Інвестыцыя ў будучыню

- 17:15Навіны рэгіёнаў

У Віцебску пасля капітальнага рамонту, рэканструкцыі і пераабсталявання адкрыты будынак абласнога палаца дзяцей і моладзі.

Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі — шматпрофільны цэнтр рэалізацыі і прасоўвання перспектыўных маладзёжных ініцыятыў, каардынатар метадычнай работы і ўкаранення перадавога педагагічнага вопыту. Светам творчасці, дабра і пазітыву для больш як 4200 навучэнцаў сталі 416 аб’яднанняў па інтарэсах, сярод якіх 10 узорных калектываў. Дзейнасць юных накіроўва­юць вопытныя педагогі, выдатныя майстры і шчырыя энтузіясты сваёй справы. У іх ліку — выдатнікі адукацыі, майстры спорту, навуковыя работнікі, лаўрэаты і пераможцы рэспубліканскіх прафесійных конкурсаў. У 2018 годзе дзякуючы падтрымцы органаў дзяржаўнай улады пасля капітальнага рамонту з рэканструкцыяй другое нараджэнне набыў будынак палаца на вуліцы Шчарбакова-Набярэжная, што пашырыла магчымасці для развіцця талентаў і творчых здольнасцей, ранняй прафесійнай арыентацыі дзяцей і падлеткаў. З 2019 года тут адкрыты скаладром і праводзяцца спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні. Кожны год звыш 150 прадстаўнікоў установы дадатковай адукацыі перамагаюць на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах.

Большасць аб’яднанняў па інтарэсах, размешчаных у будынку па праспекце Фрунзэ, маюць навукова-даследчую накіраванасць і арыентаваны на ўстойлівае развіццё эканамічна запатрабаваных напрамкаў, выяўленне і падтрымку адоранай і таленавітай моладзі, азнаямленне дзяцей і падлеткаў з высокатэхналагічнымі галінамі эканомікі, фарміраванне ўстойлівай матывацыі да выбару будучай прафесіі ў сферы высокіх тэхналогій, біялогіі і астраноміі, развіццё інавацыйнага мыслення праз навукова-эксперыментальную, даследчую, гульнявую дзейнасць і тэхнічную творчасць. З верасня 2019 года пры экалагічным аддзеле працуе вучэбная лабараторыя, дзе арганізавана работа аб’яднанняў “Крокі ў навуку” і “Вывучай, даследуй, эксперыментуй”. Важкія ўзнагароды атрымалі юныя эколагі па выніках Рэспубліканскага юніёрскага воднага конкурсу, Міжнароднай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні” ў Санкт-Пецярбургу.

На працягу 2020 года ў будынку ішлі маштабныя пераўтварэнні. З абласнога бюджэту на рамонтныя работы, мадэрнізацыю было выдаткавана 2,7 млн рублёў, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы — амаль 500 тысяч рублёў. У ходзе рамонту адрэстаўраваны ўнутраныя памяшканні і фасад, набыта мэбля і сучаснае абсталяванне — мультыборды, інтэр­актыўныя дошкі, камп’ютарная тэхніка, 3D-прынтар і 3D-сканер, беспілотныя лятальныя апараты, шлемы віртуальнай рэальнасці. Сёння сотні віцебскіх школьнікаў займаюцца ў адукацыйным цэнтры “Пазітрон”. На базе гэтай высокатэхналагічнай пляцоўкі створаны лабараторыі прататыпавання, робататэхнікі, інфармацыйных тэхналогій, што дазволіла наладзіць эфектыўную работу аб’яднанняў “Робататэхніка”, “Інжынерная робататэхніка”, “Web-тэхналогіі”, “3D-мадэляванне”, “Праграмаванне віртуальнай рэальнасці”, “Графічны дызайн”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Web-дызайн”, “Паўэрліфтынг”, “Праграмаванне на мове Scratch”, “Стварэнне web-інтэрфэйсаў”, “Камп’ютарныя гульні на мове візуальнага праграмавання Scratch”, “LEGO-тэхнік”, “Юны ROBO-тэхнік”.

Штогод у палацы праводзіцца больш за 200 мерапрыемстваў абласнога ў­зроўню. Самымі яскравымі з’яўляюцца навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў “Квант”, абласны турнір па робататэхніцы, фестывалі школьных бізнес-кампаній і прававых ведаў. Патэнцыял палаца раскрываецца ў тым ліку праз плённае супрацоўніцтва з установамі вышэйшай і прафесійнай адукацыі, інавацыйнымі кампаніямі і прадпрыемствамі, напрыклад, фармацэўтычнай кампаніяй NatiVita. Выбраны вектар супрацоўніцтва дазваляе сумесна праводзіць конкурсы, экскурсіі, арганізоўваць навуковыя канферэнцыі, знаёміць выхаванцаў з найноўшымі распрацоўкамі ў сферы высокіх тэхналогій.

Ва ўрачыстасці разам з педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі прынялі ў­дзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін, генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Віцебскаблсельбуд” Дзяніс Мазуркевіч, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Як адзначыў старшыня аблвыканкама, у рэгіёне ўдалося захаваць і развіць сістэму ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Зберагаючы і прымнажаючы лепшыя традыцыі, яны арганічна спалучаюць у сабе выхаванне, навучанне і развіццё асобы дзіцяці, выступаюць найважнейшым складнікам выхаваўчай прасторы і вызначальным фактарам развіцця схільнасцей, здольнасцей і інтарэсаў, асобаснага, сацыяльнага і прафесійнага самавызначэння дзяцей і моладзі. З году ў год педагогі дадатковай адукацыі забяспечваюць вольны час, карысную занятасць непаўналетніх, прафарыентацыю, прафілактыку супрацьпраўных паводзін.

У 2021 годзе ў краіне адкрыецца Дзіцячы тэхнапарк, дзе навучэнцы будуць асвойваць самыя перспектыўныя набыткі тэхнічнай думкі, інфармацыйных тэхналогій. На Віцебшчыне работа ў названым кірунку ажыццяўляецца з 2016 го­да. Сумесна з Паркам высокіх тэхналогій сучасныя лабараторыі былі створаны спачатку ў Оршы і Наваполацку, затым практычна ва ўсіх раёнах. Кіраўніцтва вобласці ўдзяляе значную ўвагу развіццю сістэмы адукацыі, аказвае падтрымку ўсім канструктыўным пачынанням; на выдзеленыя дзяржавай сродкі набываецца абсталяванне для развіцця сеткі аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага, турыстычна-краязнаўчага, мастацкага профіляў, у тым ліку камп’ютары, ноўтбукі, лічбавыя фотаапараты, графічныя планшэты, наборы Lego, квадракоптары з радыёкіраваннем, швейныя машыны, акустычныя сістэмы, інтэрактыўныя панэлі. Цяпер у Віцебску ёсць свая маладзёжная інавацыйная пляцоўка, якая аб’ядноўвае ўсе тэхнічныя напрамкі.

— Сёння асаблівы дзень: не проста адкрыццё яшчэ аднаго будынка ў нашым горадзе, хоць і гэта важна, а інвестыцыя ў будучыню нашых дзяцей, — звярнуўся да герояў свята Мікалай Шарснёў. — Сапраўды можна ганарыцца тымі перспектывамі, якія разгортваюцца перад нашай моладдзю, — шануйце іх, любіце сваю Радзіму, родны край. Зусім нядаўна мы з вамі адкрывалі будынак палаца на Шчарбакова-Набярэжнай, уклалі немалыя сродкі ў яго мадэрнізацыю і набыццё найноўшага абсталявання. Ужо тады было зразумела, што ён ніколі не бу­дзе пуставаць. Цяпер тысячы дзяўчынак і хлопчыкаў штодня спяшаюцца ў любімыя гурткі, каб цікава і з карысцю правесці час, дзякуючы творчым педагогам навучыцца таму, чаго яшчэ ўчора не ведалі і не ўмелі. Вы, дарагія дзеці, сваімі поспехамі праслаўляеце родную Віцебшчыну і паказваеце нам, дарослым, што мы ўсё зрабілі правільна.

Для гасцей гаспадары правялі экскурсію па будынку палаца і эколага-
біялагічным участку, прапанавалі паса­дзіць дрэўцы на памятнай алеі. Святочны салют і запіс у аб’яднанні па інтарэсах, канцэртная праграма, работа аніматараў і дзіцячага тэлебачання, дэманстрацыйныя пляцоўкі, конкурсы, гульні — свята атрымалася запамінальным, шчодрым на ўсмешкі і добры настрой.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена
Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.