Ірына РАМАНОЎСКАЯ: “Мару стварыць вакальны буквар”

- 13:01Культура

Як навучыць спяваць дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту, прычым у розных манерах і без авалодвання музычнай граматай? Як педагогу патлумачыць розніцу паміж народным, эстрадным і акадэмічным вакалам? Для чаго пры навучанні пеўчым навыкам варта выкарыстоўваць такія немудрагелістыя гаджэты, як надзіманыя шарыкі або бярушы? Чым педагогам будзе карысная методыка “Паскладовае 5D-мадэляванне вакальнага гуку”? Раскажа яе аўтар Ірына Раманоўская — спявачка, магістр педагагічных навук, мастацкі кіраўнік узорнай вакальнай студыі “Мікс” сталічнай школы № 161, выкладчык вакалу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі, пастаянны член журы шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў.

— Ірына Іванаўна, вы адзін з найбольш вядомых і вопытных беларускіх педагогаў па вакале. Але перш чым мы пагаворым пра вашу аўтарскую методыку, раскажыце, калі ласка, як вы трапілі ў сярэднюю школу № 161 Мінска.

— У гэтай школе я працую амаль 20 гадоў. Неяк аднойчы на адным з канцэртаў мяне ўбачыў дырэктар нашай школы Валерый Аляксандравіч Стружко і сказаў, што хацеў бы, каб у яго працаваў такі таленавіты педагог па вакале, бо плануецца адкрыццё школьнай вакальнай студыi. Я згадзілася і з 2002 года выкладаю вакал школьнікам. З часам работа з дзеткамі мяне настолькі захапіла, што стала асноўным відам дзейнасці. А ў 2007 годзе была створана вакальная студыя “Мікс”, у 2015 годзе мы атрымалі званне “ўзорнай”. Праз два гады паспяхова пацвердзілі яго, прычым з атрыманнем звання “лаўрэат”. Мы працуем на вынік, таму заўсёды рыхтуемся загадзя. І нават у сённяшніх умовах мы не спынялі рэпетыцыі, якія, праўда, праходзілі анлайн. Дарэчы, зараз у “Міксе” 23 навучэнцы: адны з iх маюць магчымасць займацца ў эстрадным ансамблі МіхМеdia, iншыя ў фольк-медыя-групе “Сонейка”, а астатнія — салісты.

— Чаму студыя называецца “Мікс”?

— Мы доўга думалі над назвай, нават правялі конкурс, таму што хацелася, каб яна была ёмістай і адлюстроўвала маю асноўную ідэю, у той жа час, каб лёгка перакладалася на ўсе мовы і была зразумелай розным народам. У нашай студыі два кірункі — народны і эстрадны, пры гэтым адным вакалістам падабаецца выступаць сольна, а іншым — калектыўна. А слова “Мікс” у перакладзе з англійскай мовы якраз і азначае “змешванне, камбінаванне”, атрымліваецца такі кактэйль з розных форм работы і жанраў.

А яшчэ “Мікс” адлюстроўвае і мае адносіны да вакалу. Я пераканана, што педагог павінен ведаць асаблiвасцi i народнага, і эстраднага, і акадэмічнага вакалу, чым яны адрозніваюцца, каб навучыць дзяцей не змешваць гэтыя паняцці і правільна спяваць у пэўным жанры. Бо, на жаль, часам сутыкаюся з тым, што педагог-акадэміст вучыць народнаму або эстраднаму вакалу з пункту гледжання сваіх ведаў па акадэмічным вакале і дапускае памылкі. Аднак ёсць істотныя адрозненні, і цяпер, калі да мяне прыходзяць педагогі, я спрабую данесці ім гэтую розніцу, каб не было блытаніны ў вакальнай творчасці.

— Наколькі я ведаю, вы не толькі вучыце дзяцей спяваць, а і выхоўваеце іх. Што самае складанае ў такой рабоце з вучнямі?

— Самае складанае, напэўна, зрабіць з усіх удзельнікаў студыі калектыў — згуртаваць іх, каб яны маглі сябраваць, падтрымліваць і перажываць адно за аднаго. І хоць у нас ёсць два ансамблі, некалькі дзяцей займаюцца сольна, кожны з іх імкнецца быць першым, асабліва на конкурсах, а таму часам узнікае канкурэнцыя. Тады даводзіцца тлумачыць, што мы адзін калектыў, адна сям’я, а якая канкурэнцыя ўнутры сям’і? А яшчэ вельмі складана навучыць іх не зайздросціць.

— Ірына Іванаўна, напэўна, сваю аўтарскую методыку “Паскладовае 5D-мадэляванне вакальнага гуку” вы стварылі, грунтуючыся не толькі на багатым практычным вопыце, але і на фундаментальнай музычнай адукацыі. Дзе вучыліся?

— Так. У 1987 годзе я скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, а ў 1991 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. На пачатку гэтага года завяршыла навучанне ў магістратуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і абараніла дысертацыю. Прынамсі, у магістратуру я пайшла, каб навучыцца структураваць сваю шматгадовую методыку, правільна аформіць яе і абгрунтаваць, каб далей ёй маглі карыстацца іншыя педагогі. Бо ў апошнія гады вельмі часта чула пытанне ад калег, якім метадам навучання я карыстаюся, што мае вучні так здорава спяваюць. Гэта і стала штуршком для паступлення ў БДПУ, дзе я паспяхова напісала дысертацыю пра сваю работу з дзецьмі. У будучыні хачу напісаць кнігу або метадычку не толькі для педагогаў, а і для дзяцей, каб там было ўсё ярка і маляўніча паказана і падрабязна і зразумела расказана пра навучанне вакалу. Можна сказаць, мару стварыць вакальны буквар, які б дзеці хацелі прачытаць. За ўсе гады, што я працую з дзецьмі, зразумела, што ім не хапае спецыяльнага падручніка па вакале, у якім былі б тлумачэнні, што такое дыяфрагма і як яна працуе, што такое галасавыя звязкі, дзе яны знаходзяцца, чаму сціскаюцца і расцягваюцца, што робяць на высокіх нотах, а што — на нізкіх. Шмат правіл я вывела сама і цяпер хачу падзяліцца імі, каб, калі дзіця-вакаліст забудзе нешта, яно заўсёды магло разгарнуць кнігу і зразумець, што робіць не так.

— Дык што ж такое “Паскладовае 5D-мадэляванне вакальнага гуку”?

— Другая частка маёй дысертацыі “Шляхі фарміравання вакальных навыкаў дзяцей малодшага школьнага ўзросту” была пры­свечана майму аўтарскаму метаду. Як яго абазначыць, я доўга думала, таму што хацелася, каб кожнае слова гаварыла само за сябе. Мае выхаванцы вучацца вакалу па складах: мы разбіраем фразу, дзелім яе на склады, глядзім, як удыхнуць і выдых­нуць паветра. У кожным складзе дзеці павінны ведаць, як працуе дыханне, апора, гартань і галасавыя звязкі, рэзаніраванне і артыкуляцыя — пяць складнікаў, якія адказваюць за якасць вакальнага гуку. Усе гэтыя складнікі могуць мяняцца ў залежнасці ад вышыні гуку, рытму і тэмпу, але яны заўсёды знахо­дзяцца ў цеснай залежнасцi адзiн ад аднаго. Вось так і атрымалася “Паскладовае 5D-мадэляванне”.

— У чым заключаецца ўнікальнасць вашай методыкі?

— Якраз у тым, што я разглядаю гук з пункту гледжання пяці складнікаў. А раней лічылася, што гук будуецца на трох кітах: пеў­чае дыханне, апора і рэзананс. Я ж дадала становішча гартані і артыкуляцыю, пасля структуравала гэта ўсё пры разглядзе меладычнага малюнка.

Акрамя таго, я распрацавала спецыяльныя тапаграфічныя знакі. З іх дапамогай дзеці вучацца і абазначаюць у тэксце кожны склад, над якім пасля стаіць пэўны значок. І гэта дазваляе дзеткам памятаць, як і дзе працуе апора, дзе апускаецца і ўзнімаецца дыяфрагма, як вымаўляецца гук, у якім становішчы мяккае паднябенне. І па кожнай тэме я вучу дзяцей механічным рухам нашых вакальных органаў: яны павінны ведаць, што звязкі змыкаюцца-размыкаюцца, могуць расцягвацца і сціскацца, як з дапамогай кораня языка можна павялічыць або паменшыць вышыню гартані, як падняць паднябенне і як апусціць і г.д. Так я знаёмлю сваіх навучэнцаў з усімі нюансамі вакальнай практыкі, асобна спыняючыся на такіх момантах, як “залатое правіла” дыяфрагмы, гарлавыя спевы, асаблівасці народнага, акадэмічнага і эстраднага гучання.

Дарэчы, я вынайшла шмат гаджэтаў, якія дапамагаюць мне ў вучэбным працэсе: надзіманыя шарыкі, сіліконавую рукавічку, водны пісталет, бярушы, маскарадную маску і інш. Кожны з гэтых прадметаў мае сваё строгае прызначэнне і пэўны эфект. Напрыклад, калі дзіця не спявае, а крычыць, яму прапаноўваецца выкарыстаць бярушы, тады яго выкананне стане больш чыстым.

Я пераканана, што кожны, хто жадае навучыцца спяваць, павінен ведаць, што голас — гэта музычны інструмент унутры нас, якім неабходна навучыцца карыстацца, не маючы перад вачамi нi струн, нi клавiш — ­усляпую, каб дасягнуць вынікаў.

— А ці можна бліжэй пазнаёміцца з вашай методыкай?

— Можна, але пакуль толькі звярнуўшыся да мяне асабіста. У маі я праводзіла вэбінары. А цяпер планую адкрыць блог на YouTube з кароткімі відэатлумачэннямі мінут па 6—8, якія, спадзяюся, стануць добрай дапамогай не толькі педагогам, але і студэнтам, і вакалістам-пачаткоўцам.

— Ірына Іванаўна, за шматгадовую педагагічную дзейнасць вы выхавалі некалькі пакаленняў пераможцаў розных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Ведаю, што вы заўсёды ганарыцеся сваімі выхаванцамі. А таму не магу не запытацца, дзе яны праявілі сябе апошнім часам?

— Нядаўна адбыўся чарговы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, на якім фольк-медыя група “Сонейка” стала лаўрэатам ІІІ ступені. На працягу некалькіх гадоў нашы вакалісты былі адзначаны стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: Акуліна Андрэева, Марыя Ермакова, Паліна Муравіцкая, Улада Філіповіч, Дар’я Сінюк, Паліна Бурло.

Акрамя таго, мае выхаванкі у розны час станавіліся ўдзельніцамі папулярных тэлепраектаў (шоу “Талент краiны” тэлеканала “АНТ”, украінскага шоу “Голас. Дзеці”, расійскага праекта “Бітва талентаў”) і нацыянальных адбораў знакамітых вакальных конкурсаў і фестываляў: Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”, Усерасійскага конкурсу юных талентаў “Сіняя птушка”, Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Новая хваля”, нацыянальных адбораў для Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне”.

— Цікава, а хто-небудзь з вашых вучняў пайшоў па вашых слядах?

— Так, Дар’я Сінюк і Апалінарыя Бурло зараз вучацца ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным інстытуце культуры: Дар’я на аддзяленні мюзікла, а Паліна на аддзяленні эстрадна-джазавага вакалу. Наталля Кебікава — выпускніца аддзялення мастацтва эстрады Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Прынамсі, яна з’яўляецца педагогам нашай школы вакалу “Мікс”.

— На ваш погляд, якім варта быць сучаснаму педагогу па вакале?

— Сучасным, развітым і з дапытлівым розумам! З пункту гледжання ведаў ён павінен увесь час ісці ў нагу з часам, пастаянна развівацца, вывучаць новыя метады, быць начытаным і разбірацца ў тым, што выкладае.

— Ірына Іванаўна, вы не толькі выдатны педагог, а і яркая артыстка. Якія ў вас асабістыя творчыя планы?

— Я ўжо рыхтуюся да наступнага юбілейнага канцэрта, які адбудзецца праз два гады. Актыўна працую над уласным рэпертуарам, удзельнічаю ў розных праектах.

— Ёсць адчуванне, што для вас прафесійнае і жаночае шчасце — складнікі аднаго цэлага. Ці так гэта?

— Сапраўды, так атрымалася, што яны сышліся. Жаночае шчасце для мяне заключаецца ва ўзаемнасці, падтрымцы, узаемаразуменні чалавека, які побач са мной. Прызнаюся: мой муж Ігар жыве маёй прафесіяй. Разам з ім у 2015 годзе мы адкрылі школу вакалу. Так маё жаночае шчасце пераплялося з прафесійным. Тым больш калегі і адміністрацыя сярэдняй школы № 161 Мінска мяне заўсёды падтрымліваюць. А таму, паўтаруся, шчасце — калі цябе ра­зумеюць і падтрымліваюць.

— Ірына Іванаўна, дзякуй за размову і новых вам поспехаў!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Ірыны РАМАНОЎСКАЙ.