Інтэлігенцыі адводзіцца асаблівая роля ў развіцці вёскі

- 10:12Інфармацыйная гадзіна

Самаарганізацыя вяскоўцаў і іх прапановы заканадаўцам ствараюць сучасную вёску. Аб гэтым заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, адкрываючы пленарнае пасяджэнне форуму “Роля інтэлігенцыі ў развіцці сацыяльнай сферы вёскі” ў Савеце Рэспублікі.

“Інтэлігенцыі адводзіцца асаблівая роля ў развіцці вёскі. Настаўнікі і ўрачы, ветэрынары і аграномы, работнікі культуры і прадстаўнікі іншых прафесій, якія працуюць у сельскай мясцовасці, — адзіная каманда. Ад іх стаўлення да працы, паводзін, актыўнасці залежыць сацыяльная атмасфера ў вёсцы. Патрэбна і самаарганізацыя, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Ёсць задачы, якія патрабуюць сумеснай карпатлівай работы. Нам усім разам трэба стварыць такія ўмовы, каб перавагі сельскага жыцця сталі відавочнымі”.

Вясковыя жыхары не павінны адчуваць няхваткі якіх-небудзь паслуг, сацыяльных даброт, якія ёсць у гараджан. Усе тэрыторыі павінны развівацца раўнамерна. У гэтым пытанні, падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі, афіцыйная пазіцыя кіраўніцтва дзяржавы адназначная. “Асабіста мяне вельмі хвалююць пытанні адтоку спецыялістаў з вёскі, у тым ліку не занятых у сельгасвытворчасці. Што, на ваш погляд, трэба было б зрабіць дадаткова? Я бачу недахопы ў сферы паслуг. Гандлёвых, камунальных і іншых. Спецыялісты розных прафесій выказваюць нараканне на адсутнасць выхадных дзён”, — агучыў спектр праблемных пытанняў Міхаіл Мясніковіч. Асобнай тэмай ён вылучыў развіццё прыгарадных вёсак і аграгарадкоў, куды пераязджаюць на пастаяннае месца жыхарства пенсіянеры, а таксама людзі, не звязаныя працоўнымі адносінамі з мясцовымі прадпрыемствамі. Неабходна актывізаваць іх удзел у грамадскім сельскім жыцці. “Але галоўнае, што мяняецца маральна-псіхалагічная абстаноўка. Няхай гэта не матэрыяльная, але, згадзіцеся, важная катэгорыя. Мясцовыя ўлады павінны ўлічваць гэта ў сваёй рабоце, не лічыць гэта дробяззю”, — заўважыў Міхаіл Мясніковіч.

Ён адзначыў актуальнасць тэмы форуму, які стане першай, але вельмі карыснай для парламенцкай дзейнасці спробай канкрэтызаваць ролі і задачы інтэлігенцыі ў развіцці вёскі. “Члены Савета Рэспублікі будуць улічваць у заканатворчым працэсе вашы ідэі і прапановы, — запэўніў удзельнікаў форуму Міхаіл Мясніковіч. — Сучаснаму грамадству для развіцця патрэбны сучасныя сігналы, актуальны парадак дня. Каб замацаваць лепшае, напрацаванае папярэднімі пакаленнямі, ініцыіраваць і ў законах замацаваць новыя разумныя і эфектыўныя напрамкі развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці”.

Форум “Роля інтэлігенцыі ў развіцці сацыяльнай сферы вёскі” сабраў членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў розных узроўняў, кіраўніцтва рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадстаўнікоў сельскай інтэлігенцыі, сельгасарганізацый і іншых устаноў з розных куткоў краіны.