Інтэрактыўнае падарожжа

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 19 лютага адбыўся паказ спектакля-шоу “Калабанга. Прывітанне, інтэрнэт. by!” для дзяцей з сацыяльных устаноў Мінска.

Прадзюсар Андрэй Квашэвіч расказаў, што спектакль быў створаны пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на аснове знакамітага мультсерыяла “Калабанга”. Персанажы Калабок, Грыўка, Разумнік адпраўляюцца ў цяжкае падарожжа, каб пазбавіць інтэрнэт ад каварнага віруса МайДума.

У пастаноўцы бралі ўдзел лепшыя артысты з трох мінскіх тэатраў: Максім Дубоўскі, Улад Ноздрын, Надзея Цвяткова, Вераніка Буслаева і інш. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр-пастаноўшчык — Святлана Навуменка.

Спектакль інтэрактыўны, аўтар у гульнявой форме паспрабавала растлумачыць, чым карысна глабальная сетка. Таксама расказала і пра шкоду ад няправільнага карыстання інтэрнэтам, небяспекі для фізічнага і псіхалагічнага здароўя, якія падсцерагаюць даверлівых людзей.

“Калабанга. Прывітанне, інтэрнэт.by!” набірае папулярнасць не толькі ў Мінску. Так, ужо на вясну запланаваны вялікі тур, падчас якога спектакль будзе пастаўлены ў 60 гарадах краіны.

Прыгожыя дэкарацыі, вялікія роставыя лялькі, інтэрактыў — усё гэта прыцягвае ўвагу нават самых маленькіх гледачоў.

Дар’я ЦАУНЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *