Інтэрнэт-праект «Жывая памяць» стартаваў у дзіцячым садзе № 508 Мінска

- 10:11Образование

Супрацоўнікі садзіка № 508 Мінска, бацькі і выхаванцы папаўняюць старонкі віртуальнага музея «Галерэя памяці» гісторыямі пра лёсы сваіх родных і блізкіх у гады Вялікай Айчыннай вайны, іх успамінамі, фатаграфіямі з сямейных архіваў, відэа-расказамі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Ідэя стварэння віртуальнага музея належыць загадчыцы дзіцячага сада Наталлі Арлянскай і намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці Кацярыне Капуза. 

У віртуальным музеі прадстаўлены пэўныя раздзелы. Тут можна азнаёміцца з летапісам установы, дзе будзе расказана пра ўсё, што зроблена калектывам дзеля захавання памяці пра вайну, фотагалерэяй з малюнкамі і творчымі работамі выхаванцаў. Асобна гаворыцца пра герояў вайны, дадзены іх фотаздымкі і апісанне подзвігу. Можна даведацца падрабязна і пра герояў, у гонар якіх названы вуліцы Мінска. У музеі знойдуцца таксама песні пра вайну, якія можна паслухаць і выканаць, паколькі ёсць іх відэа і тэксты. Дадзены спасылкі на тэматычныя творы аўтараў, у тым ліку беларусаў, якія пісалі для дзяцей. «Застылы ў камені подзвіг» — яшчэ адзін раздзел, у якім гаворыцца аб манументах, мемарыялах і іншых памятных знаках, размешчаных у розных кутках нашай краіны. У медыятэцы музея знаходзяцца тэматычныя прэзентацыі, створаныя педагогамі сада. Цікава пачытаць апісанне рэцэптаў з фронту і прыгатаваць незвычайныя стравы, напрыклад, кашу з часнаком, макалаўку, макарону «Балтыйскую», пірог з грэчкай, салянку «Тылавую», франтавы кулеш, хлеб «Ржэўскі», капусту салдацкую.

Напярэдадні 78-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне калектыў сада запрашае бацькоў выхаванцаў прыняць удзел у праекце «Жывая памяць», — адзначае Н. Арлянская. — Адпаведная рубрыка ўжо з’явілася ў нашым віртуальным музеі. Заклікаем усіх падзяліцца інфармацыяй пра родных і блізкіх у гады вайны, зняць відэа з удзелам дзяцей.

Штогод напярэдадні Дня Перамогі ў садзіку праводзяцца тэматычныя тыдні, фотавыставы, конкурсы «Песні вайны», «Слова, апаленае вайной». На тэрыторыі ўстановы ствараюцца элементы ландшафтнага дызайну, прысвечаныя памятным датам.

Падчас спецыяльна арганізаваных гульняў-заняткаў педагогі знаёмяць дзяцей з гераічным мінулым нашага народа. Выхаванцы з цікавасцю слухаюць аповеды пра подзвігі салдат, дзяцей-герояў вайны. Свае эмоцыі, уражанні адлюстроўваюць у малюнках. Пасля арганізуецца выстава творчых работ.

Сустрэчы з ветэранамі, ускладанне кветак да помнікаў і памятных дошак герояў вайны, у гонар якіх названы вуліцы нашага Першамайскага раёна Мінска, фарміруюць у дзяцей пачуццё гордасці за свой народ.

Надзея ЦЕРАХАВА