Інвестыцыя ў будучыню

- 11:17Адукацыйная прастора, Рознае
Менавіта так вызначаюць многія нашы юныя суайчыннікі час, які яны прысвячаюць даследчыцкай дзейнасці. У Оршы падведзены вынікі IV Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па замежных мовах.

Конкурс аб’яднаў юных, таленавітых і мэтанакіраваных даследчыкаў, гатовых пакараць новыя вяршыні ведаў, многа працаваць, каб дасягнуць бліскучых вынікаў і ў жыцці, і ў будучай прафесіі. Сёлета ў ім прынялі ўдзел 75 навучэнцаў 7—11 класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Перад імі гасцінна расчыніў дзверы Аршанскі дзяржаўны політэхнічны каледж — менавіта там разгарнулася інтэлектуальнае спаборніцтва. Як заўсёды, у колькасных суадносінах найбольш прадстаўнічымі былі секцыі англійскай, нямецкай і французскай моў, дзе сабраліся адпаведна 22, 20 і 18 юных даследчыкаў. Акрамя таго, навучэнцы абаранялі праекты на іспанскай і кітайскай мовах.
— Сярод вас ёсць не толькі будучыя дыпламаты, вучоныя, даследчыкі, але і выдатныя інжынеры, педагогі, урачы, прадпрымальнікі, эканамісты, прадстаўнікі іншых цікавых і запатрабаваных спецыяльнасцей, і стаць сапраўдным прафесіяналам кожнаму з вас дапаможа дасканалае валоданне замежнай мовай, — звярнулася да ўдзельнікаў рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава. — Мне вельмі хочацца спадзявацца, што сярод вас знаходзіцца чалавек, які гадоў праз 10 па просьбе якой-небудзь важнай міжнароднай структуры, хвіліны тры праслухаўшы па тэлефоне суразмоўніка, па вымаўленні вызначыць: “Так, гэта англійская мова, на ёй размаўляе нігерыец, які атрымаў адукацыю ў Вялікабрытаніі, але ў Нігерыі ён цяпер не жыве” — і такім чынам паспрыяе вырашэнню важнай задачы. Кім бы вы ні сталі, куды б ні пайшлі, памятайце, што трэба ведаць замежныя мовы, і не адну, а некалькі. Той час, які вы ўклалі ў свае работы, будзе потым працаваць на вас: вы яго не патрацілі, а падарылі сваёй будучыні. Таму тых, хто прайграў, тут няма.
Павітаць юных знаўцаў замежных моў і іх педагогаў у Оршу прыбылі прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь; відэазварот канкурсантам адрасаваў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Брус Бакнэл. Прыемным сюрпрызам для навучэнцаў сталі падарункі ад шаноўных гасцей. У сваю чаргу гаспадары свята былі вельмі ўдзячны ўсім тым, хто падзяліў з імі радасць перамогі, хто імкнецца да ўмацавання сяброўскіх сувязей з Беларуссю, аказвае маральную і матэрыяльную падтрымку таленавітым беларускім школьнікам.

У складзе журы конкурсу працавалі 15 чалавек — выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і вядучых профільных УВА, а таксама лепшыя настаўнікі замежных моў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны. Дарэчы, па водгуках журы, узровень конкурсных даследаванняў у параўнанні з мінулым годам прыкметна вырас, значна пашырылася і тэматыка. Упершыню ў работу канферэнцыі была ўключана секцыя “Кітайская мова”.
— Тым не менш першы блін не атрымаўся камяком: навучэнцы падрыхтавалі добрыя работы і парадавалі ўдалымі выступленнямі, — расказаў старшыня журы секцыі, прафесар кафедры ўсходніх моў МДЛУ, доктар гістарычных навук КНР Лінь Дзюнь. — Думаю, што і працяг нашай сумеснай дзейнасці будзе не менш паспяховым.
Падчас урачыстай цырымоніі закрыцця конкурсу прадстаўнікі Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь — другі сакратар па справах адукацыі Ван Дацзюнь і першы сакратар па справах культуры Ся Гуанюань — выказалі падзяку Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь за тое, што ў гэтым годзе кітайская мова з’явілася ў праграме конкурсу. Па прызнанні гасцей з КНР, яны былі прыемна ўражаны вялікім інтарэсам да Кітая з боку юных беларусаў і ведамі, якія прадэманстравалі будучыя спецыялісты-кітаісты.
Дыплом І ступені ў секцыі “Кітайская мова” атрымала Варвара Сапрыкіна (сярэдняя школа № 10 Мінска) з работай “Нацыянальны касцюм: вызначальныя асаблівасці і адлюстраванне нацыянальнага каларыту”. Пераможцамі конкурсу ў сваіх секцыях былі прызнаны Настасся Лаўрык (сярэдняя школа № 114 Мінска імя Сімона Балівара), Яна Шаўко (гімназія № 17 Мінска), Дар’я Целянчук (сярэдняя школа № 49 Гомеля), Таццяна Пацяпня (гімназія № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля) і Кацярына Шылько (Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1).

Орша ўпершыню прымала мерапрыемства такога ўзроўню. Гаспадары пастараліся забяспечыць для ўдзельнікаў дэлегацый абласцей, журы і ганаровых гасцей максімальна камфортныя ўмовы. Акрамя конкурснай, для іх была прадугледжана змястоўная культурная праграма. Для многіх экскурсіі па горадзе, праведзеныя настаўнікамі гісторыі, сталі сапраўдным адкрыццём!
— Спадзяюся, што конкурс запомніцца вам не толькі як спаборніцтва, але і як час, калі вы знайшлі аднадумцаў і пазнаёміліся з цікавым рэгіёнам нашай краіны, — звяртаючыся да канкурсантаў і гасцей Оршы, падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь старшыня аргкамітэта конкурсу Васіль Будкевіч. — Чым больш мы, прадстаўнікі розных рэгіёнаў і краін, будзем кантактаваць, ведаць адно пра аднаго — тым больш будзем сябраваць. Канкурэнцыя ў рэспубліцы за гонар прымаць у сябе нашу канферэнцыю па замежных мовах вельмі вялікая. Лічу, што выбар месца яе правядзення ў гэтым годзе — гэта ў пэўным сэнсе і ацэнка работы педагагічных калектываў школ і гімназій горада, якія славяцца добрай выніковасцю па замежных мовах. Думаю, што вызначаны выбар удзельнікаў і арганізатараў конкурсу не расчараваў. Сёння мы пачулі многа цёплых і шчырых пажаданняў у іх адрас. А я наўмысна пачну з іншага: падзякую педагагічным калектывам, педагогам школ, гімназій і ліцэяў, іх бацькам, скажу вялікі дзякуй нашым сябрам з Кітая, Францыі, Венесуэлы, Германіі, Англіі і многіх іншых краін, якія працуюць сёння на нашай зямлі, прадстаўляючы свае дзяржавы, а самае галоўнае — яны адкрываюць нашу Беларусь для сваіх суграмадзян. А мы ў сваю чаргу адкрываем іх краіны і з вялікай любоўю, глыбокай павагай далучаемся праз мову да гісторыі, культуры, літаратуры гэтых краін. А цяпер пра вас, шаноўныя ўдзельнікі і пераможцы конкурсу. Вы для нас фактычна тыя вокны і дзверы, праз якія нашу краіну бачыць замежжа. Вы толькі ў пачатку шляху, яшчэ становіцеся на крыло. Але вельмі хутка, я ўпэўнены, дзякуючы вашым настаўнікам і педагогам, якія сёння віншавалі вас і з нецярплівасцю чакаюць у аўдыторыях беларускіх УВА, вы будзеце дастойна прадстаўляць перад замежнымі партнёрамі родную Беларусь.

Васіль Будкевіч выказаў шчырую ўдзячнасць Мінскаму дзяржаўнаму лінгвістычнаму ўніверсітэту і ўпраўленню адукацыі Віцебскага аблвыканкама за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні конкурсу. За забеспячэнне высокага ўзроўню арганізацыі і правядзення IV Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па замежных мовах і стварэнне ўмоў для міжкультурных зносін Аршанскі райвыканкам, аддзел адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама і Аршанскі дзяржаўны політэхнічны каледж былі адзначаны падзякамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.