Інвестыцыі ў будучыню: экалогія

У Оршы адбылося пашыранае выязное пасяджэнне грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета пры Віцебскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры падтрымцы праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”.

Пляцоўкамі абмеркавання актуальных пытанняў экалагічнага выхавання і асветы, абмену інфармацыяй і вопытам работы актывістаў экалагічнага руху сталі ўпраўленне па адукацыі райвыканкама, раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, сярэдняя школа № 16 Оршы. У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскіх экалагічных арганізацый, маніторынгавых клубаў устаноў адукацыі, кіраўнікі, метадысты і педагогі “зялёных школ” Віцебшчыны, студэнты ВДУ імя П.М.Машэрава, духавенства. Як праінфармаваў старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў, ва ўстановах адукацыі вобласці дзейнічае 461 аб’яднанне экалагічнага профілю (уключаючы экалагічныя атрады і патрулі, клубы, тэатры і агітбрыгады, школьныя лясніцтвы, навуковыя аб’яднанні навучэнцаў, аграшколы, атрады па азеляненні і до­браўпарадкаванні тэрыторый), якія ахопліваюць больш за 15 тысяч чалавек; пры ўстановах культуры створаны аматарскія аб’яднанні.

— Сумесна з зацікаўленымі структурамі камітэт і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя штогод рэалізуюць больш за 200 экалагічных ініцыятыў, — паведаміў Віктар Анатольевіч. — Гэта творчыя конкурсы і тэматычныя акцыі, кампаніі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, выставы і фестывалі, мерапрыем­ствы, прымеркаваныя да значных дат экалагічнага календара. Наладжана эфектыўнае партнёрства з установамі вышэйшай адукацыі ў сферы прыродаахоўнай, адукацыйнай, культурна-асветніцкай, навукова-даследчай і практычнай работы. Студэнты УВА краіны, дзе ёсць профільныя спецыяльнасці (найперш Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі), праходзяць вучэбную, пераддыпломную і вытворчую практыкі на базе тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды. Некаторыя з іх ужо працуюць у нас у якасці інспектараў.

Асобна кіраўнік камітэта адзначыў плённае ўзаемадзеянне з ВДУ імя П.М.Ма­шэрава. На факультэце хіміка-біялагічных і геаграфічных навук існуе некалькі структур, нацэленых на развіццё навукова-даследчай, практычнай і валанцёрскай работы ў галіне экалогіі. Так, у 2005 годзе пры кафедры арганізаваны валанцёрскі атрад “Экалагічны патруль”, у 2010 годзе — студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Экалогія гарадскога асяроддзя”. На базе абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя функцыянуе вучэбна-навукова вытворчы комплекс “Экалогія”, на базе гімназіі № 7 Віцебска — філіял кафедры экалогіі і геаграфіі. Мэтай дзейнасці ВНПК “Экалогія” з’яўляецца інтэграцыя адукацыйнага працэсу, навукі і практыкі, супрацоўніцтва ў напрамку аховы прыроды, сумесных навуковых даследаванняў УВА і камітэта. Аб’яднаная структура забяспечвае правядзенне дадатковых вучэбных заняткаў па прыкладной экалогіі, арганізацыю і вучэбна-метадычнае су­праваджэнне вучэбнай і вытворчай практык студэнтаў, кіраўніцтва выкананнем і абаронай курсавых і дыпломных работ, кансультацыйную дапамогу пры выкананні навуковых даследаванняў і інавацыйных праектаў, каардынацыю ўзаемадзеяння паміж арганізацыямі ў прыродаахоўнай і культурна-асветніцкай рабоце, далучэнне навучэнцаў, студэнтаў і педагогаў да экалагічных мера­прыемстваў, ініцыятарам і арганізатарам якіх выступае камітэт, Прадстаўнікі  ўніверсітэта ўдзельнічаюць у рабоце грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета, а супрацоўнікаў камітэта — у пастаянна дзеючым семінары па практычнай падрыхтоўцы спецыялістаў-эколагаў для студэнтаў 1—4 курсаў спецыяльнасці “Біяэкалогія”.

Акрамя экалагічнага валанцёрства, атрад “Экалагічны патруль” практыкуе стажыроўкі студэнтаў у ролі грамадскіх эколагаў на базе гарадской інспекцыі, мае вялікі вопыт удзелу ў добраахвотніцкіх мерапрыемствах і экалагічных акцыях; многія з іх ажыццяўляюцца сумесна з камітэтам.

З 2010 года каардынацыяй экалагічнага руху на Віцебшчыне займаецца грамадскі каардынацыйны экалагічны савет. У вобласці зарэгістравана 14 грамад­скіх аб’яднанняў, статутная дзейнасць якіх накіравана на экалагічную работу; агульная колькасць грамадскіх эколагаў складае 144 чалавекі. На іх рахунку — дзясяткі канкрэтных карысных спраў. Сярод лідараў — грамадскае аб’яднанне па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Шумілінскага рэгіёна “ЭкаБум” (старшыня праўлення — намеснік дырэктара па вучэбнай і вучэбна-метадычнай рабоце Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната Ірына Кулікова) і грамадскае аб’яднанне “Цэнтр развіцця Відзаў­скага краю”, што створана на базе Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Як сведчаць вынікі рэспубліканскага конкурсу Мінпрыроды, менавіта паўночны рэгіён трымае першынство па колькасці лепшых грамадскіх эколагаў краіны, прычым пераважную частку з іх складаюць настаўнікі. Непасрэдна ў вобласці рэкорд належыць Шаркаўшчыне: у розныя гады ўладальнікамі 1-га месца на заключным этапе конкурсу сталі фатограф Валерый Кавалёнак і чацвёра педагогаў: настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 2 райцэнтра Аксана Пачэпка, Радзюкоўскай базавай школы Ніна Талапіла, Германавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Марына Фёдарава і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Лужкоўскай сярэдняй школы Алена Арэхава. Дарэчы, сёлета Марына Аляксандраўна зноў выйшла ў фінал і заняла 3-е месца. Грамадскія эколагі сумесна з інспекцыямі актыўна ўдзельнічаюць у прафілактычных мерапрыемствах па выкананні рэжыму ажыццяўлення гаспадарчай і iншай дзейнасцi ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах, недапушчэнні выпальвання сухой расліннасці і развядзення вогнішчаў у забароненых месцах, папярэ­джанні пажараў у экасістэмах, акцыях па навядзенні парадку на зямлі. З прыцягненнем грамадскіх эколагаў толькі ў бягучым годзе праведзены 174 рэйды па праверцы выканання прыродаахоўнага заканадаў­ства: выяўлена 131 правапарушэнне, вінаватыя асобы прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці.

У вобласці паспяхова ажыццяўляецца накіраваны на стварэнне і развіццё “зялёных школ”, падтрымку маніторынгавых клубаў і грамадскіх каардынацыйных экалагічных саветаў праект “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і выконваецца Пра­грамай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэр­ствам адукацыі, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні кіраўнік праекта Вольга Чаброўская падрабязна расказала аб яго мэтах, рэалізацыі, інструментах прыцягнення грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і прыняцця экалагічна значных рашэнняў. “Зялёныя школы” — комплексны адукацыйны праект па фарміраванні ў навучэнцаў адказных адносін да прыроды і экалагічна дасведчаных паводзін, павышэнні ўзроўню экалагічнай накіраванасці адукацыі, інфармаванасці мола­дзі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных багаццяў. На базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і мола­дзі дзейнічае рэгіянальны дапаможны рэсурсны цэнтр па “Зялёных школах”: на працягу года яго наведваюць больш за 300 педагагічных работнікаў і каля 3000 навучэнцаў. Куратар праекта ў Аршанскім раённым эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і мола­дзі загадчык аддзела Таццяна Каліноўская ў сваім выступленні акрэсліла шырокія магчымасці ініцыятывы, абгрунтавала яе актуальнасць і запатрабаванасць, неабход­насць павышэння экалагічнай інфармаванасці навучэнцаў. Абмен практычнымі напрацоўкамі ў гэтым напрамку быў працягнуты падчас інтэрактыўных экскурсій па цэнтры з наведваннем кутка жывой прыроды, класа акварыумістыкі, вучэбна-калекцыйнага ўчастка, дзе навучэнцы працуюць над заданнямі па праекце “Зялёныя школы”, знаёмства з IT-акадэміяй “КомпАС”.

З вопытам клубаў экалагічнага маніторынгу ўдзельнікі пасяджэння азнаёміліся на прыкладзе сярэдняй школы № 16 Оршы. Кіраўнік установы адукацыі Галіна Кабешава і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Губянкова расказалі аб супрацоўніцтве навучэнцаў і педагогаў, іх творчых знаходках, дасягненнях у праектнай і даследчай дзейнасці, падзяліліся планамі на перспектыву.

— Мы пабачылі адметны, вельмі цікавы вопыт, — выказала агульнае меркаванне пры падвядзенні вынікаў сустрэчы начальнік аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Капранава. — Дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, заняткі з навучэнцамі праходзяць з выкарыстаннем сучаснага абсталявання, адпаведна ўзбагачаецца спектр адукацыйных магчымасцей. Развіццё экалагічнага светаўспрымання, папулярызацыя экалагічных ведаў і падыходаў — бясцэнны ўклад у будучыню.

Праграма прадугледжвала таксама прагляд відэафільма “Экалогія і мы”, наведванне інтэрактыўнай выставы-кірмашу, знаёмства з экспазіцыяй “Дарункі восені”, падрыхтаванай установамі адукацыі раёна. У завяршэнне ўдзельнікі пасяджэння разам з аршанскімі навучэнцамі далучыліся да рэспубліканскай экалагічнай кампаніі “Добраўпарадкуем малую радзіму” — пасадзілі ліпы і клёны ў гарадскім Парку Герояў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены Віцебскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.