Але “Кранон” не давёў лік да пераможнага канца і саступіў 5:3.
У выніку ва ўсіх каманд аказалася роўная колькасць перамог, таму быў абвешчаны другі тур.

У ім “Кранон” і “Культурыст” ішлі ўпоравень да самага апошняга пытання. З лікам 5:4 перамаглі “культурысты”. А пасля гімназістаў адолела і зборная “Сіндыкат”. Каманда “Кранон” заняла трэцяе месца. Яе ўдзельнікі — Яўген Ярохін, Аляксандр Клямята, Мікіта Калеснікаў, Ілья Макуцевіч, Міхаіл Міхноўскі і капітан Юлія Ільіна — атрымалі граматы і прызы.

А.У.ВАЎЧОК,
педагог дадатковай адукацыі
Іўеўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.