Інтэрактыўнае навучанне з ІКТ

На базе сталічнай гімназіі № 22 Мінска прайшоў гарадскі семінар “Выкарыстанне інтэрактыўных інфармацыйных тэхналогій на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі як адзін са спосабаў павышэння матывацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу”. Мерапрыемства было арганізавана Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі для настаўнікаў пачатковых класаў горада.

Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства адной з эфектыўных тэхналогій з’яўляецца інтэрактыўнае навучанне з выкарыстаннем ІКТ, якое накіравана на фарміраванне актыўнай, дзейснай, творчай, канкурэнтаздольнай асобы. Інтэрактыўныя тэхналогіі — гэта не проста працэс узаемадзеяння настаўніка і навучэнца, гэта новая ступень арганізацыі вучэбнага працэсу, неад’емным элементам якога выступае спецыяльнае абсталяванне: інтэрактыўныя дошкі, прыстаўкі, праектары, дакумент-камеры і г.д. Роля настаўніка, які выкарыстоўвае інтэрактыўныя тэхналогіі, зводзіцца не столькі да простага выкладання матэрыялу, колькі да ўмення накіраваць пазнавальныя здольнасці навучэнцаў у патрэбнае рэчышча. Навучэнец атрымлівае веды не ў выглядзе гатовай сістэмы, а ў працэсе ўласнай актыўнасці.

Зусім невыпадкова месцам правядзення семінара была абрана гімназія № 22: яе педагогі актыўна выкарыстоўваюць інтэрактыўныя інфармацыйныя тэхналогіі. Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Валянціны Мікалаеўны Саковіч, якая адкрыла семінар і прадставіла прысутным адукацыйную прастору ўстановы, укараненне інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў у вучэбны працэс непарыўна звязана з аснашчэннем гімназіі сучаснай камп’ютарнай тэхнікай. Вучэбныя кабінеты пачатковых класаў пры гімназіі маюць камп’ютары або ноўтбукі. У распараджэнні педагогаў ёсць інтэрактыўная дошка, дакумент-камера, унутраная лакальная сетка, падключэнне да інтэрнэту. Усё гэта дазваляе павялічыць магчымасці выбару сродкаў, форм і тэм на вывучэнне пэўнага матэрыялу, павысіць цікаўнасць навучэнцаў да вучэбных прадметаў, дэманстраваць і мадэляваць доследы, якія немагчыма назіраць у рэжыме рэальнага часу.
Валянціна Мікалаеўна адзначыла імкненне настаўнікаў-пачаткоўцаў гімназіі авалодаць майстэрствам выкарыстання інтэрактыўных сродкаў навучання. Два педагогі здалі экзамены і атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій у адукацыі ў катэгорыі “Вучэбна-выхаваўчая работа” і “Адміністрацыйная работа”. 9 педагогаў маюць пасведчанні аб праходжанні курсаў па праектаванні і распрацоўцы электронных вучэбных матэрыялаў, арыентаваных на прафесійную дзейнасць.
Настаўнікі гімназіі падзяліліся з удзельнікамі семінара практычным вопытам па выкарыстанні інтэрактыўных інфармацыйных тэхналогій. Якім чынам прымяняецца AVerMedia дакумент-камера і інтэрактыўная дошка на розных этапах урока матэматыкі ў 2 класе, прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Мая Іванаўна Якіменка.

Дакумент-камера прызначана для перадачы выявы на манітор, інтэрактыўную дошку ці на экран. Яе выкарыстанне апраўдана, калі настаўніку неабходна аператыўна данесці да ўсяго класа пэўную візуальную інфармацыю. Так, дакумент-камера эфектыўна прымяняецца М.I.Якіменка на этапе праверкі дамашняга задання, калі на экран праектуюцца запісы дзіцяці ў сшытку. І адразу гэта бачаць і настаўнік, і іншыя навучэнцы. Ёсць магчымасць зверыць адказы і выправіць памылкі. Дакумент-камера часта прымяняецца на этапе кантролю ведаў. Напрыклад, можна праверыць самастойную работу, выкананую дзецьмі на ўроку, прычым больш прадукцыйна, калі ў ролі правяраючых выступаюць самі навучэнцы.
М.І.Якіменка практыкуе і такую форму работы, калі ўвесь клас рашае прыклады і звярае адказы з адказамі аднаго вучня, рашэнні якога праектуюцца з дапамогай дакумент-камеры на экран. Пры гэтым задзейнічана і зрокавая, і слыхавая памяць дзяцей. Таксама дакумент-камера выкарыстоўваецца настаўніцай пры вывучэнні новага матэрыялу (напрыклад, педагогам загадзя рыхтуецца малюнак да той ці іншай задачы), пры вырашэнні навучэнцамі праблемных сітуацый.
Эфектыўным сродкам навучання з’яўляецца і інтэрактыўная дошка, якая незалежна ад таго, для якіх мэт і на якім этапе прымяняецца, з’яўляецца інструментам візуальнага выяўлення (у малодшым школьным узросце пераважае наглядна-дзейснае і наглядна-вобразнае мысленне). Дошка якраз і рэалізуе адзін з найважнейшых прынцыпаў навучання ў пачатковай школе — нагляднасць, на ёй можна размяшчаць розную колькасць разнапланавай інфармацыі (схемы, табліцы, тэксты, ілюстрацыі, анімацыі, гукавыя эфекты і г.д.). Пры выкарыстанні дошкі не ўзнікае неабходнасці затрачваць час на змену наглядных матэрыялаў, разлінейванне дошкі для паказу напісання лічбаў, запісу новых практыкаванняў. А ў выніку павялічваецца час, які можна патраціць на вывучэнне новага ці замацаванне вывучанага матэрыялу, паскорыць тэмп урока. Дзякуючы памерам інтэрактыўнай дошкі выявы бачны ўсяму класу, а гэта ў сваю чаргу — спосаб засяродзіць і ўтрымліваць увагу школьнікаў. Нагляднасць асабліва мае каштоўнасць для работы з няўседлівымі дзецьмі. Яна цалкам захапляе іх.

Як адзначалася, інтэрактыўная дошка выкарыстоўваецца настаўнікамі гімназіі часцей за ўсё на ўроках рускай мовы, матэматыкі, літаратурнага чытання, пры абагульненні вывучанага ці ўвядзенні ў тэму для развіцця пазнавальнага інтарэсу і актыўнасці дзяцей (прыкладна 1-2 разы на тыдзень).
М.І.Якіменка правяла з дзецьмі гульню-падарожжа на замацаванне табліцы множання і дзялення на 2, прадэманстравала, як з дапамогай інтэрактыўнай дошкі праводзіцца чыстапісанне, як рашаюцца лагічныя задачы на перасоўванне, пераліванне, устанаўленне заканамернасцей, як праводзяцца фізкультхвілінкі і арганізуецца рэфлексія. Прычым усе атрыманыя на дошцы матэрыялы можна захоўваць і пры неабходнасці выкарыстаць у далейшым. Абапіраючыся на іх, настаўнік можа прааналізаваць урок і ўлічыць некаторыя моманты пры планаванні сваёй дзейнасці.

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі Ала Сяргееўна Гук прадставіла фрагмент урока рускай мовы ў 4 класе па тэме “Дзеяслоў”, на якім прадэманстравала прыёмы работы з інтэрактыўнай дошкай. Урок замацавання вывучанага матэрыялу быў прысвечаны чэмпіянату свету па хакеі. Па задумцы педагога, у сталіцу на чэмпіянат прыбылі тры асілкі, якім малодшыя школьнікі дапамагалі дабрацца да Мінск-Арэны. Маршрут асілкаў пралягаў праз тры асноўныя пункты — Прывакзальная плошча, Палац спорту, стэла “Мінск — горад-герой”. На гэтым уроку яскрава прасочваліся міжпрадметныя сувязі з урокамі “Чалавек і свет”, “Літаратурнае чытанне”. З дапамогай інтэрактыўнай дошкі навучэнцы спачатку ўспомнілі часціны мовы (было дадзена шэсць слоў, якія неабходна было размеркаваць у табліцы), граматычныя катэгорыі дзеяслова (у спецыяльную шафу вучні змяшчалі толькі тыя катэгорыі, якія характарызуюць дзеяслоў). Малодшыя школьнікі прыгадалі, што такое спражэнне і як яго вызначыць. На інтэрактыўнай дошцы былі прадстаўлены два колы, а ўнізе размешчаны словы. Вучні вызначалі спражэнне дзеяслова па неазначальнай форме і змяшчалі яго ў адпаведнае кола. Калі спражэнне было вызначана правільна, то дзеяслоў без перашкод трапляў у кола, калі не — то пачынаў круціцца і выкідваўся за яго межы.
Было відаць, што малодшым школьнікам падабаецца працаваць з інтэрактыўнай дошкай. Яны не баяцца выходзіць да яе. Яна дапамагае пераадолець неўсвядомлены страх, псіхалагічны бар’ер, лёгка ўцягваючы іх у вучэбны працэс. Калі была зроблена памылка, то з дапамогай маркера можна выцерці няправільную частку альбо адмяніць дзеянне.
Работа з інтэрактыўнымі тэхналогіямі пераўтварае выкладанне традыцыйных вучэбных прадметаў, аптымізуе працэсы разумення і запамінання вучэбнага матэрыялу, а галоўнае, узнімае на больш высокі ўзровень інтарэс дзяцей. І хаця на першых этапах падрыхтоўка да ўрока з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій займае шмат часу ў педагога, вынікі акупляюць усё з лішкам. Як прызнаюцца настаўнікі, ёсць цяжкасці з праграмным забеспячэннем для інтэрактыўнай дошкі: яно прапануецца на англійскай мове, аднак, нават ведаючы яе, варта мець і навыкі інжынера-праграміста.
Педагогі гімназіі прымяняюць магчымасці інтэрактыўных тэхналогій не толькі ў адукацыйным працэсе. Для навучэнцаў 2 класа арганізаваны заняткі гуртка “Развіццёвая інфарматыка”. Акрамя таго, навучэнцы 2—4 класаў прымаюць актыўны ўдзел у вучэбна-даследчай дзейнасці, дзе таксама без прымянення ІКТ не абыходзіцца.

Як расказала ўдзельнікам семінара настаўніца пачатковых класаў Ірына Канстанцінаўна Грышкевіч, вучэбна-даследчая работа ў гімназіі вядзецца ўжо 6 гадоў. У навучальнай установе створана вучэбна-даследчае таварыства малодшых школьнікаў “Школа Чамучак”. Вучні паспяхова выконваюць самастойныя даследаванні ў розных галінах і па розных цікавых для сябе тэмах. Свае даследаванні дзеці прадстаўляюць на ўнутрыгімназічным фестывалі “Хачу ўсё ведаць!”. У мінулым навучальным годзе гімназісты занялі першыя месцы ў раённым конкурсе даследчых работ, а сёлета вучні 2—4 класаў Ганна Сергель з работай “Беларускі нацыянальны касцюм: мінулае і сучаснасць”, Ян Цярохін (“Свяцільнік для малодшага брата”), Паліна Прахарэнка (“Лялькі нашых продкаў”) прынялі ўдзел у гарадскім фестывалі даследчых работ “Пазнанне і творчасць” і атрымалі дыпломы.
Па словах І.К.Грышкевіч, настаўнікі дапамагаюць дзецям у даследчым пошуку: выбраць і сфармуляваць тэму даследавання, паставіць мэту, задачы, падабраць даследчыя метады для раскрыцця тэмы і абагульніць матэрыял.

Інфармацыйныя тэхналогіі пачаткоўцы часцей за ўсё выкарыстоўваюць на этапе азнаямлення з матэрыялам, пошуку інфармацыі, пры падрыхтоўцы прэзентацыі.
Чацвёртакласніца гімназіі Ганна Сергель прадставіла прысутным даследчую работу “Беларускі нацыянальны касцюм: мінулае і сучаснасць”, прэзентацыя якой была выканана ў выглядзе віртуальнай інтэрактыўнай кнігі. Даследчая работа заключалася ў тым, каб не толькі вывучыць беларускі нацыянальны касцюм, але і выявіць тыя нацыянальныя элементы, якія захаваліся і зараз выкарыстоўваюцца ў модзе. Ганна распрацавала свае мадэлі адзення з выкарыстаннем нацыянальных элементаў.
Аб вопыце стварэння і выкарыстання электронных сродкаў навучання ў пачатковай школе ўдзельнікам семінара расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вераніка Мікалаеўна Сабіч. Яна адзначыла, што сённяшні рынак прапаноў ЭСН ахоплівае такія прадметы пачатковай школы, як руская і беларуская мова, матэматыка. Акрамя таго, па гэтых прадметах для метадычнай дапамогі настаўніку створаны разнастайныя метадычныя матэрыялы на друкаванай аснове. Але разам з тым педагогі адчуваюць неабходнасць у электронных сродках навучання і для іншых прадметаў, у тым ліку “Чалавек і свет” і “Выяўленчае мастацтва”.
“Для педагога важна, каб ЭСН не толькі адказваў агульнапрынятым патрабаванням (агульнадыдактычным, эрганамічным і г.д.), але і, па-першае, змяшчаў для пачынаючага настаўніка метадычныя рэкамендацыі па правядзенні ўрокаў з выкарыстаннем ЭСН, прэзентацыі, раздатачны матэрыял; па-другое, уключаў бы матэрыялы, падабраныя з улікам рознага ўзроўню падрыхтаванасці навучэнцаў і спецыфікі прадметаў; па-трэцяе, па сваім напаўненні змяшчаў неабходную і дастатковую колькасць вучэбнай інфармацыі для вывучэння матэрыялу ўрока пры дыстанцыйным навучанні; па-чацвёртае, для бацькоў ЭСН прадстаўляў магчымасць аказання дапамогі дзецям пры падрыхтоўцы дамашніх заданняў”, — падкрэсліла В.М.Сабіч.

Асаблівасцю створанага настаўніцай праграмнага прадукту “Выяўленчае мастацтва, 1 клас” з’яўляецца тое, што ён распрацаваны для ўсяго курса выяўленчага мастацтва ў 1 класе і мае 4 асноўныя раздзелы: “Карцінная галерэя”, “Музычная скарбонка”, “У гасцях у Алоўка”, “Урок на ўра!”. Акрамя таго, раздзел “Карцінная галерэя” змяшчае больш за 200 рэпрадукцый карцін. Перавагай гэтага сродку з’яўляецца і тое, што біяграфічныя звесткі аб 21 мастаку выкладзены вядомай для дзяцей мовай — у выглядзе казак. Аўдыя- і відэаматэрыялы (гукі прыроды, музычныя творы аб прыродзе, відэаказкі, мультыплікацыйныя фільмы) не толькі разнастайваюць урок, але і садзейнічаюць развіццю пачуццёва-эмацыянальнай сферы навучэнцаў. У раздзеле “У гасцях у Алоўка” змешчаны апорныя малюнкі (табліцы), якія раскрываюць паслядоўнасць дзеянняў пры выкананні работы ў розных відах мастацкай дзейнасці. Праграмны прадукт змяшчае рэкамендацыі па выкарыстанні ЭСН — распрацоўкі планаў-канспектаў да ўрокаў і мультымедыйныя прэзентацыі да іх.
На апошнім рэфлексіўным этапе мерапрыемства настаўніца пачатковых класаў гімназіі кіраўнік метадычнага аб’яднання Вікторыя Мікалаеўна Радаман прадэманстравала сістэму інтэрактыўнага апытання ў дзеянні. Гэтая сістэма дазваляе максімальна паскорыць і спрасціць працэс тэсціравання навучэнцаў на прадмет атрыманых ведаў, а таксама робіць эфектыўным працэс атрымання імгненнай зваротнай сувязі ад аўдыторыі выкладчыку.
Кожнаму ўдзельніку быў раздадзены пульт, з дапамогай якога ён і выказваў сваё меркаванне наконт выкарыстання ў адукацыйным працэсе ІКТ. Вынікі апытання сапраўды прымушаюць задумацца. Мяркуйце самі, пастаянна ёсць камп’ютар у 45% педагогаў, якія прымалі ўдзел у семінары, 2% настаўнікаў увогуле не маюць камп’ютара. Амаль у паловы педагогаў ёсць магчымасць карыстацца інтэрактыўнай дошкай. Упэўнена валодаюць ІКТ толькі 4% настаўнікаў, элементарныя навыкі маюць 30%, і 66% не валодаюць імі зусім. Часцей за ўсё інтэрактыўныя інфармацыйныя тэхналогіі педагогі выкарыстоўваюць у вучэбным працэсе — 45%, у праектнай дзейнасці — 10%, свой сайт не вядзе ніхто з настаўнікаў; не выкарыстоўваюць гэтыя тэхналогіі 41% педагогаў. Толькі 20% настаўнікаў удзельнічалі ў прафесійных педагагічных інтэрнэт-форумах, аўтарскія інтэрактыўныя камп’ютарныя матэрыялы ёсць толькі ў 10% педагогаў. Прычыны, якія перашкаджаюць прымяненню сучасных тэхнічных сродкаў для інтэрактыўнага навучання: іх адсутнасць (30%), патрабуюць шмат часу (20%), невалоданне педагогамі патрэбнымі навыкамі (46%). Асноўныя прычыны, якія пабуджаюць педагогаў прымяняць сучасныя тэхнічныя сродкі: адпаведнасць статусу сучаснага настаўніка, эфектыўнасць работы калег, якія прымяняюць гэтыя сродкі.

Такім чынам, апытанне паказала, што настаўнікі пачатковых класаў яшчэ не асвоілі выкарыстанне інтэрактыўных інфармацыйных тэхналогій і практыку правядзення падобных семінараў неабходна працягваць і далей.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Аляксея КРУГЕРА.