Інжынер для LEGO

Прарыўныя тэхналогіі ў будаўніцтве стымулююць попыт на новыя прафесіі

Аднымі з самых запатрабаваных спецыялістаў будаўнічай галіны ў гэтым годзе сталі інжынеры. Па інфармацыі “Российской газеты”, такія вынікі паказала даследаванне кампаніі Gravity Recruitment. 16% кампаній, якія плануюць пашыраць штат су-працоўнікаў, маюць намер зрабіць гэта менавіта ў блоку будаўніцтва і інжынірынгу. Таксама запатрабаванымі спецыялістамі ў будаўнічай сферы, як адзначае сам бізнес, застаюцца архітэктары і праекціроўшчыкі.

Вынікі апытання супрацоўнікаў паказваюць, што больш за ўсё новых калег хацелі б убачыць будаўнікі і інжынеры — гэта 43% з тых, хто ў прынцыпе лічыць пашырэнне свайго падраздзялення неабходным, — тлумачыць вынікі даследавання кансультант практыкі Real Estate & Construction кампаніі Gravity Recruitment Алена Курачкіна.

Будаўнічая сфера ў цэлым мае патрэбу ў кадрах. Пра гэта сведчыць і даследаванне кампаніі HeadHunter. Згодна з іх аналітыкай, будаўнічая сфера займае 5-е месца ў Маскве па колькасці вакансій (па стане на сакавік 2018 года), а доля вакансій сярод рабочых спецыяльнасцей у цэлым пастаянна расце.

“У сённяшняй папулярнасці працоўных спецыяльнасцей некалькі прычын, і яны даўно ўплываюць на рынак, — гаворыць кіраўнік службы даследаванняў кампаніі HeadHunter Марыя Ігнатава. — Пошук спецыяліста на працоўную пасаду заўсёды праблема: кандыдатаў няшмат, яны радзей шукаюць працу праз інтэрнэт, далёка не ўсе з іх адпавядаюць чаканням работадаўцаў. А гэта і веданне абсталявання, і адказны падыход да працы, і вопыт”.

“Папулярнасць сярэдняй прафесійнай адукацыі ў 2000-х гадах была вельмі нізкай. Адсюль і недахоп кваліфікаваных кадраў зараз”, — дадала эксперт. Важную ролю тут адыгрываюць і самі работадаўцы. Часта з рабочай пасадай асацыіруюцца дрэнныя ўмовы працы, нізкая зарплата, бюракратызм, таму офісная работа камусьці здаецца больш прывабнай.

Пры гэтым дасведчаны кваліфікаваны рабочы, па словах Марыі Ігнатавай, не адчувае цяжкасцей на рынку працы: па вакансіях, апублікаваных на HeadHunter, відаць, што ёсць кампаніі, гатовыя прапанаваць добрую зарплату. “У любым выпадку, калі канкурэнцыя нізкая, то саіскальнікі будуць выбіраць, а работадаўцы — змагацца за іх увагу ўсімі спосабамі”, — адзначыла М.Ігнатава.

Эксперты прагназуюць, што патрэба ў кадрах для будаўнічай галіны, асабліва ў інжынерах, з кожным годам будзе толькі расці. Нягледзячы на тое, што будаўніцтва прынята лічыць кансерватыўнай галіной, у апошнія гады назіраецца з’яўленне новых матэрыялаў і інжынерных рашэнняў. Гэта ў сваю чаргу патрабуе новых кваліфікацый і навыкаў ад спецыялістаў.

Якія менавіта навыкі будуць запатрабаваны, цяпер пралічваюць эксперты. Напрыклад, Агенцтва стратэгічных ініцыятыў і Маскоўская школа кіравання “СКОЛКАВА” падрыхтавалі праект “Атлас новых прафесій”, у якім расказалі, як будуць трансфармавацца прафесіі ў будаўнічай галіне ў найбліжэйшы час.

Згодна з прагнозам, найбольш перспектыўнымі кірункамі і матэрыяламі ў галіне стануць лічбавае праектаванне і падрыхтоўка вытворчасці, канструкцыйныя матэрыялы з зададзенымі ўласцівасцямі, будаўнічыя канструктары (так званыя “LEGO-дамы”), тэхналогіі інтэгравання лічбавых асяроддзяў унутры жылых і офісных памяшканняў (“разумныя дамы”), 3D-друкаванне ў будаўніцтве. Новыя матэрыялы дазволяць прымяняць і новыя тэхналогіі, і новыя архітэктурныя рашэнні, скіраваныя на павышэнне энергаэфектыўнасці будынкаў. Яшчэ адзін трэнд — экалагічнасць і памяншэнне ціску на навакольнае асяроддзе. Сам працэс будаўніцтва, па прагнозах экспертаў, будзе станавіцца больш аўтаматызаваным. Аднак гэта не азначае, што роля чалавека ў працэсе будаўніцтва будзе змяншацца.

Хутчэй яна будзе трансфармавацца. Так, згодна з прагнозам, ужо ў 2020 годзе можа з’явіцца такая прафесія, як спецыяліст па мадэрнізацыі будаўнічых тэхналогій з веданнем сучасных тэхналогій і ўменнем прымяніць іх, напрыклад, для мадэрнізацыі існуючых будынкаў: у электра-, водазабеспячэнні, водаадвядзенні і кандыцыяніраванні офісаў і жылых дамоў.

Таксама да 2020 года будуць запатрабаваны праекціроўшчыкі інфраструктуры “разумнага дома”. У іх абавязкі будуць уваходзіць праектаванне, устаноўка і настройка інтэлектуальнага “начыння” дома: бытавой тэхнікі, сістэм бяспекі, энергазабеспячэння, водазабеспячэння, кандыцыяніравання і іншага. Эксперты прагназуюць з’яўленне такой прафесіі, як прараб-вотчар — спецыяліст па будаўніцтве з прымяненнем лічбавых праектаў збудаванняў, які выкарыстоўвае сістэмы распазнавання вобразаў для ацэнкі ходу будаўніцтва і карэкціруе працэс будаўніцтва з улікам вынікаў аналізу даных.

Ужо цяпер можа быць запатрабаваным спецыяліст па перабудове і ўзмацненні старых будаўнічых канструкцый. У яго абавязкі будуць уваходзіць ацэнка ступені састарэласці будынкаў, падбор новых тэхналагічных рашэнняў (у тым ліку з прымяненнем новых матэрыялаў) для перабудовы і ўзмацнення канструкцый. Такія спецыялісты сёння могуць быць запатрабаваны для працы па рэканструкцыі гістарычных будынкаў і помнікаў архітэктуры.

У 2020 годзе можа з’явіцца такая прафесія, як спецыяліст па мадэрнізацыі будаўнічых тэхналогій.

Пасля 2020 года сярод лепшых будаўнічых прафесій, па прагнозах, апынецца і архітэктар “энерганулявых” дамоў — спецыяліст, які займаецца праектаваннем энергетычна аўтаномных дамоў, якія цалкам забяспечваюць сябе неабходнай энергіяй за кошт розных крыніц альтэрнатыўнай генерацыі і выкарыстання энергазберагальных матэрыялаў і канструкцый.

У сярэднетэрміновай перспектыве на авансцэну могуць выйсці праекціроўшчыкі 3D-друкавання ў будаўніцтве. У кола іх абавязкаў увойдуць праектаванне макетаў канструкцый, падбор найлепшых кампанентаў для іх друку, а таксама суправаджэнне непасрэдна самога працэсу друку дамоў.

Па словах стваральнікаў “Атласа новых прафесій”, будаўніцтва — адна з масавых галін, спецыялісты якой будуць запатрабаваны яшчэ вельмі доўга. Большасць кампаній галіны — гэта прыватныя сярэднія і буйныя суб’екты рынку, якія выконваюць розныя тыпы працы — ад праекціроўкі да будаўніцтва і эксплуатацыі. Акрамя гэтага, многія прамысловыя кампаніі ў сферы энергетыкі, здабычы, транспарту маюць свае ўласныя інжынерна-будаўнічыя падраздзяленні.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *