Інвазійныя расліны — пад кантролем

Кожны зацікаўлены можа запоўніць спецыяльную інтэрнэт-анкету, якая дапаможа сабраць звесткі аб распаўсюджванні такіх небяспечных відаў раслін, як баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі і жаўцяк гіганцкі (сумнік гіганцкі), лубін шматлісты і інш. Інфармацыя пра 20 відаў інвазійных раслін, якія нясуць небяспеку біяразнастайнасці, сельскай і лясной гаспадарцы раёнаў беларуска-літоўскага памежжа, а таксама здароўю людзей, адлюстроўваецца на вэб-карце. Стварэнне такой карты — адзін з вынікаў рэалізацыі міжнароднага праекта.

Работа ў полі.

Трансгранічны праект “Зніжэнне негатыўнага ўздзеяння чужародных інвазійных відаў раслін на экасістэмы і дабрабыт людзей у памежным літоўска-беларускім рэгіёне” стартаваў у лютым 2019 года. Ён рэалізоўваўся беларускімі і літоўскімі грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь Еўрапейскага інструмента добрасуседства на 2014—2020 гады. З беларускага боку ў праекце ўдзельнічалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага райвыканкама, Рэспубліканскі ланд­шафтны заказнік “Азёры”. З літоўскага боку — самакіраванне Варэнскага раёна, Дзукійскі нацыянальны парк, Чапкяляйскі прыродны запаведнік і Фонд прыроднай спадчыны.
— Укараненне, ці інвазія, агрэ­сіўных чужародных відаў раслін — глабальная экалагічная і сацыяльна-эканамічная праблема, — гаворыць загадчык кафедры батанікі ГрДУ імя Янкі Купалы доктар біялагічных навук Алег Созінаў. — Інвазійныя віды выцясняюць абарыгенныя віды раслін, трансфармуюць і знішчаюць мясцовыя экасістэмы, наносяць значны эканамічны ўрон і нясуць небяспеку здароўю людзей. Распрацоўка мер па папярэджанні біялагічных інвазій, змякчэнне іх наступстваў і маніторынг з’яўляюцца абавязкам усіх краін, у тым ліку Літвы і Беларусі, якія ў 1992 годзе падпісалі Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці.

Пры рэалізацыі праекта была праведзена інвентарызацыя аг­рэсіўных відаў ралін, створаны дынамічныя базы даных і лічбавыя карты (https://bit.ly/2S1UxLa) распаўсю­джвання інвазійных відаў, якія дазваляюць прагназаваць маштаб гэтых працэсаў. З мая па жнівень мінулага года партнёры праекта правялі інвентарызацыю інвазійных відаў раслін на тэрыторыі Дзукійскага нацыянальнага парку і запаведніка “Чапкяляй”, у Варэнскім раёне Літвы, у Гродзенскім і Шчучынскім раёнах, на тэрыторыі ландшафтных заказнікаў “Азёры” і “Котра”, правабярэжнай частцы заказніка “Гродзенская Пушча” ў Беларусі.

Паводле рэкамендацый навукоўцаў, падрыхтавана беларуска-літоўская стратэгія і план дзеянняў па барацьбе з інвазійнымі раслінамі ў памежных раёнах. Прадугледжана падпісанне пагаднення паміж Гродзенскім райвыканкамам і адміністрацыяй Варэнскага раёна, што дазволіць сінхронна праводзіць мерапрыемствы па знішчэнні і нераспаўсюджванні інвазійных раслін. Створана мадэль, якую можна прымяняць і ў іншых рэгіёнах.

— Высветлілася, што ў Літве і Беларусі адрозніваюцца па колькасці розныя інвазійныя віды раслін, — расказвае дацэнт кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл кандыдат біялагічных навук Аляксандра Рыжая. — Так, у Беларусі большае распаўсюджанне атрымаў сумнік канадскі, у Літве — клён амерыканскі. На беларускай частцы праекта выяўлена 757 месцаў вырастання шасці небяспечных відаў раслін на плошчы больш чым 1,5 тысячы гектараў, на літоўскім баку — 1202 месцы сямі відаў раслін на плошчы 5,7 тысячы гектараў.

Пры інвентарызацыі тэрыторый навукоўцы факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта прымянялі методыку разбіўкі тэрыторыі на квадраты. Такая ж методыка прымянялася і ў Літве. За 5 тыдняў на тэрыторыі Гродзенскага і Шчучынскага раёнаў быў даследаваны 241 квадрат, запоўнена 518 інфармацыйных бланкаў.

Навукоўцы не толькі даследавалі месцы распаўсюджвання шкодных раслін, але і давалі рэкамендацыі па барацьбе з імі, правілах утылізацыі, якія потым выкарыстоўвалі спецыялісты сельскай гаспадаркі і аховы прыроды. Гэтую інфармацыю даво­дзілі і да насельніцтва, сустракаліся з членамі садовых таварыстваў. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Гро­дзенскага райвыканкама, жыхароў 5 сельскіх саветаў Гродзен­скага раёна — Парэцкага, Азёрскага, Пут­рышкаўскага, Верцялішкаўскага і Гожскага — запрасілі на сходы. Такая растлумачальная работа будзе весціся і далей.

Многія ўпершыню чулі інфармацыю пра такія ўжо звыклыя для нас расліны, як клён амерыканскі ці сумнік. Клён амерыканскі раней высадж­валі, бо ён хутка расце. А шкоднасць яго выявілася ў тым, што пад покрывам гэтага дрэва нічога не расце — парушаецца прыродная раўнавага раслін-абарыгенаў, да таго ж драўніна “амерыканца” малацэнная. Ну а сумнік, які многія разглядаюць як прыгожую кветку, за сезон распаўсюдж­ваць да ста тысяч адзінак насення, ён не можа служыць кормам для жывёл і выклікае алергію. Больш лю­дзей ведаюць пра шкоднасць розных відаў чужародных баршчэўнікаў. Так, у 2020 годзе на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ад інвазійных раслін было апрацавана рознымі спосабамі — механічным, хімічным і камбінаваным — 197 гектараў зямлі. За некалькі апошніх гадоў сумнік канадскі быў знішчаны на тэрыторыі каля тысячы гектараў.

Адным з самых значных вынікаў праекта, які выйшаў за праектную тэрыторыю, стала анкета ўліку інвазійных раслін для насельніцтва. Цяпер кожны чалавек можа ўнесці свой уклад у інвентарызацыю шкодных раслін, адзначыць іх колькасць. Дзякуючы праекту, ёсць разуменне важнасці праблемы і рэкамендацыі, як нам дзейнічаць.

Як падкрэслівае Алег Созінаў, практыкі — супрацоўнікі сельскай і лясной гаспадаркі, прыродаахоўных арганізацый — атрымалі рэкамендацыі па барацьбе з далейшым распаўсюджваннем інвазійных раслін. Ім прапанавана адпаведная тэхналогія. Так, на тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Азёры”, які знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Гродна, у ходзе рэалізацыі праекта былі выяўлены ўсе месцы вырастання інвазійных відаў. Супрацоўнікі заказніка вынішчылі іх, выкарыстоўваючы спецыяльнае абсталяванне і індывідуальныя падыходы па барацьбе з кожным відам.

Адна з мэт праекта — інфармаванне і навучанне грамадскасці. Так, у жніўні 2020 года адзін з семінараў для спецыялістаў прайшоў у гімназіі Шчучына і Першамайскай сярэдняй школе Шчучынскага раёна. Яго ўдзельнікі навучыліся працаваць з анкетай уліку інвазійных відаў раслін, засвоілі іх распазнаванне, азнаёміліся з метадамі барацьбы со шкоднымі раслінамі.

Паводле рэкамендацый навукоўцаў, падрыхтавана беларуска-літоўская стратэгія і план дзеянняў па барацьбе з інвазійнымі раслінамі ў памежных раёнах. Прадугле­джана падпісанне пагаднення паміж Гродзенскім райвыканкамам і адміністрацыяй Варэнскага раёна, што дазволіць сінхронна право­дзіць мерапрыемствы па знішчэнні і нераспаўсюджванні інвазійных раслін.

— Створана мадэль, якую можна распаўсюджваць на іншыя рэгіёны, — падкрэслівае загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл ГрДУ кандыдат біялагічных навук Вольга Янчурэвіч. — Адным з самых значных вынікаў рэалізацыі праекта, які выйшаў за праектную тэрыторыю, лічым анкету ўліку інвазійных раслін для насельніцтва (https://arcg.is/1rjz0m). Інфармацыя пра інвазійныя расліны паступала да нас і з іншых рэгіёнаў Бе­ларусі і Літвы, з Латвіі, Ка­рэліі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пскоўскай, Ніжагародскай і Ленінградскай абласцей Расіі. Кожны чалавек можа ўнесці свой уклад у інвентарызацыю шкодных раслін, адзначыць іх колькасць (https://arcg.is/0Drb1u). Галоўнае, што з’явіліся разуменне важнасці праблемы і рэкамендацыі, як нам дзейнічаць. Гэта павінна спрыяць захаванню роднай прыроды і здароўя жыхароў беларуска-літоўскага памежжа.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота з архіва праекта.