Інжынерная…

БНТУ завяршыў залічэнне студэнтаў на бюджэтную форму. Сёлета попыт на спецыяльнасці вядучага тэхнічнага ўніверсітэта істотна павысіўся.

Па словах першага прарэктара БНТУ Георгія Вяршыны, за кошт сродкаў бю­джэту (на скарочаны і поўны тэрмін дзённай і завочнай форм) ва ўніверсітэт залічылі 2947 чалавек. А колькасць пададзеных заяў была ўдвая большай за лічбы прыёму.

— Такога конкурсу ў нас не было гады 3—4, асабліва на вострадэфіцытныя спецыяльнасці, накіраваныя на падрыхтоўку кадраў у вядучых галінах — будаўніцтве, энергетыцы, прыборабудаванні, — гаворыць Георгій Аляксандравіч. — Да таго ж усё больш маладых людзей хочуць атрымаць другую адукацыю .

Павышаная ўвага да дэфіцытных спецыяль­насцей, на думку першага прарэктара, падмацоўвалася некалькімі фактарамі: стабілізацыяй эканомікі краіны, правільна арганізаванай работай з абітурыентамі, добрай падрыхтаванасцю выпускнікоў сярэдніх школ і ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Пры размеркаванні прадпрыемствы змагаюцца паміж сабой за маладых спецыя­лістаў, заахвочваюць іх рознымі сродкамі. Гэта выклікае цікавасць у людзей, і моладзь імкнецца паступіць на запатрабаваную спецыяль­насць. Доказы аб перавагах інжынернай адукацыі падмацоўваюцца добрай рэкламнай кампаніяй, асабістым падыходам да школьнікаў, дзейнасцю ў сацыяльных сетках і работай выкладчыкаў. Напрыклад, адзін з выкладчыкаў спецыяльнасці “Архітэктура” наведаў 4 школы ў Слуцкім і Салігорскім раёнах, і з кожнай з іх толькі на гэты кірунак да нас прыйшло 3—4 чалавекі. Як паказва­юць уступныя экзамены, гэта вельмі здольныя дзеці, — тлума­чыць Георгій Вяршына. — Выпускнікі ідуць у БНТУ мэтанакіравана: займаюцца з рэпетытарамі, наведваюць універсітэцкія курсы, прапрацоўваюць тэсты — гэта дапамагае нармальна здаць ЦТ. І калі звычайна на завочную форму набор праходзіў спакойна, то сёлета гэта было ў шалёным тэмпе.

Доказам з’яўляецца работа прыёмнай камісіі ў апошні дзень падачы дакументаў на бюджэтную форму. Апошняга абітурыента ў БНТУ сёлета прынялі ў 23 гадзіны. Але трэба было яшчэ запоўніць журналы, праве­рыць бланкі — члены камісіі разышліся толькі а палове трэцяй раніцы. Першы прарэктар адзначае, што ў яго 40-гадовай практыцы такія плыні людзей — справа нячастая.

На думку Георгія Аляксандравіча, на першым месцы ў сучаснага абітурыента ў большасці выпадкаў стаіць матэрыяльны фактар. І першае пытанне, якое задаюць: “Колькі грошай я буду зарабляць, калі скончу ўніверсітэт?” На гэтае пытанне маладым людзям адказваюць па-рознаму.

— Айцішнікі зарабляюць многа. Іншыя галіны маўчаць наконт заработнай платы, але плацяць, паверце, не менш. Як, напрыклад, у выпадку з распрацоўшчыкамі карысных выкапняў, якіх мы рыхтуем для Салігорска, выпускнікамі напрамкаў “Масты і тунэлі”, “Будаўніцтва аўтамабільных дарог”. І з улікам таго, што 70—80% студэнтаў — іншагароднія, выпускнікі такіх спецыяльнасцей дапамагаюць фарміраваць імідж БНТУ ў краіне, — адзначыў першы прарэктар. — У параўнанні з мінулым годам, прахадныя балы ў нас выраслі ад 60 да 100 пунктаў. Напрыклад, на не самую папулярную спецыяльнасць “Металургічная вытворчасць” (механіка-тэхналагічны факультэт) летась прахадны бал складаў 172, а сёлета — 213. Тлумачыцца гэта добрай падрыхтоўкай выпускнікоў школ і прафесійна-тэхнічных устаноў.

Георгій Вяршына перакананы, што інжынерная адукацыя БНТУ павінна змяшчаць у сабе тры непадзельныя складнікі: валоданне прафесіяй на аснове нанатэхналогій, уменне прымяняць у рабоце інфармацыйныя тэхналогіі і дызайнерскае афармленне канчатковага прадукту. Калі да гэтага дадаецца і валоданне любой замежнай мовай, то выпускнік не пашкадуе пра свой выбар.

…і педагагічная кропкі ўступнай кампаніі

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка студэнтамі бюджэтнай формы навучання сталі 1125 чалавек.

Як паведамілі ў прэс-службе БДПУ, чвэрць залічаных на спецыяльнасці дзённай формы навучання (больш за 150 чалавек) — медалісты і ўладальнікі дыпломаў сярэдніх спецыяльных устаноў з адзнакай. Таксама студэнтамі ўстановы сталі больш за 210 выпускнікоў педагагічных класаў, 130 з якіх скарысталі права паступлення без экзаменаў па выніках субяседавання (сёлета сярэдні бал атэстата ў такіх абітурыентаў — 8,9). Больш за 120 першакурснікаў — выпускнікі гімназій і ліцэяў.

Акрамя таго, студэнтамі ўніверсітэта сталі 100 высокаўзроўневых спартсменаў: майстры спорту міжнароднага класа, кандыдаты ў майстры спорту і першаразраднікі.

Адметна, што ў сёлетнюю прыёмную кампанію амаль на ўсіх спецыяльнасцях БДПУ імя Максіма Танка назіраецца рост прахадных балаў (максімальны скачок складае 115 пунктаў). Так, самыя высокія балы на дзённай форме навучання — на спецыяльнасцях “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” (322 балы), “Лагапедыя” (314 балаў), “Руская мова і літаратура” (306 балаў), “Псіхалогія” (305 балаў) і “Практычная псіхалогія” (304 балы). А па большасці спецыяльнасцей завочнага аддзялення прахадныя балы перавысілі 200.

Даната Зубракова, якая стала студэнт­кай факультэта эстэтычнай адукацыі, у творчасці з дзяцінства. На выбар дзяўчыны паўплывалі яе матуля і першая настаўніца музыкі Людміла Івакіна, таму пасля заканчэння музычнага каледжа сумненняў наконт будучай прафесіі не было.

— Пасля заканчэння ўніверсітэта бачу сябе настаўнікам, які зможа паказаць дзецям свет творчасці, — дзеліцца планамі дзяўчына. — А дапаможа ў гэтым мой жыццёвы дэвіз: “Бачу мэту — не заўважаю перашкод”.

Аліна Васільева прыехала ў Беларусь з Латвіі: паступаць у БДПУ дзяўчына вырашыла яшчэ 3 гады назад. Тады, скончыўшы Рыжскую беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы, яна зразумела, што беларуская культура стала ёй роднай.

— У маёй краіне няма вышэйшай навучальнай установы, цалкам звязанай з педагогікай, — толькі факультэты. Улічваючы гэта, я падумала: хто падрыхтуе з мяне годнага спецыяліста, калі не вядучы педагагічны ўніверсітэт Беларусі? Трэба толькі не баяцца і быць сабой, — разважае дзяўчына.

Увесь гэты час Аліна прыязджала ў беларускі летнік “Зубраня” як валанцёр і дапамагала важатым працаваць з малодшымі атрадамі. Там яна зразумела, што бачыць сябе побач з дзецьмі менавіта такога ўзросту, таму і выбрала факультэт пачатковай адукацыі.

— Пачатковая школа — гэта найважнейшы этап у жыцці, бо ў гэты перыяд закладваюцца маральныя якасці, якія вызначаюць чалавека. А настаўнік — той, хто знаходзіцца ў заўтрашнім дні ўжо сёння, — пераканана будучы педагог.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлены прэс-службамі БНТУ і БДПУ.