Інтрыга раскрыта

- 16:17Культура

Беларускі кінатыдзень завершаны. Апошнім акордам сёлетняй кінасімфоніі стаў вечар закрыцця форуму 26 лістапада ў сталічным кінатэатры “Масква”, дзе былі аб’яўлены пераможцы ХХVII “Лістапада”.

Усяго за сем дзён было прадэманстравана 99 карцін з амаль 30 краін свету. Больш як 40 кінаўзнагарод у чатырох намінацыях знайшлі сваіх уладальнікаў. Сярод іх — прызы за лепшую рэжысуру, аператарскую работу, сцэнарыі, жаночую і мужчынскую ролі, спецпрызы. Пераможцаў выбралі і сярод дакументалістаў, маладых кінематаграфістаў.

Абсалютным пераможцам кінафоруму і ўладальнікам “Золата “Лістапада” стаў узбекскі мастацка-гістарычны фільм “Ілхак”, заснаваны на рэальных падзеях. Менавіта яго паказам і закрылі фестывальны тыдзень. Варта нагадаць, што кінакарціна выйшла на экраны ў 2020 годзе і была прысвечана 75-годдзю Вялікай Перамогі. У фільме паказана як гісторыя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, так і асабістая трагедыя маці, якая, у адзіночку выгадаваўшы пяцярых сыноў, страціла іх на фронце. “Ілхак” — праект кінастудыі “Узбеккіно”, але яго кульмінацыю здымалі ў тым ліку на натурных пляцоўках “Беларусьфільма”, дзе былі адзняты ваенныя сцэны, якія адлюстроўваюць мужнасць і адвагу, праяўленыя сынамі Зульфіі Закіравай на палях бою. У сваю чаргу і рэжысёр “Ілхака” Джахангір Ахмедаў адзначаны спецпрызам Прэзідэнта Беларусі “За гуманізм і духоўнасць у кіно”, які яму на закрыцці форуму ўручыў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Гэтымі днямі многія гавораць, што “Лістапад-2021” моцна адрозніваецца ад фестываляў апошняга дзесяцігоддзя. Як па мне, у гэтым няма нічога страшнага, галоўнае — форум адбыўся, ён працягвае існаваць, захоўваючы лепшыя традыцыі, што былі сфарміраваны за амаль тры дзесяцігоддзі. Да нас, як і раней, прыехалі выдатныя фільмы, знакамітыя кінематаграфісты з самых розных куткоў свету, рэжысёры і акцёры. Сярод іх быў і народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў, які стаў удзельнікам творчай сустрэчы і прэм’еры дакументальнага фільма пра яго “Іншым я ўжо не буду”. Гледачоў на гэтай сустрэчы сабралася шмат, што сведчыць пра непадробленую цікавасць да асобы М.Бурляева. Між іншым, шмат увагі было ўдзелена і прэм’еры дакументальнай стужкі “Qazaq. Гісторыя залатога чалавека” рэжысёра Ігара Лапацёнка пра Нурсултана Назарбаева, а таксама вострасюжэтнай драмы “Я — не тэрарыст” Мухамада Алі Іскандарава і фільма “Лётчык” расійскага рэжысёра Рэната Даўляцьярава. Дарэчы, у аснове сюжэту “Лётчык” — рэальная гісторыя легендарнага Аляксандра Марэсьева. І гэта толькі некаторыя карціны, якія прыцягнулі ўвагу гледачоў і прэсы.

Што наконт масавасці, то не трэба забываць, што пандэмія працягваецца, таму многія, клапоцячыся пра сваё здароўе, засталіся дома. Але ведаю, што адданыя кінаманы сачылі за падзеямі “Лістапада”, і як толькі фільмы-ўдзельнікі з’явяцца на экранах або ў інтэрнэце, абавязкова паглядзяць іх.

“У гэтым годзе “Лістапад” узбагаціўся новымі падыходамі і ідэямі. Тыя фільмы, якія дэманстраваліся падчас фестывалю, маглі ўбачыць не толькі сталічныя гледачы, але і жыхары іншых рэгіёнаў. Мы атрымліваем станоўчыя водгукі адносна такога фармату”, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.

Можна яшчэ доўга гартаць старонкі ХХVII “Лістапада”, прыгадваючы цікавыя сустрэчы і яркія прэм’еры, але галоўнае ва ўсёй сёлетняй кінагісторыі — здольнасць яднаць краіны. Так, тры дзясяткі краін на фестывалі прадэманстравалі сапраўдную сілу адзінства, пацвердзіўшы словы генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Уладзіміра Карачэўскага пра тое, што “сапраўднае мастацтва збліжае людзей, вучыць іх ствараць, адчуваць і любіць”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аргкамітэта ХХVII ММКФ “Лістапад”.