18 выпускнікоў класаў педагагічнага кірунку сярэдняй школы № 3 Смалявіч скончылі БДПУ і папоўнілі шэрагі настаўнікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Шырокафарматная падрыхтоўка
“Старт у нас атрымаўся ўдалым, — расказвае кіраўнік педагагічнай і інжынернай груп настаўніца інфарматыкі Ала Каратыш. — Па рашэнні Каардынацыйнага савета па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі БДПУ наша ўстанова адукацыі атрымала статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі.
Але да неабходнасці пагрузіць навучэнцаў у прафарыентацыйнае асяроддзе мы прыйшлі значна раней, яшчэ падчас рэалізацыі педагагічнага праекта “Укараненне сістэмы прафарыентацыйнай работы ва ўрочную і пазаўрочную дзейнасць малодшых школьнікаў”. Вынікам гэтага праекта стала разуменне, што прафарыентацыя стане больш выніковай, калі будзе вузканакіраванай і пашырыцца на ўсе ўзроставыя катэгорыі вучняў. Менавіта ў такім выпадку яна паспрыяе фарміраванню сацыяльных навыкаў у школьнікаў. Лепшым напрамкам, безумоўна, стала педагагічная прафілізацыя”.
Акрамя факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, які значыўся ў раскладзе 10—11 класаў, адпаведныя курсы дапрофільнай падрыхтоўкі з’явіліся і для навучэнцаў 5—9 класаў. З улікам гэтага нават змяніўся фармат школьных мерапрыемстваў. Падчас перапынкаў на калідорах навучэнцы педагагічных класаў праводзілі віктарыны, якія прыдумвалі самастойна, а для вучняў пачатковых класаў арганізоўвалі спантанныя чэмпіянаты па класіках. На ўрокі пачалі прыходзіць і настаўнікі-дублёры, якія дапамагалі праводзіць фізкультхвілінкі, апытанні, анкетаванні.
“Такая форма работы падабалася і вучням, якія спрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў, і тым, да каго яны прыходзілі, — адзначае А.А.Каратыш. — Паступова наш эксперыментальны праект перарос у інавацыйны, а затым зноў трансфармаваўся, і фокус увагі быў пераведзены з навучэнца на шырокафарматную падрыхтоўку педагога па ажыццяўленні педагагічнай прафілізацыі”.
Праграма факультатыўных курсаў педагагічнага кірунку насычана тэорыяй і практыкай і патрабуе ад настаўніка валодання многімі педагагічнымі і псіхалагічнымі кампетэнцыямі. Але для паўнавартаснай прафарыентацыйнай работы адных педагагічных проб недастаткова.
“Сярод тых, хто ўзаемадзейнічае з навучэнцамі педагагічных груп, і настаўнікі-прадметнікі, якія працуюць у профільных і дапрофільных класах, і класныя кіраўнікі, — працягвае Ала Анатольеўна. — Каб стварыць спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе для навучання дзяцей у профільных групах, важна далучаць да работы ўсіх зацікаўленых”.
Па ўласнай мадэлі
За два гады адпаведнай работы ў школе была пабудавана мадэль метадычнай падтрымкі педагогаў. Дзякуючы куратарству цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ, сфарміраваны агульнарэспубліканскі кластар, які дазваляе ўстановам адукацыі пераймаць найбольш эфектыўны вопыт іншых устаноў і дзяліцца сваім.
“Нягледзячы на сур’ёзную базу напрацовак, наша даследчая дзейнасць не спыняецца, — падкрэслівае Ала Анатольеўна. — З пачатку бягучага навучальнага года ў нашай школе стартаваў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў па педагагічнай прафілізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Задача праекта ў тым, каб на аснове ўжо распрацаванай мадэлі стварыць магчымасць для матываваных педагогаў атрымаць неабходныя ім метадычныя веды па пытаннях педагагічнай прафілізацыі”.
Для сябе сярэдняя школа № 3 Смалявіч выбрала вельмі цікавы напрамак. Даследаванне тычыцца ролі класнага кіраўніка ў педагагічнай прафілізацыі.
Ініцыятыўная каманда педагогаў-наватараў вывучыла і абмеркавала праблемы, што ўзнікаюць у класнага кіраўніка, які працуе з профільнымі і дапрофільнымі класамі педагагічнага кірунку, і сфарміравала праграму навукова-метадычнага суправаджэння класных кіраўнікоў на ўзроўні ўстановы адукацыі. У межах гэтай праграмы плануецца падрыхтаваць матэрыялы для самаадукацыі класнага кіраўніка.
Сёння ў настаўнікаў ужо ёсць магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю па тэме “Матыў і матывацыя” і выкарыстоўваць гайды, відэаролікі, трэнажоры і бібліятэку прыёмаў па павышэнні матывацыі школьнікаў. Матэрыялы каштоўныя яшчэ і тым, што ў іх абмеркаванні, распрацоўцы і апрабацыі разам з вопытнымі педагогамі прымаюць удзел і самі школьнікі. “Так фарміруецца пераемнасць, абагульняюцца тэарэтычныя веды, закладваецца падмурак для будучай прафесійнай праектнай дзейнасці навучэнцаў, — запэўнівае педагог. — Нашы дзеці займаюць актыўную пазіцыю ў адносінах да свайго прафесійнага шляху. Дзякуючы ўцягнутасці ў агульную справу, яны адчуваюць неабходнасць кіраваць і сваімі прафесійнымі траекторыямі, вучацца бачыць значнасць калектыўнай працы, узаемадзейнічаць на розных узроўнях, выбудоўваць для сябе прыяры-
тэты”.
Тэхнічны профіль
З бягучага навучальнага года ў школе адкрыўся яшчэ адзін напрамак — інжынерны клас.
“Пакуль што гэта адна група дзяцей, матываваных на выбар прафесій тэхнічнага профілю, — гаворыць Ала Каратыш. — Для нас гэта ўнікальны вопыт. Ад творчага мыслення мы паглыбляемся ў свет тэхналогій, логікі і апрацоўкі даных.
Вядзенне факультатыўнага курса “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію” патрабуе ад педагога шырокага кругагляду ў сферы тэхнікі і тэхналогій. У гэтым нам дапамагае супрацоўніцтва са спецыялізаванай УВА — БДТУ. Дзякуючы сур’ёзнай тэхнічнай базе ўніверсітэта, ужо за першае паўгоддзе вучні наведалі шматлікія лабараторыі, прынялі ўдзел у майстар-класах і пачалі працаваць над новым даследаваннем”.
Аб’ектам даследавання вучняў стала іх уласная школа — яе стары будынак, які ўвялі ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. Менавіта так з’явілася ідэя вывучэння архітэктурных і інжынерных рашэнняў, якія прымяняліся ў будаўніцтве ўстановы адукацыі.
“Даследаванне прадугледжвае аналіз і параўнанне тэхналогій 1963 года з сучаснымі, — расказвае настаўніца. — Пакуль ідзе скрупулёзны пошук дакументаў таго перыяду, вывучэнне сучасных норм праектавання ўстаноў адукацыі, вымярэнне і мадэляванне самога будынка. Спадзяёмся, што нашы матэрыялы папоўняць школьны музей”.
Наталля САХНО
Фота аўтара