Ірына ШАСЦІТКА: “Я за прафесіяналізм у кожнай сферы”

- 13:06Прызнаныя эксперты, Суразмоўца, Суразмоўца

Дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, выдатнік адукацыі Ірына ШАСЦІТКА — таленавіты выкладчык і аўтарытэтны вучоны, неверагодна энергічны, мудры і тактоўны чалавек. 

— Ірына Уладзіміраўна, якім быў ваш шлях у прафесію?

— На самай справе, я збіралася паступаць у медыцынскі ўніверсітэт і, калі была школьніцай, летам нават працавала санітаркай. Аднак выпадковая сустрэча ўсё змяніла. Некалі ў маёй музычнай школе быў ансамбль гітарыстаў, удзельнікі якога былі рознага ўзросту. І вось у 10 класе я сустрэла аднаго з іх — Наталлю, якая на 2 гады раней за мяне скончыла музычную школу. Яна ўжо вучылася на факультэце педагогікі і методыкі пачатковага навучання МДПІ імя А.М.Горкага (зараз факультэт пачатковай адукацыі БДПУ) і сказала мне: “Там настолькі цікава вучыцца, што табе не перадаць словамі”.

І я вырашыла паспрабаваць свае сілы. Улічваючы, што школу  я скончыла з сярэбраным медалём, мне трэба было здаць адзін экзамен — матэматыку, і я яго выдатна вытрымала. Затым паспяхова прайшла субяседаванне па музычным напрамку, бо за плячыма мела музычныя школы па класах балалайкі і гітары, і практычна адразу была прынята ў аркестр народных інструментаў.

Студэнцкія гады былі неверагодна цікавымі і напоўненымі музыкай, рознымі конкурсамі, актыўнасцямі, яркімі падзеямі і мерапрыемствамі. Я ні разу не пашкадавала аб тым, што выбрала педінстытут. І калі ў школу прыйшла працаваць, таксама не па­шкадавала аб зробленым выбары. Да таго ж побач са мной былі блізкія людзі з педагагічнай дынастыі: матуля Пелагея Якаўлеўна Папкоўская — заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выкладчык і прафесар БДЭУ, маміны старэйшыя сёстры Валянціна і Раіса — настаўніцы нацыянальных школ у Кіргізіі і Таджыкістане, сястра Дзіяна таксама пэўны час была выкладчыцай, і нават мая дачка Кацярына пайшла па нашых слядах і працуе настаўнікам-лагапедам.

У сталічнай школе № 79, куды я трапіла пасля заканчэння інстытута, у мяне было два выпускі: у першы я прыйшла ўжо ў трэці клас, а другі набірала сама пасля дэкрэтнага адпачынку. Але, паступіўшы ў аспірантуру, прыйшлося пакінуць свой трэці клас. Пры гэтым са сваімі вучнямі я працягвала зносіны, а з некаторымі падтрымліваем іх і сёння.

— Зараз многія бацькі сутыкаюцца з тым, што настаўніцы пачатковых класаў не ўмеюць ні іграць на музычным інструменце, ні маля­ваць…

— Раней вялася падрыхтоўка толькі як настаўніка пачатковых класаў, дзе давалася педагогіка і методыка выкладання. Але была і падрыхтоўка з дадатковымі спецыяльнасцямі “Музыка” ці “Выяўленчае мастацтва”, каб настаўнік мог сам праводзіць гэтыя ўрокі ў сваіх класах. І я за прафесіяналізм у выкладанні музыкі і выяўленчага мастацтва. Сёння можна павысіць кваліфікацыю настаўнікам пачатковых класаў, прыйшоўшы на нашы адукацыйныя праграмы па методыцы выкладання выяўленчага мастацтва. Я лічу: не абавязкова быць мастаком (я і сама не мастак, і ў мяне няма прафесійнай кампетэнцыі ў гэтай галіне), але я пераканана, што ўсяму можна навучыцца. Бо тое, чаму мы вучым дзяцей, раскладваецца на метадычныя прыёмы, тэхналагічныя карты і канкрэтныя сродкі, якімі мы іх навучаем. Дзеці могуць быць нават больш адоранымі за нас у гэтым відзе дзейнасці, таму наша задача — арганізаваць і кіраваць вучэбным працэсам.

— Цікава даведацца пра кола вашых навуковых інтарэсаў, пачынаючы з аспірантуры.

— Я не планавала пакідаць школу і займацца навукай, бо мне падабаліся і дзеці, і праца. Але аднойчы пайшла на курсы павышэння кваліфікацыі ў сённяшні МГІРА, дзе адны з заняткаў былі прысвечаны арганізацыі рэфлексіі на ўроку. Яны доўжыліся ўсяго толькі адну пару, але мяне настолькі ўразіла пачутае, што ў той жа год сваю тэму па самаадукацыі я прысвяціла рэфлексіўным методыкам і ўвогуле арганізацыі рэфлексіі на ўроках з малодшымі школьнікамі. Дарэчы, тады гэта быў самы пачатак развіцця такого напрамку ў педагогіцы.

Матывамі слухачоў спецыяльнасцей перападрыхтоўкі становяцца: свядомы выбар педагагічнай прафесіі, любоў да дзяцей і разуменне сваёй місіі.

Праз два гады я паступіла ў аспірантуру. Мая дысертацыя называлася “Педагагічныя ўмовы фарміравання рэфлексіўных уменняў малодшых школьнікаў”. Таму і сёння маім прыярытэтным напрамкам застаецца перападрыхтоўка настаўнікаў пачатковых класаў. Дарэчы, ліцэнзію на перапад­рыхтоўку такіх спецыялістаў мае толькі наш універсітэт. І ўсе, хто свядома выбірае гэтую прафесію, ужо маючы вышэйшую адукацыю, выбіраюць нас і праходзяць праз мяне і маю дысцыпліну “Псіхалогія пачатковай адукацыі”.

Рэфлексія застаецца для мяне адным з найбольш цікавых напрамкаў, бо ў дзейнасці настаўніка яна працягвае быць актуальнай. Я вучу, як арганізаваць такую дзейнасць, якія методыкі выкарыстоўваць, што гэта дае і г.д. Напрыклад, самы просты прыём педагагічнай рэфлексіі, якому я вучу будучых настаўнікаў пачатковых класаў, хаця многія з іх ужо практыкуюць, называецца “Дрэва настрою”. Гэта ўсім вядомы і распаўсюджаны прыём, як мне здавалася. Але вырасла новае пакаленне тых, хто прыйшоў у настаўніцтва, і “Дрэва настрою” для іх стала навінкай. Нагадаем і чытачам: для рэалізацыі гэтага прыёму неабходна на ватмане намаля­ваць дрэва, а затым прапанаваць дзецям пры дапамозе кружкоў чырвонага і сіняга колеру аца­ніць, з якім настроем яны прыйшлі ў школу і на ўрок, а з якім сыходзяць. Такім чынам можна ацэньваць, наколькі зразумелая новая тэма і наколькі вучням было цікава на ўроку.

Рэфлексія з’яўляецца псіхічным наваўтварэннем малодшага школьнага ўзросту, і такім чынам мы пачынаем фарміраваць у дзіцяці самаацэнку. А пашыраючы рэфлексіўныя методыкі, мы пашыраем яго магчымасці ацэньваць сябе па розных шкалах. “Дрэва настрою” — адна з самых простых, наглядных шкал, якія настаўнік можа выкарыстоўваць кожную хвіліну.

— Атрымліваецца, ваша сувязь са школай не перарываецца, вы пастаянны ментар настаўнікаў пачатковай школы. На чым робіце акцэнт?

— Зараз я больш працую з перападрыхтоўкай, якая, да таго ж, дае больш магчымасцей паўплываць на фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці будучых настаўнікаў пачатковых класаў. Акцэнт у першую чаргу раблю на іх адносінах да дзяцей і на жаданні займацца педагогікай, стараюся дастукацца да кожнага, зразумець, ці свядомы іх выбар, спрабую падвесці іх да адказу на пытанні: ці любяць яны дзяцей; па якіх прыметах дзеці разумеюць, што настаўнік неабыякавы да іх; як ім самім зразумець, што і дзеці адказваюць ім узаемнасцю.

Усе ведаюць, што без пэўнай долі альтруізму быць настаўнікам немагчыма, бо гэта прафесія не пра грошы і не пра нейкія выгоды, а пра пэўную місію. 

— Раскажыце пра сферы дзейнасці, з якіх часцей за ўсё прыходзяць да вас на перападрыхтоўку.

— Кола прафесій нашых слухачоў вельмі шырокае. А вось вядучы матыў ва ўсіх практычна
адзін — жаданне стаць тым, кім яны хацелі быць у дзяцінстве, але бацькі сказалі, што лепш пайсці ў юрысты ці эканамісты. І мне падабаецца, што іх матывам становіцца свядомы выбар педагагічнай прафесіі, любоў да дзяцей і разуменне сваёй місіі.

— Акрэсліце ўзрост слухачоў вашых курсаў.

— Нашы слухачы рознага ўзросту, але ў асноўным пасля 30 гадоў. Зараз у топе спецыяльнасці, звязаныя з псіхалогіяй. Іх у нас чатыры. Даказана, што ХХІ стагоддзе — стагоддзе псіхалогіі. Таму колькасць слухачоў павялічваецца з кожным годам. Калі ў 2017 годзе ў нас была толькі адна група з 12 чалавек, то сёлета мы набралі 5 груп па 30 чалавек. Часткова гэта настаўнікі, бо яны часта па сумяшчальніцтве становяцца педагогамі-псіхолагамі ў школах альбо сыходзяць у педагагічную псіхалогію. Нехта ўжо ў час навучання ва ўніверсітэце разумее, што хацеў бы пашырыць сваю прафесійную кампетэнтнасць і атрымаць яшчэ адну кваліфікацыю. Некаторыя паступаюць да нас адразу пасля ўніверсітэта. А бывае, што чалавек, папрацаваўшы ў сваёй сферы, прымае рашэнне ўсё кардынальна змяніць і перайсці ў іншую сферу дзейнасці. Часам прыходзяць і тыя, хто даўно працуе, але без кваліфікацыі, таму жадаюць яе атрымаць і ўпэўніцца, што яны ўсё правільна робяць. Але ў большасці сваёй да нас звяртаюцца тыя, хто сутыкнуўся з крызісам сярэдняга ўзросту і зноў пачаў шукаць сябе.

Калі вучні сталі для вас праблемай — значыць, настаў час мяняць прафесію.

Сваім слухачам-настаўнікам я заўсёды кажу: калі дзеці, вучні сталі для вас праблемай — зна­чыць, настаў час мяняць сферу дзейнасці. У мінулым годзе я была на фестывалі педагогаў у Татарстане. Туды запрасілі знакамітага расійскага блогера і педагога Дзіму Зіцера, які, да таго ж, дырэктар адной са школ Санкт-Пецярбурга. Ён праводзіў майстар-клас, дзе сказаў: “Я зараз задам вам адно пытанне, па якім вы адразу зразумееце, наколькі любіце і ведаеце сваіх дзяцей і вучняў: назавіце мне 5 музычных груп, якімі захапляюцца вашы старшакласнікі”. З гэтым заданнем не справіўся ніхто.

Сучасныя дзеці так шмат ведаюць! Яны фору дадуць многім дарослым, і настаўнікам у тым ліку, яны знойдуць любую інфармацыю, тут галоўнае — нацэліць іх на гэта. І калі настаўнік на сваім месцы, то ён памятае не толькі імёны сваіх вучняў, але ведае і іх захапленні і здольнасці.

— Наколькі часта можна павышаць кваліфікацыю?

— Паводле нарматыўных дакументаў, не радзей чым адзін раз у тры гады. Аднак нідзе не сказана, што нельга часцей, таму ўсё залежыць ад уласнай неабходнасці педагога. Сёння існу­юць розныя варыянты павышэння кваліфікацыі: за кошт бюджэтнага фінансавання, за кошт уласных сродкаў і за кошт сродкаў арганізацыі. Вельмі прыемна, калі лю­дзі свядома выбіраюць праграмы павышэння кваліфікацыі нават за кошт уласных сродкаў, бо ў такім выпадку яны выбіраюць тое, што для іх сёння з’яўляецца актуальным. А паколькі мы стараемся ўвесь час трымаць баланс паміж коштам і якасцю, то настаўнікі вельмі часта выбіраюць нашы праграмы, а пасля раяць іх і сваім калегам.

— А ці лёгка стаць вашым слухачом? Наколькі я ведаю, неабходна здаць пэўны экзамен і прайсці субяседаванне.

— Сапраўды, каб стаць слухачом нашых праграм, неабходна вытрымаць уступныя іспыты. Так, настаўнікам пачатковых класаў давядзецца напісаць дыктанты на рускай і беларускай мовах за курс сярэдняй школы, рашыць кантрольную работу для 4 класа, а таксама прайсці вуснае субяседаванне. Такім чынам мы адразу бачым чалавека на ўваходзе і разумеем яго праблемы і матывацыю. Ведаеце, па выніках дыктовак можна адразу сказаць, хто лепш вучыўся ў пачатковай школе, а хто горш у старэйшай. Мы з калегамі збіраемся напісаць пра гэта артыкул, таму што ўвесь час даём адзін дыктант, які ўжо стаў своеасаблівым скрынінг-тэстам.

Не кожны можа быць настаўнікам. Мы разумеем, што на перападрыхтоўцы людзі вучацца 2 гады ў завочнай форме, але і ім хочацца атрымаць вынік, прыбліжаны да таго, які атрымліва­юць тыя, хто вучыцца 4 гады. Таму наша задача — арганізаваць навучанне, распрацаваць столькі вучэбна-метадычных комплексаў і так наладзіць сістэму дыстанцыйнага навучання, каб вынік нашых слухачоў быў максімальным.

Дарэчы, існуе выдатны тэст на генератыўнасць асобы — вядомая методыка, якую можна знайсці ў інтэрнэце. Генератыўнасць дыягнастуецца ў чалавека ў перыяд сярэдняй даросласці і паказвае яго гатоўнасць перадаваць свой вопыт наступным пакаленням. Як паказваюць даследаванні, у людзей, якія свядома выбіраюць педагагічную прафесію, гэты ўзровень генератыўнасці дастаткова высокі, а таму яны сапраўды могуць займацца настаўніцтвам. Калі ж гэты ўзровень нізкі, то гэта становіцца супрацьпаказаннем да педагагічнай дзейнасці. Названы тэст варта прайсці ўсім настаўнікам.

Гутарыла
Вольга АНТОНЕНКАВА.