Інжынерны дызайн

Уладзіслаў Дзярван, студэнт БНТУ, удзельнічае ў чэмпіянаце ў кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD”. На пляцоўцы сустракаю свайго даўняга знаёмага па папярэдніх чэмпіянатах нацыянальнага і сусветнага маштабу. Радуюся ўдвая, бо з Уладзіславам па ўмовах спаборніцтва пагаварыць не ўдасца.

Сяргей Аляксандравіч Пранкевіч — нацыянальны эксперт у гэтай кампетэнцыі і сваю справу ведае дасканала. Ён вопытны спецыяліст і пастаянна ўдасканальвае свае веды ў галіне інжынернага дызайну CAD.

Цяпер ён працуе ў інжынірынгавай кампаніі, уваходзіць у склад экспертнага супольніцтва і вядзе падрыхтоўку канкурсантаў.

— Сучасны інжынер павінен ведаць і механіку, і супраціўленне матэрыялаў, і вышэйшую матэматыку, і шмат чаго спецыялізаванага ў той галіне, у якой працуе. І абавязкова валодать камп’ютарным мадэляваннем, — адзначае Сяргей Аляксандравіч. — Сёння інжынер-канструктар з дапамогай тэхналогіі камп’ютарнага мадэлявання можа стварыць цвердацельныя або полыя канструкцыі, якія маюць матэматычна дакладныя параметры, разліковыя дадзеныя і рэальную скіраванасць на дзейнасць.

Таму асабліва важным для гэтай катэгорыі карыстальнікаў, лічыць эксперт, з’яўляецца не знешні выгляд мадэлі, а магчымасць прымянення формул, работы з імі, чарчэнне, графіка, а таксама праверка ўсяго механізма на любым этапе распрацоўкі. Такім чынам, мэта інжынера-канструктара — гэта не толькі візуалізацыя аб’екта, але, у большай ступені, вымяральная і рабочая інфармацыя пра яго.

Работа ў CAD -праграмах (Сістэма аўтаматызаванага праектавання, якая мае на ўвазе выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій у праектаванні) патрабуе профільнай адукацыі. Будзе найбольшы эфект, калі спецыяліст не толькі бачыць вобраз, але і ведае матэрыял, з якога ствараецца макет, асаблівасці выкарыстання вырабу і многія іншыя нюансы. Таму CAD-праграмы з шырокім спектрам дзеянняў і вялікай колькасцю прылад, як правіла, заказваюць камплектамі, усталёўваюць і на камп’ютары студэнтаў тэхнічных УВА, каб будучыя спецыялісты адразу канструявалі ў зручным  і шматфункцыянальным асяроддзі.

Пры рабоце ў праграме CAD, паведаміў С.А.Пранкевіч, інжынер можа напісаць пакет для камп’ютарнага кіравання станком або іншым тэхнічным абсталяваннем, выкарыстоўваючы пры гэтым 3D-прынтар. У рамках WorldSkills лідарамі ў кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD” ужо шмат гадоў з’яўляюцца ўдзельнікі каманды з Паўднёвай Карэі. З 1977 па 2017 год яны выйгралі на такіх чэмпіянатах каля 20 медалёў самай высокай пробы. Як бачна, нам ёсць да чаго імкнуцца.

Ала КЛЮЙКО, Казань.
Фота аўтара.