Чым адметныя творчая лабараторыя па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзіцячага сада № 12, новы інжынерна-тэхнічны цэнтр сярэдняй школы № 7 і медыяцэнтр цэнтра творчасці дзяцей і моладзі — даведаліся падчас чарговага прэс-туру ў Ваўкавыск.
— Мы робім усё для таго, каб у дашкольнікаў і навучэнцаў нашага раёна былі створаны неабходныя ўмовы для эфектыўнага навучання, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Красько.

У бягучым годзе ў трох ваўкавыскіх установах адукацыі былі адкрыты тры інжынерна-тэхнічныя цэнтры, у якіх школьнікі будуць займацца рознымі даследаваннямі.
— Да таго ж сёлета была абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база многіх устаноў адукацыі. Дзіцячыя сады №№ 1, 2, 3, 4, 5, 10, 12 і Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прыкметна змяніліся — былі адрамантаваны фасады будынкаў, заменены аконныя блокі і добраўпарадкаваны прылеглыя тэрыторыі. Усё гэта дзякуючы фінансаванню, выдзеленаму з раённага і абласнога бюджэтаў, — праінфармаваў Пётр Яўгенавіч.
Фарміраванне ў выхаванцаў асноў грамадзянскасці і патрыятызму — адна з галоўных задач педагогаў дзіцячага сада № 12 Ваўкавыска.
— Дашкольны ўзрост — каштоўны перыяд станаўлення асобы, таму паняцці пра патрыятызм і што кожны чалавек з’яўляецца часткай грамадства неабходна закладваць у дзяцінстве. Бо сёння выхаванне грамадзяніна-патрыёта — адказная справа, — пераканана загадчыца ўстановы Ніна Папялушка.

Яна расказала, што выраз Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі “Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт…” натхніў яе ў 2022 годзе на стварэнне творчай лабараторыі па фарміраванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры выхаванцаў. Усе апошнія гады вопытныя, творчыя і ініцыятыўныя педагогі дзіцячага сада імкнуцца далучаць выхаванцаў да роднай мовы, асноў гісторыі і культуры краіны. Дзеля гэтага яны знаходзяцца ў несупынным пошуку новых форм арганізацыі патрыятычнага выхавання.
Так, педагогі Жанна Мерчы і Жанна Бучылка стварылі метадычную распрацоўку, выкарыстоўваючы адзін са спосабаў візуалізацыі вучэбнага матэрыялу — “Інтэрактыўны гексагон”. Ён складаецца з дыдактычных гульняў “Які ён, наш сцяг” і “Вось ён які — наш герб”. Дарэчы, гэтая распрацоўка ўключана ў рэспубліканскую метадычную скарбонку “Тэхналогіі візуалізацыі ў сучасным адукацыйным працэсе”, створаную спецыялістамі Акадэміі адукацыі.

А яшчэ ва ўстанове ўдзельнікі лабараторыі праводзяць “Педагагічны нетворкінг”, стварылі інтэрактыўны музей беларускіх музычных гукаў, арганізавалі музычную гасцёўню “Музыка — адзіная мова свету”, ладзяць педагагічныя сустрэчы “Размовы пра важнае: патрыятызм у вершах і песнях”, адзначаюць розныя святы і інш.
— Дзейнічае наша творчая лабараторыя ў трыядзе “педагогі — выхаванцы — бацькі”. Мамы і таты рэгулярна ўдзельнічаюць у нашых мерапрыемствах, бо адмовіць сыну ці дачцэ выступіць разам, канечне ж, не могуць, — дадала Ніна Мікалаеўна. — Увогуле, ідэй у нас шмат, рэалізаваць усе ў сваёй установе мы не можам, таму дзелімся з калегамі. Так, у дзіцячым садзе № 10 Ваўкавыска створаны парк памяці, у Краснасельскім дзіцячым садзе праведзена спартыўна-патрыятычная гульня “Зарнічка”, а ў ваўкавыскім дзіцячым садзе № 2 адкрыты цэнтр па фарміраванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры. Мы можам смела гаварыць: наша творчая лабараторыя — актыўная і эфектыўная.
Між іншым у рамках дзейнасці лабараторыі ў Год добраўпарадкавання работнікі дзіцячага сада ўнеслі змяненні ў афармленне тэрыторыі ўстановы, якая з’яўляецца іх своеасаблівай візітоўкай.
— Сёлета мы значна змянілі ўнутраны дворык. На яго тэрыторыі размясцілася карта Беларусі, прыгожыя кветнікі і шматлікія малыя архітэктурныя формы. А яркім завяршэннем добраўпарадкавання дворыка стала закладка капсулы часу. Ніна Мікалаеўна разам з выхаванцамі ва ўрачыстай атмасферы пакінулі пасланне будучым пакаленням, — сказала намеснік загадчыка ўстановы Аксана Юркова.

Вялікае значэнне ва ўстанове надаецца фізкультурна-аздараўленчай рабоце. Сёння, на жаль, нават самыя малыя дзеці — з гаджэтамі ў руках, а гэта вядзе да зніжэння актыўнасці і нарастання праблем са здароўем. Таму вельмі важна менавіта ў дашкольным узросце закласці асновы здаровых адносін да свайго цела і ладу жыцця. Для гэтага выхаванцы не толькі вучацца рабіць зарадку, але і плаваць у басейне.
У сярэдняй школе № 7 Ваўкавыска асаблівае значэнне надаецца падрыхтоўцы адораных і матываваных вучняў да алімпіяд і ўдзелу ў навукова-даследчай дзейнасці.
— У нашай школе працуе больш за 120 адданых сваёй справе настаўнікаў. 94% педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, ёсць тры настаўнікі-метадысты і чатыры выдатнікі адукацыі. Нашы вучні паказваюць добрыя вынікі на выпускных іспытах. Так, за апошнія два гады 5 навучэнцаў атрымалі 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваных экзаменах і двое — на ЦТ, — адзначыў дырэктар установы Аляксандр Бакуновіч.

Да таго ж школьнікі рэгулярна ўваходзяць у лік мацнейшых на прадметных алімпіядах.
— А ўсё таму, што да адораных хлопчыкаў і дзяўчынак мы пачынаем прыглядацца яшчэ ў пачатковай школе — у 3—4 класе. І тут галоўнае — не згубіць іх у 5-м. Звычайна ў кожнай маёй паралелі ёсць вучні, якія перамагаюць на ўзроўні раёна, вобласці і нават рэспублікі. Хоць, прызнаюся, работа з алімпіяднікамі вельмі складаная, карпатлівая і патрабуе шмат намаганняў, бо з такімі дзецьмі неабходна працаваць асобна. Як толькі я заўважаю здольнага вучня, то адразу пачынаю даваць яму больш складаныя заданні. Часта бывае і так, што вучэбную праграму ён праходзіць наперад і ў другім паўгоддзі замацоўвае набытыя веды, — патлумачыла настаўніца матэматыкі Ларыса Мігдалёнак.

У школе дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Спектр”. У ім 8 секцый, дзе займаецца 120 навучэнцаў. Многія з іх заняты праектнай дзейнасцю, вынікі якой прэзентуюцца на навукова-практычных канферэнцыях.
— За апошні час нашы вучні на абласных канферэнцыях заваявалі 4 дыпломы, а на рэспубліканскіх і міжнародных — 9. Яшчэ большым дасягненням будзе спрыяць і адкрыты ў лістападзе інжынерна-тэхнічны цэнтр. У ім размешчана сучаснае абсталяванне, якое дазволіць весці навучанне па двух напрамках: “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Зялёная хімія”. Нашы вучні змогуць развіваць тут свае інжынерныя і тэхнічныя навыкі, увасабляць свае ідэі ў рэальныя праекты, а яшчэ рыхтавацца да алімпіяд і конкурсаў і атрымліваць практычны вопыт, неабходны для будучай кар’еры, — сказала настаўніца хіміі Іна Рыбалтоўская.
У школе вучыцца 1401 навучэнец. Амаль для сотні з іх наладжана профільнае навучанне, прычым па дзвюх мадэлях фарміравання класаў. Па першай у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” школьнікі авалодваюць прафесіямі швачкі, слесара па рамонце аўтамабіляў і сталяра. Па другой — паглыблена вывучаюць беларускую мову, матэматыку, рускую мову, англійскую мову, хімію і біялогію. Арганізавана і работа профільных груп педагагічнай, інжынернай, медыцынскай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, дзякуючы чаму значны працэнт выпускнікоў паступае ва УВА. Напрыклад, з 2022 па 2025 год толькі ў Купалаўскі ўніверсітэт паступіла 117 юнакоў і дзяўчат.
— Сёлета 87,5% навучэнцаў групы інжынернай накіраванасці паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на інжынерныя спецыяльнасці. Дарэчы, як паказвае практыка, выпускнікі груп прафесійнай накіраванасці хутчэй адаптуюцца да ўмоў навучання ва ўніверсітэце, — падзяліўся назіраннем Аляксандр Бакуновіч.

Стварэнне цікавага кантэнту — у цэнтры ўвагі выхаванцаў медыяцэнтра “Пуск” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
— Адкрыццё медыяцэнтраў — сучасная тэндэнцыя ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта абумоўлена ростам ролі медыйных і інфармацыйных тэхналогій у нашым жыцці. Сёлета і мы вырашылі адкрыць медыяцэнтр з сучасным мультымедыйным абсталяваннем. Тут падлеткі вучацца фатаграфаваць, здымаць сюжэты, манціраваць ролікі, браць інтэрв’ю, асвойваць майстэрства тэлевядучага і журналіста, а самае галоўнае — працаваць у камандзе, — паведаміла кіраўнік “Пуска” загадчыца аддзялення сацыяльных праектаў і дзіцячых, маладзёжных ініцыятыў Цэнтра творчасці Людміла Івашчанка.

Многія выхаванцы медыяцэнтра мараць стаць тэлевядучымі і блогерамі. Дзеля гэтага яны ўжо зараз здымаюць рэпартажы пра мясцовыя мерапрыемствы, бяруць інтэрв’ю ў знакамітых людзей рэгіёна, расказваюць пра поспехі і дасягненні сваіх равеснікаў, а пасля атрыманым кантэнтам запаўняюць сацсеткі і YouTube-канал “Пуска”.

А яшчэ медыяцэнтр супрацоўнічае з рэдакцыяй мясцовай газеты “Наш час”, дзе перыядычна друкуюцца невялікія артыкулы юных журналістаў. У планах — наведаць кафедру журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, каб прайсці адукацыйныя блокі і майстар-класы па відэамантажы, фотаздымцы і графічным дызайне. Гэта дапаможа падлеткам канчаткова вызначыцца, кім быць: блогерам, тэле- або радыёвядучым ці аддаць перавагу друкаваным СМІ.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





