Інвестыцыі ў будучыню сваёй краіны

- 12:16Інфармацыйная гадзіна

У Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя “Уплыў глабальных эканамічных выклікаў на сацыяльна­працоўныя правы чалавека”, арганізаваная па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У ёй прынялі ўдзел вядучыя эксперты ў галіне міжнароднага права, прадстаўнікі ўрада, судовых інстанцый, навуковых колаў, палітолагі, паслы замежных дзяржаў, кіраўнікі міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў і непасрэдна прадстаўнікі тых прадпрыемстваў, якіх закранулі санкцыі.

На форуме абмеркавалі наступныя важныя тэмы: аналіз адпаведнасці аднабаковых абмежавальных мер у сучаснай сістэ­ме міжнароднага права і, як вынік, вызначэнне правамернасці іх прымянення, у тым ліку ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь; уплыў аднабаковых абмежавальных мер на правы чалавека; распрацоўка прапаноў па магчымых механізмах сацыяльнай абароны работнікаў у сувязі з прымяненнем аднабаковых абмежавальных мер, у тым ліку з улікам вопыту краін, якія адчуваюць негатыўнае ўздзеянне названых мер; выпрацоўка рэкамендацый па магчымых перспектыўных дзеяннях Рэспублікі Беларусь у дачыненні да механізму аднабаковых абмежавальных мер.

Абмеркаванне прайшло на трох дыялогавых пляцоўках: “Эканамічныя санкцыі і іх уплыў на сацыяльна­эканамічнае становішча рабочых і развіццё дзяржаў у гэтых умовах”; “Моладзь перад сучаснымі эканамічнымі выклікамі: новы погляд у будучыню”; “Гендарная роўнасць, дэмаграфічная бяспека і здароўе нацыі”. Старшыня прафсаюзнага камітэта Таццяна Раманаўна Якубовіч прыняла ўдзел у дыялогавай пляцоўцы “Моладзь перад сучаснымі эканамічнымі выклікамі: новы погляд у будучыню”.

Беларускі прафсаюз адукацыі сабраў 243 тысячы подпісаў і запісаў больш як 800 відэаролікаў супраць эканамічных санкцый.

— Нашы педагогі вельмі далёкія ад палітыкі, але яны выразна сабе ўяўляюць: калі не працуе прадпрыемства, безумоўна, не будзе паступлення ў бюджэт, — сказала cтаршыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Т.Р.Якубовіч.

Адна з галоўных задач сферы адукацыі — падрыхтаваць кад­ры, на якія сёння ёсць запатрабаванне. Гэта не толькі сфера IT, але і рабочыя спецыяльнасці.

Падчас канферэнцыі старшыня заводскай прафсаюзнай арганізацыі завода бытавой тэхнікі ЗАТ “Атлант” Дзяніс Глушанін адзначыў, што менавіта моладзь з’яўляецца будучыняй любога грамадства. Сёння можна гаварыць пра тое, што новае пакаленне вельмі ўразлівае. Шмат каму, у прыватнасці, не хапае адукацыі, вопыту дзейнасці, статусу. Аднак на варце рызыкі моладзі стаяць дзяржава ў выглядзе норм Працоўнага кодэкса, стратэгіі і Закона аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы і прафсаюзы з наймальнікамі праз маладзёжныя раздзелы калектыўных дагавораў. Бо калі становішча пагоршыцца і справа дойдзе да скарачэнняў, то маладыя людзі — першыя ў зоне рызыкі, паколькі яны прайграюць канкурэнцыю вопытным і ўмелым работнікам.

Па словах намесніка старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці Валерыя Цітова, вызначыць адназначна, адкрыюць санкцыі для нашай краіны новыя перспектывы ці знішчаць эканоміку, зараз нельга. Але яны, безумоўна, негатыўна адаб’юцца на працаўладкаванні моладзі.

Саветнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і сацыяльных адносін апарату Савета ФПБ Дзмітрый Аляксейчык падкрэсліў, што працаўладкаванне — найважнейшае пытанне, якое хвалюе не толькі прафсаюз, але і моладзь. Знаходжанне ў пошуку работы на працягу года і больш негатыўна ўплывае не толькі на фінансавае становішча, але і на захаванне прафесійных навыкаў, самаацэнку асобы.

Моладзь практычна ва ўсіх краінах Заходняй Еўропы, у ЗША, Лацінскай Амерыцы, Азіі сутыкаецца з аднолькавымі праблемамі: дарагоўля і недаступнасць якаснай адукацыі, беспрацоўе і няроўныя ўмовы працы.

— У нас у краіне таксама ёсць шэраг праблем, у тым ліку і эканамічнага характару, якія тычацца маладых людзей і маладых спецыялістаў. Гэта і невысокая заработная плата на старце, незабяспечанасць жыллём. Але ўсё ж ёсць шэраг момантаў, якія значна палягчаюць нашым дзецям жыццё: даступнасць сярэдняй і вышэйшай адукацыі, гарантаванае першае рабочае месца і абароненасць маладых спецыялістаў на ўзроўні заканадаўства, — расказаў галоўны спецыяліст аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Белаграпрамбанк” Дзяніс Фальковіч. — У Беларусі безліч маладых людзей, якія хочуць развіваць бізнес у сваёй краіне і развіваць інавацыйныя тэхналогіі. І тут вялікія кампаніі даюць шанс маладым сябе рэалізаваць.

Дзяніс Фальковіч працуе ў Белаграпрамбанку. У гэтым годзе банку спаўняецца 30 гадоў, і ў гонар юбілею арганізацыя разам з прафсаюзамі рэалізоўвае ўнікальны праект — “Агра 3.0” для моладзі ад 18 да 31 года.

— Гэта конкурс, мэтай якога з’яўляецца падтрымка і развіццё ініцыятывы маладзёжнага прадпрымальніцтва, выяўленне таленавітай моладзі і стымуляванне яе сацыяльнай дзейнасці, пошук ідэй, перспектыўных для распрацоўкі новых прадуктаў і ўкаранення перадавых тэхналогій, —растлумачыў Дзяніс Фальковіч. — Укладваючы ў моладзь, мы робім прамую інвестыцыю ў будучыню сваіх дзяцей, сваёй краіны.