Цэнтр ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі сумесна са сталічнай гімназіяй № 61 арганізаваў і правёў метадычны мітап «Аб’ядноўваючы думкі, ідэі і погляды», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Мерапрыемства стала пляцоўкай абмену вопытам па арганізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, а таксама прафілактычнай работы ва ўстановах адукацыі для больш як 500 удзельнікаў.
Сярод ганаровых гасцей былі Аляксей Талай, майстар спорту па плаванні, шматразовы рэкардсмен свету і Еўропы, член Нацыянальнай параалімпійскай зборнай Рэспублікі Беларусь, Наталля Карпушава, начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы МГІРА, Дзмітрый Мялешка, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове правапарадку і прафілактыцы ГУУС Мінгарвыканкама.
Адной з тэм мітапу стала роля ўстановы адукацыі ў патрыятычным выхаванні моладзі. Прысутныя адзначылі, што менавіта школа павінна не толькі даваць веды, але і фарміраваць у дзяцей любоў да Радзімы, пачуццё гордасці за сваю краіну і народ. Для гэтага неабходна выкарыстоўваць усе даступныя рэсурсы: гістарычныя матэрыялы, гераічныя ўчынкі суайчыннікаў, традыцыі і звычаі беларускага народа.
Нягледзячы на тое, што мітап быў метадычным, у ім актыўна ўдзельнічалі і дзеці.
— Наша задача як педагогаў — сфарміраваць у вучняў актыўную грамадзянскую пазіцыю. А гэта магчыма ў тым ліку і шляхам далучэння іх да арганізаваных форм вольнага часу, з дапамогай стварэння адкрытай прасторы для пошуку і прасоўвання дзіцячых ініцыятыў. Былі арганізаваны спаборніцтвы, гульні, дыялогавыя пляцоўкі, выставы, экскурсіі і іншыя мерапрыемствы, бо самае галоўнае — даць магчымасць дзецям з розных школ і раёнаў горада завязаць новыя знаёмствы, аб’яднацца ў сацыяльна значнай і грамадска-карыснай дзейнасці. Толькі разам мы зможам выхаваць патрыётаў сваёй краіны, — адзначыла дырэктар гімназіі № 61 Мінска Ірына Леўкавец.
Арганізатары метадычнага мітапу спадзяюцца, што падобныя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі і будуць спрыяць развіццю патрыятычнага выхавання моладзі ў сталіцы.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены гімназіяй № 61 Мінска