Інтэрактыўная карта духоўных маршрутаў: што новага прапануе Міншчына ў кірунку духоўна-маральнага выхавання

- 11:05Актуально

Мінскі абласны семінар­-нарада “Асветніцкі савет як гарант сістэмнай і комплекснай работы па духоўна­маральнай асвеце насельніцтва” прайшоў у Слуцку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дакладныя задачы

У Мінскай вобласці выбудавана комплексная сістэма ўзаема­дзеяння дзяржаўнай улады, устаноў адукацыі, рэсурсных цэнтраў духоўна-маральнага выхавання і епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, што дазваляе паспяхова праводзіць духоўна-маральныя і патрыятычныя мерапрыемствы. На гэта падчас семінара звярнуў увагу Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.

— Наша сустрэча прысвечана таму, каб паглядзець, як працуюць асветніцкія саветы ў Мінскай вобласці, адзначыць лепшы вопыт і вызначыць новыя перспектывы работы, — сказаў Мітрапаліт. — Саветы закліканы аб’яднаць людзей, якія клапоцяцца пра сучаснасць і будучыню, а таксама супрацьстаяць тым выклікам, якія ёсць у нашым жыцці. Нам важна не проста аналізаваць работу асветніцкага савета, але і распаўсюджваць лепшы рэгіянальны вопыт.

Мітрапаліт Веніямін падкрэсліў, што задача саветаў не толькі дапамагаць у духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення. Яна больш маштабная: паглядзець, як выхоўваецца чалавек у сферы культуры, якую інфармацыю з яе бярэ. Асаблівай увагі патрабуюць праб­лемныя пытанні, якія ў тым ліку павінны быць у полі зроку асветніцкіх саветаў, — гэта прафілактыка алкагалізму, наркаманіі, суіцыдаў.

— Тэма прафілактыкі патрабуе агульнага падыходу, асветніцкія саветы павінны аб’яд­наць людзей, якія клапоцяцца пра будучыню краіны, — упэўнены Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі. — Працаваць, служыць на сваёй малой радзіме, каб яна гарманічна развівалася, перадаваць назапашаны вопыт наступным пакаленням — вось што важна.

Начальнік галоўнага ўпраў­лення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко падкрэсліў, што на Міншчыне ўзаемаадносіны органаў дзяржаўнага кіравання і рэлігійных арганізацый будуюцца на прынцыпах павагі і выканання заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях.

— Асноўнымі сферамі ўзаемадзеяння з’яўляюцца духоўна-маральнае і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, сацыяльна-гуманітарная дзей­насць, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, інфармацыйная дзейнасць, умацаванне маральнага і фізічнага здароўя,— дадаў Мікалай Мікалаевіч. — Узае­мадзеянне рэалізуецца ў межах праграмы супрацоўніцтва паміж Мінскім абласным выканаўчым камітэтам і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2020—2025 гады, галіновых праграм, якія дазваляюць вырашаць ак­туальныя праблемы ў сацыяльна значных сферах грамадства.

Штогод праводзяцца калядныя чытанні. Іх мэта — абмеркаванне шырокага кола пытанняў, звязаных з праблемамі духоўна-маральнай асветы, выхавання падрастаючага пакалення.

— Правядзенне падобных сустрэч у Мінскай вобласці стала добрай традыцыяй, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы, дзяржаўнай улады, дзеячаў адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, — зазначыў Мікалай Башко. — У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемстваў — вострыя актуальныя пытанні, якія маюць важнае значэнне для сённяшняга дня і для будучыні нашага рэгіёна. Гэта, напрыклад, захаванне багатай культурнай спадчыны, умацаванне духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага грамадства, выхаванне і асвета падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму і грамадзянскасці, павагі да гісторыі, гераічных і працоўных традыцый многіх пакаленняў. Гэта тыя сферы, дзе неабходна пашыраць канструктыўнае супрацоўніцтва дзяржавы і Беларускай Праваслаўнай Царквы, напаўняць яго новымі, запатрабаванымі ідэямі і ініцыятывамі.

На Міншчыне актыўна развіваецца добраахвотніцкі рух “Добрае сэрца”. Яго ідэя высакародная: моладзь наведвае адзінокіх людзей, прымае ўдзел у акцыях па добраўпарадкаванні помнікаў і мемарыялаў, арганізуе дабрачынныя мерапрыемствы.

Так, навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа з’яўляюцца ўдзельнікамі праекта “Узыходжанне”, які арганізаваны Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П.Пранузы. Ініцыятыва накіравана на адраджэнне духоўных традыцый беларускага народа, духоўна-маральнае выхаванне падлеткаў і моладзі, выхаванне павагі і беражлівых адносін да духоўнай спадчыны роднай зямлі, работу з сям’ёй.

Маршруты Міншчыны

Духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне застаецца адной з ключавых задач сістэмы адукацыі. Мікалай Башко звярнуў увагу, што школы Міншчыны маюць багаты вопыт супрацоўніц­тва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Узаемадзеянне ахоп­лівае ўсе ўзроўні адукацыі і ўключае падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, распрацоўку вучэбных дапаможнікаў па пытаннях духоўна-маральнага выхавання і патрыятызму, развіццё даследчай і праектнай дзейнасці, праваслаўнага краязнаўства.

Праектная дзейнасць паспяхова развіваецца, спрыяючы павышэнню якасці работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Напрыклад, дзіцячы сад № 45 Барысава, дзіцячы сад № 3 Жодзіна, Саскаліпкаўскі дзіцячы сад Нясвіжскага раёна, дзіцячы сад № 4 Нясвіжа “Караблік дзяцінства”, дзіцячы сад № 19 “Пралеска” Жодзіна — удзельнікі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. А педагогі і навучэнцы Навасельскага дзіцячага сада Мінскага раёна рэалізуюць педагагічную ініцыятыву “Укараненне мадэлі фарміравання духоўна-маральных якасцей дзяцей старэйшага школьнага ўзросту сродкамі бацькоўскага клуба “Вясёлка”.

— Станоўчыя водзывы атрымала рэалізацыя праекта па ўзае­мадзеянні праваслаўных святароў і ўстаноў дашкольнай адукацыі ў рамках месячніка “Духоўнае выхаванне маленькіх сэр­цаў”, які стартаваў у мінулым го­дзе, — дапоўніў Мікалай Башко. — Паспяховай з’яўляецца практыка дабрачыннага фестывалю-марафону “Крылы анёла”, які адзначыў свой юбілей — 10 гадоў рэалізацыі праекта ў Мінскай вобласці — і аб’ядноўвае навучэнцаў, педагогаў, бацькоў.

Формы ўзаемадзеяння педагогаў і служыцеляў царквы разнастайныя і цікавыя. Напрыклад, у вобласці наладзілі супрацоўніц­тва з сястрынствам пры Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры, праводзяцца дыскусійныя пляцоўкі “Сад дабрадзейнасці” па духоўна-маральным выхаванні для дзяцей у аздараўленчых лагерах, а ва ўстановах прафесійнай адукацыі, інтэрнатах каледжаў створаны духоўна-маральныя цэнтры. Акрамя таго, прадстаўнікі духавенства прымаюць удзел у інфармацыйна-­адукацыйным праекце “Школа актыўнага грамадзяніна”.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў у пытаннях духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў. Мікалай Башко нагадаў, што адпаведная работа ў рэгіёне право­дзіцца з 2022 года:

Пытанні патрыятычнага, духоўна-маральнага і сямейнага выхавання навучэнцаў уключаюцца ў вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі. Ва ўстановах адукацыі праводзяцца факультатыўныя заняткі па духоўна-маральнай і патрыятычнай тэматыцы, якімі ахоплена каля 3500 школьнікаў.

Новыя напрамкі работы з’явіліся і ў аб’яднаннях па інта­рэсах. Многія педагогі зацікавіліся стварэннем аўтарскіх калекцый і мадэлей адзення праваслаўнай тэматыкі. Са слоў Мікалая Мікалаевіча, узаемадзеянне ў межах духоўна-маральнага выхавання дапамагае ў развіцці праваслаўнага краязнаўства. Цікавымі атрымаліся інтэрактыўны даведнік “Па святых месцах Міншчыны” і віртуальны даведнік “Экскурсійныя маршруты Міншчыны”, у які ўключаны ў тым ліку 12 маршрутаў духоўна-маральнай накіраванасці. Яго аўтары — вучні школ вобласці.

— Сёння ідзе работа па напаўненні інтэрактыўнай карты духоўных маршрутаў у кожным раёне Мінскай вобласці, — акцэнтаваў увагу Мікалай Башко. — Бібліятэкі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці штогод прымаюць удзел у рэспуб­ліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” і атрымліва­юць высокія ўзнагароды і заахвоч­ванні.

Што новага прапануе Міншчына ў кірунку духоўна-маральнага выхавання? Падводзячы вынікі сустрэчы, Мікалай Башко анансаваў, што ва ўзаемадзеянні з Беларускай Праваслаўнай Царквой і Мінскім аблвыканкамам у адзі­наццаці раёнах вобласці распачата рэалізацыя праекта па арганізацыі спартыўнага вольнага часу і правядзенні духоўна-маральнай работы з навучэнцамі.

— Перспектыўнымі і актуальнымі напрамкамі супрацоўніц­тва лічым работу з навучэнцамі і баць­камі па фарміраванні здаровага ладу жыцця, умацаванні інстытута сям’і, прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці і сацыяльнага сіроцтва, а таксама работу па фарміраванні псіхалагічнай культуры і ўсведамленні каштоўнасці жыцця,  — рэзюмаваў Мікалай Башко.

Наталля САХНО
Фота прадастаўлены арганізатарамі