Аб’яднанні па інтарэсах Гомельскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі працягваюць працаваць летам. У аддзеле камп’ютарнай тэхнікі і праграмавання, напрыклад, на працягу чэрвеня можна было стварыць уласнага робата. Тут навучэнцаў 1—8 класаў знаёмілі з займальным светам сучасных тэхналогій.
Два педагогі праводзілі заняткі для 15 навучэнцаў. Дзеці малодшага ўзросту пад кіраўніцтвам Кацярыны Маскалёвай пагрузіліся ў атмасферу пірацтва і выратавання на незаселеным востраве. Яны выконвалі захапляючыя заданні, за якія атрымлівалі манеткі. Дзеці пазнаёміліся з канструкцыямі на наборах LEGO EducationWeDo 2.0, даведаліся пра асновы праграмавання ў асяроддзі Scratch, стварылі анімацыю персанажа ў дапоўненай рэальнасці, паспрабавалі сябе ў ролі тэсціроўшчыкаў…
Старэйшыя дзеці разам з педагогам Андрэем Зайцавым займаліся адразу па некалькіх кірунках: праграмаванне (Scratch+python), мадэляванне (Photoshop+3dsMax) і канструяванне (LEGO MindstormsEV3). Па завяршэнні кожнага з кірункаў навучэнцы стварылі сваю першую праграму (гульню), трохвымерную мадэль і выдатнага аўтаномнага робата.
Дарэчы, цікавыя гульнявыя заняткі з навучэнцамі праводзілі культарганізатар Вікторыя Зубок і педагог-псіхолаг Святлана Бегер. Па выніках інжынерных канікул дзеці атрымалі багаж ведаў у сучаснай галіне IT-тэхналогій і праграмавання, а таксама цікава правялі час.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.