“Інтэрнат 3.0”

Інтэрнат Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча прызнаны лепшым у сталіцы: ён стаў пераможцам на гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшы інтэрнат сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска. У каледжы выбудавана эфектыўная мадэль арганізацыі работы з навучэнцамі ў інтэрнаце, якая атрымала назву “Інтэрнат 3.0”. Работа скіравана на тое, каб не толькі даваць дзецям прафесійныя веды, але і выхоўваць у іх запатрабаваныя сёння гібкія навыкі.

Прэзентацыя праектаў, створаных жыхарамі інтэрната.

— Мы разглядаем інтэрнат не проста як месца сумеснага пражывання навучэнцаў, — адзначае дырэктар каледжа Андрэй Валер’евіч Стрыгельскі. — Інтэрнат успрымаецца як своеасаблівае сацыяльнае мікраасяроддзе, якое шмат у чым вызначае перспектыву і напрамкі развіцця асобасных якасцей навучэнцаў, фарміруе комплекс кампетэнцый, якія прама ўплываюць на іх будучую прафесійную дзейнасць і самастойнае жыццё ў грамадстве. А для работы на чыгунцы, дзе разам з веданнем асноў прафесіі першараднай задачай з’яўляецца гарантаванне бяспекі пасажыраў, грузаў і тэхнікі, неабходнымі якасцямі з’яўляюцца таксама асабістая адказнасць, дысцыплінаванасць, адданасць справе, уменне працаваць у калектыве. Усё гэта мы імкнёмся выхоўваць у нашых навучэнцах.

Работадаўцы год ад году чакаюць ад сваіх работнікаў усё больш. Сёння яны хочуць, каб супрацоўнік валодаў не толькі прафесійнымі навыкамі, але і шэрагам надпрафесійных, асобасных, якія называюцца softskills. Пры гэтым тэрмін навучання ў каледжы даволі кароткі. Літаральна за 2—3 гады з былога школьніка трэба зрабіць дарослага прафесіянала, здольнага адпавядаць патрабаванням работадаўцаў. Зразумела, у вучэбны час галоўны акцэнт робіцца на набыцці ведаў і прафесійных навыкаў. Як жа тады спрыяць асобаснаму развіццю? У чыгуначным кале­джы ключавую ролю ў гэтай справе адыгрывае інтэрнат, таму арганізацыі работы ў інтэрнаце ўдзяляецца велізарная ўвага. Тым больш што большасць навучэнцаў установы — юнакі і дзяўчаты з іншых населеных пунктаў. Так, сёння ў інтэрнаце жывуць 550 чалавек (гэта амаль 70% ад агульнай колькасці навучэнцаў). 

Тры важныя складнікі

Работа ў інтэрнаце прадумвалася так, каб усё тут працавала на развіццё навучэнца. Гэты падыход увасобіўся ў мадэлі работы, якая атрымала назву “Інтэрнат 3.0” і мае тры складнікі.

Першы складнік — гэта стварэнне ўмоў для камфортнага пражывання, што з’яўляецца першаснай функцыяй любога інтэрната. Інтэрнат каледжа чыгуначнага транспарту — дзевяціпавярховы будынак. Навучэнцы жывуць у блоках па 6 чалавек, у кожным блоку — 2 пакоі і раздзельны санвузел. На кожным паверсе ёсць кухня, пакой адпачынку і самападрыхтоўкі. 7 паверхаў займаюць жылыя памяшканні. На першым паверсе размясціліся сацыяльна-педагагічная служба, бібліятэка, медыцынскі пункт.

Заняткі ў культурна-спартыўным цэнтры інтэрната.

На дзявятым паверсе інтэрната знаходзіцца культурна-спартыўны цэнтр. Тут абсталяваны трэнажорная, спартыўныя, харэаграфічныя залы, памяшканні для заняткаў розных аб’яднанняў па інтарэсах. Дарэчы, у будынку практычна ўсе службовыя памяшканні прыстасаваны для заняткаў розных гурткоў і клубаў. Гэта звязана з тым, што другі складнік функцыянальнай мадэлі — забеспячэнне магчымасцей для правядзення вольнага часу.

— Мы пастараліся сфарміра­ваць для дзяцей разнастайны спектр аб’яднанняў па інтарэсах, разлічаны на максімальнае задавальненне іх запытаў, — расказвае Наталля Вячаславаўна Панамарэнка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мінскага ДПТК чыгуначнага транспарту. — Гэта дазваляе не проста арганізаваць вольны час, але і прадаставіць магчымасць для развіцця розных асобасных якасцей і самарэалізацыі навучэнцаў.

У каледжы дзейнічаюць 16 аб’яднанняў па інтарэсах, з іх 13 працуюць на базе інтэрната. Гэта клубы, секцыі, студыі фізкультурна-спартыўнага, мастацкага, сацыяльна-педагагічнага, турыстычна-краязнаўчага профілю. 88% жыхароў інтэрната займаюцца ў гэтых аб’яднаннях. Падлеткі праяўляюць шчырую актыўнасць, таму што шырокі спектр кірункаў дазваляе знайсці справу па душы. Значную ролю ў папулярызацыі клубаў і секцый адыгрыва­юць асобы педагогаў, якія працуюць у іх. Напрыклад, спартыўныя заняткі вядуць Сяргей Паўлавіч Русецкі, майстар спорту па армрэслінгу, Валерый Анатольевіч Лагуцёнак, майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы. У адным з пакояў культурна-спартыўнага цэнтра стаіць більярдны стол, дзе дае майстар-класы Ян Аляксандравіч Грыгор’еў, член нацыянальнай зборнай Беларусі па гульні ў більярд. Дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам у творчых студыях “Сувенір” і “Беларуская скарбонка” з падлеткамі займаюцца Святлана Леанідаўна Абукевіч і Жанета Яўгенаўна Розум. Апошняя з’яўляецца членам Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі. Навучэнцы каледжа спасцігаюць майстэрства вышыўкі, ткацтва, стварэння лялек і цацак, пляцення з саломкі, роспісу па тканіне і шкле і інш. Кіраўнік вакальнай студыі “АРТ+Талент” Галіна Міхайлаўна Мацяс — уладальніца медаля Францыска Скарыны. Адным словам, з дзецьмі працу­юць цудоўныя майстры, апантаныя сваёй справай.

Вакальная студыя “АРТ+Талент”.

Трэці складнік мадэлі “Інтэрнат 3.0” — фарміраванне ў інтэрнаце выхаваўчай прасторы і выхаваўчага асяроддзя. Работа з навучэнцамі ў інтэрнаце — важная частка сістэмы выхаваўчай работы каледжа ў цэлым. Сетка аб’яднанняў па інтарэсах, якая функцыянуе ў інтэрнаце, складае аснову выхаваўчай прасторы. Важным яе кампанентам выступае сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне навучэнцаў. Яно таксама ажыццяўляецца ў інтэрнаце і накіравана на паскораную сацыяльна-бытавую адаптацыю.

Важнае значэнне для выхаваўчай прасторы мае навучэн­скае самакіраванне, а менавіта савет інтэрната. Сёння ў яго склад уваходзяць 39 навучэнцаў. Савет дапамагае комплексна вырашаць розныя выхаваўчыя, арганізацыйныя і сацыяльныя задачы. Актыўная моладзь прапануе розныя цікавыя ініцыятывы. Напрыклад, жыхарам інтэрната падабаецца наведваць фітабар, які раз на месяц арганізоўвае савет. Яны прыходзяц­ь пакаштаваць гарбату з розных зёлак і за кубачкам гарачага напітку вядуц­ь няспешныя, даверлівыя размовы пра здаровы лад жыцця і наогул пра жыццё.

Асаблівая роля ў рабоце з моладдзю адведзена выхавальнікам інтэрната. Яны не толькі дапамагаюць вырашаць бытавыя пытанні і выбудоўваць узаемаадносіны. Выхавальнікі з’яўляюцца мэтавай творчай групай, якая рэалізоўвае сумесна з жыхарамі інтэрната шэраг праектаў гістарычнай, края­знаўчай, этнаграфічнай і сацыяльнай накіраванасці. Некалькі гадоў назад навучэнцы каледжа далучыліся да акцыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і пачалі свой края­знаўчы праект. Юнакі і дзяўчаты аб’ядналіся ў 6 крэатыўных груп, кожная з якіх адказвала за адну з абласцей нашай краіны і збірала краязнаўчы матэрыял па некалькіх напрамках. Да работы далучыліся практычна ўсе жыхары інтэрната, у сваіх гарадах і мястэчках яны збіралі інфармацыю. Так з’явіліся чатыры змястоўныя каталогі: “Рэгіянальныя асаблівасці беларускага касцюма”, “Гастранамічны атлас Беларусі”, “Беларусь — кузня зорак”, “Культурная спадчына Беларусі”. А яшчэ юнакі і дзяўчаты стварылі даведнікі пра беларускія гарады.

— Праз створаныя QR-коды можна выйсці ў інтэрнэт і пагля­дзець відэапрэзентацыю, — дэманструе даведнік навучэнка кале­джа Мілена Казакоўская. — Асабліва гэтай работай зацікавіліся тыя, хто асвойвае прафесію правадніка: цудоўна будзе падчас работы прапаноўваць такія даведнікі аматарам падарожжаў у цягніку.

Softskills для прафесійнага росту

З 2018 года мадэль арганізацыі работы ў інтэрнаце стала асновай стварэння рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкі на базе каледжа. Ва ўстанове працуюць над рэалізацыяй праекта “Апрабацыя мадэлі арганізацыі аб’яднанняў па інтарэсах як рэсурсу прафесійнай сацыялізацыі моладзі”.

Галоўная ідэя, якая закладзена ў аснову работы, — аб’яднанні па інтарэсах павінны не проста займаць час навучэнца, яны павінны спрыяць набыццю гібкіх навыкаў, самарэалізацыі асобы, сацыялізацыі моладзі. Заняткі ва ўсіх гурт­ках, клубах, секцыях скіраваны на тое, каб падлеткі вучыліся працаваць у калектыве, пераадольваць жыццёвыя цяжкасці, прыстасоўвацца да новых сацыяльна-бытавых умоў. А ў выніку ўсё гэта ўплывае на прафесійнае станаўленне будучага канкурэнтаздольнага спецыяліста.

Аб’яднанні падзелены на групы, кожная з якіх адказвае за пэўны кірунак развіцця. Іх шэсц­ь: крэатыўнасць, здольнасць да сама­адукацыі, навыкі здаровага ладу жыцця, медыяпісьменнасць і інфармацыйная гігіена, кааператыўнасць, эмацыянальны інтэлект. Так, за крэатыўнасць адказва­юць вакальна-інструментальны ансамбль “Бліскавіца”, студыі бальнага танца “Міраж” і сучаснага танца “Рух”. Медыяпісьмен­насць развіваюць у аб’яднанні па інтарэсах “Асновы журналістыкі”, эмацыянальны інтэлект — у маладзёжным клубе “Прыступкі да будучай прафесіі” і валанцёрскім клубе UNIVO. Аптымальна, калі кожны атрымае навыкі па ўсіх шасці кірунках. У пачатку навучальнага года навучэнцы атрымліва­юць карту развіцця, на якой кожны а­дзначае свой шлях і ба­чыць свой асобасны рост.

У аб’яднаннях вылучаюцца 2—3 лідары, якія, добра асвоіўшы пэўны гібкі навык, рыхтуюцца перадаваць яго іншым. Для гэтага эфектыўна і абгрунтавана ў рабоце аб’яднанняў па інтарэсах прымяняюцца падыход “роўны вучыць роўнага” і методыкі самакіравання.

У клубе “Лектар” пад кіраўніцтвам Лідзіі Мікалаеўны Германавай навучэнцы развіваюць здольнасц­ь да самаадукацыі. Яны рыхтуюць літаратурна-музычныя кампазіцыі (зараз працуюць над праграмай, прысвечанай легендарнаму ансамблю “Бітлз”). Для гэтага самастойна шукаюць матэрыялы па тэме, пішуць сцэнарый, рыхтуюцца да выступленняў. Падчас падрыхтоўкі трэніруюць аратарскае майстэрства, раскрываюць свае акцёрскія здольнасці, вучацца ўзаемадзейнічаць. Потым свае навыкі перадаюць сябрам, наведваючы іншыя аб’яднанні.

Асаблівае значэнне для развіцця і ўкаранення падыходу “роўны вучыць роўнага” і асваення сацыяльна карысных навыкаў мае валанцёрскі клуб UNIVO, які працуе па разнастайных напрамках дзейнасці.

— Я рыхтуюся праводзіць трэнінг па залежнасцях, — расказвае першакурсніца Дар’я Біліба.

— А я рыхтую майстар-клас для выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната № 11, — дадае другакурсніца Вікторыя Сарока. — Буду вучыць падлеткаў наладжваць камунікацыю, выбудоўваць адносіны з аднагодкамі.

Валанцёры самі выбіраюць для сябе напрамкі, якія лічаць актуальнымі для работы са сваімі аднагодкамі: здаровы лад жыцця, бяспека ў інтэрнэце, міжасабовая камунікацыя. Самі развіваюцца ў гэтых напрамках і дапамагаюць іншым.


У каледжы складваецца гарманічная сістэма ўсебаковай падрыхтоўкі навучэнцаў да прафесійнай дзейнасці. На вучэбных занятках яны атрымліваюць веды, якія непасрэдна тычацца іх прафесіі, а ў аб’яднаннях па інтарэсах — навыкі, якія не з’яўляюцца непасрэдна прафесійнымі, але, безумоўна, неабходны для будучай работы. Такога ўсебакова падрыхтаванага маладога спецыяліста работадаўцы цэняць, паважаюць і вельмі чакаюць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.