Інтэрнэт–гандаль таварамі з–за мяжы патрабуе ўдасканалення

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Ацэначны кошт пасылак з таварамі з-за мяжы, якія заказваюцца праз інтэрнэт-магазіны, наўмысна заніжаецца. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні маніторынгавай групы па разглядзе праектаў указаў Прэзідэнта Беларусі і законаў у Савеце Рэспублікі.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што за першае паўгоддзе 2015 года жыхары Беларусі атрымалі 4 млн 400 тысяч пасылак з таварамі з-за мяжы. “Яны ацэньваюцца ў $5, $10… Хаця на самай справе фактычны кошт зусім іншы, таму бюджэт недаатрымлівае ПДВ, пошліны”, — сказаў ён. Пры гэтым падкрэсліў: “Я не супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падлог фактычнага кошту, што дае магчымасць адыходзіць ад мытных пошлін, плацяжоў і г.д.”.
Раней Міхаіл Мясніковіч прапаноўваў увесці ПДВ на такія пасылкі з таварамі, але з гэтым не згадзіўся Нацбанк, спасылаючыся на тое, што праграмнае забеспячэнне не дазваляе зрабіць гэтага.
“Я лічу, што гэта няправільны падыход. Буду на гэтым настойваць. Калі мы прыходзім у магазін, на касе прабіваюць ПДВ, і праграмнае забеспячэнне спрацоўвае. Кожны пакупнік аплачвае падатак. У нас ёсць рэгістрацыя на кожную пасылку. Пры яе ўручэнні цалкам можна гэтае пытанне вырашыць”, — дадаў Міхаіл Мясніковіч.
Старшыня Савета Рэспублікі таксама лічыць, што такія пасылкі абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасці. “І, вядома, гэта вялікія страты для бюджэту”, — падкрэсліў ён. Паводле яго звестак, ЕЭК ужо абмяркоўвае пытанне ўвядзення падатку на такі інтэрнэт-гандаль. Гаворка ідзе аб прагрэсіўнай шкале падатку на пасылкі з таварамі з інтэрнэт-магазінаў, якія паступаюць у ЕАЭС звонку.
На пасяджэнні маніторынгавай групы, у якім прымаюць удзел прадстаўнікі Нацбанка, Дзяржкантролю і іншых ведамстваў, абмяркоўваліся праекты бюджэтных дакументаў на 2016 год: указаў аб параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўных напрамках бюджэтнай палітыкі, законапраекты аб бюджэце на 2016 год, папраўкі ў Бюджэтны кодэкс і г.д. Пакуль законапраекты бюджэтнага пакета не паступілі ў парламент, але гэта чакаецца ў найбліжэйшы час.