Ірына Садоўская: дасягаць намечаных планаў дазваляе калектыў прафесіяналаў, інавацыйны характар адукацыйнай дзейнасці

- 13:23Планерка

Экалагічнае выхаванне, прывіццё любові і павагі да роднага слова, псіхалагічны камфорт і развіццё лідарскіх якасцей — важныя кірункі, якім у сваёй дзейнасці аддаюць перавагу педагогі Барысава. З начальнікам упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірынай Садоўскай “Настаўніцкую газету” звязвае доўгае супрацоўніцтва.

— “Настаўніцкую” чытаю з задавальненнем, адзначаючы для сябе цікавыя ідэі і кірункі работы калег, — расказала Ірына Міхайлаўна. — Хочацца бачыць на старонках прафесійнага выдання матэрыялы і пра нашых педагогаў, чытаць навіны і дзяліцца перадавым вопытам настаўнікаў Барысава і раёна — ён у нас цікавы і багаты.

Фарматы традыцыйныя і новыя

Расказваючы пра асноўныя дасягненні, Ірына Садоўская звярнула ўвагу на тое, што педагогі Барысава аднымі з першых у вобласці сталі асвойваць STEM-адукацыю. Сёння гэта 6 устаноў, дзе ёсць інжынерна-тэхнічныя пляцоўкі, а таксама STEM-лабараторыя для дзяцей з АПФР, якая не так даўно пачала працаваць у Барысаўскім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

— У нас арганізавана ўзаемадзеянне з Паркам высокіх тэхналогій, — дадала начальнік упраўлення па адукацыі. — Ідэі школьнікаў атрымліваюць высокую ацэнку: за 5 гадоў заваявана 47 дыпломаў рэс­публіканскага і 61 — абласнога ўзроўню. Адным з асноўных прыярытэтаў з’яўляецца падтрымка інтэлектуальных дасягненняў навучэнцаў. У гэтым навучальным годзе нашы школьнікі паказалі выдатныя вынікі на алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. Ганарымся навучэнцамі і іх настаўнікамі, якія добра прадставілі раён і Мінскую вобласць на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Так, у нашай скарбонцы 45 дыпломаў на абласным і 8 — на заключным этапах алімпіяды. Прыемна, што за апошнія 5 гадоў пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў уручаны 34 навучэнцам.

У Барысаўскім раёне вялікае значэнне надаецца і развіццю творчых навыкаў, эстэтычнага інтэлекту дзяцей. У раёне 26 узорных і 10 народных творчых калектываў, сярод якіх заслужаны аматарскі калектыў, узорная мастацкая студыя “Палітра” і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны фальклорны калектыў “Берагіня”.

— Мы многа ўвагі ўдзяляем дадатковай адукацыі навучэнцаў, актыўна развіваем патрыятычнае выхаванне — гэта ўжо традыцыя, — дадала Ірына Міхайлаўна. — У нас 28 музеяў, тры з якіх носяць званне “народны”, 11 рэсурсных цэнтраў выхаваўчай накіраванасці, рэалізуецца праектная дзейнасць ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню па розных напрамках выхаваўчай работы. Усё гэта не толькі прывяло да атрымання дып­ломаў рознай вартасці, але і праяў­ляецца ў сацыяльнай актыўнасці моладзі. Колькасць маладых людзей, уцягнутых у розныя формы грамадска-палітычнага жыцця, а таксама ў грама­дзянска-патрыятычную, сацыяльную і культурную дзейнасць, прыемна ўражвае.

Ужо зусім хутка па ўсёй краіне прагучаць апошнія званкі, прой­дуць выпускныя балі. На Барысаўшчыне даўно жыве прыгожая традыцыя: выпускны праводзіцца на цэнтральнай плошчы горада, на пляцоўцы перад выканаўчым камітэтам.

Такі фармат вельмі падабаецца і выпускнікам, і іх бацькам, — падзялілася назіраннямі Ірына Міхайлаўна. — Сёлета абавязкова прыдумаем нешта новае, каб прыемна здзівіць нашых адзінаццацікласнікаў. Пакуль не магу раск­рыць усе сакрэты, але скажу, што гэта будзе цікава.

Калектыў аднадумцаў

Яшчэ адно актуальнае пытанне, якое было абмеркавана з Ірынай Садоўскай, — добраўпарадкаванне школьных тэрыторый. Да гэтай справы з задавальненнем далучаюцца і бацькі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 24 Барысава дарослыя прыносілі мнагалетнія расліны, каб зрабіць тэрыторыю ўстановы больш прывабнай, а Кішчынаслабадской сярэдняй школе былы вучань прэзентаваў саджанцы ягадных культур.

— Дасягаць намечаных планаў дазваляе калектыў прафесійных, ініцыятыўных, адказных кіраўнікоў і педагагічных работнікаў, інавацыйны характар адукацыйнай дзейнасці, — зазначыла Ірына Міхайлаўна Садоўская. — Сёння сістэма адукацыі Барысаўскага раёна працягвае сваё развіццё ў адпаведнасці з запытамі, якія паступаюць, і патрэбамі, якія ўзнікаюць. Нашы галоўныя задачы — фарміраванне актыўнай грама­дзянскай пазіцыі вучняў, выхаванне пат­рыётаў і забеспячэнне краіны кваліфікаванымі кадрамі.

Актуальнымі пытаннямі ў бягучым го­дзе застаюцца захаванне бяспекі дзяцей ва ўстановах адукацыі і прафілактыка дзіцячага траўматызму, павышэнне якасці харчавання ва ўстановах адукацыі, далейшае развіццё інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя. На парадку дня — умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі за кошт аснашчэння сучаснымі сродкамі навучання.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА