Ірына Змачынская: «Удзел у адзіным дні галасавання — прамы абавязак кожнага беларуса»

- 16:13Моя гражданская позиция

У Чэрвеньскім раёне грамадзянска-патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай праходзіць праз адукацыйны працэс і выхаваўчую работу, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Мікалаеўна Змачынская.

— Мая грамадзянская пазіцыя гучыць так: “Я люблю сваю краіну, ганаруся яе мінулым і зраблю ўсё магчымае для захавання яе незалежнасці, стабільнасці і росквіту”.

Удзел у адзіным дні галасавання — прамы абавязак кожнага беларуса. Беларусь — наша зямля, наша спадчына, наша гор­дасць. Менавіта на сваёй зямлі мы адчуваем сябе ў бяспецы. Менавіта тут мы маем усе правы як законапаслухмяныя грамадзяне. Наша Беларусь свабодная, незалежная, квітнеючая, моцная, і мы павінны захаваць яе для будучых пакаленняў. Ад кожнага голасу, аддадзенага ў гэты дзень, залежыць лёс нашай дзяржавы.

У Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці грамадзянска-патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай праходзіць праз адукацыйны працэс і выхаваўчую работу. Мы вучым дзяцей з дашкольнага ўзросту любіць сваіх родных і блізкіх, сяброў, свой народ, маленькую радзіму і краіну.

Нашы школьнікі наведва­юць Курган Славы, Хатынь, Лінію Сталіна, Брэсцкую крэпасць, Чырвоны Бераг. Праходзяць сустрэчы з ветэранамі вайны, вязнямі канц­лагераў, малалетнімі сведкамі вайны. Навучэнцаў пачутае не пакідае абыякавым. Дзеці пі­шуць эсэ, вершы, апавяданні, ствараюць цэлыя праекты, малююць і складаюць песні. Чым больш мы, педагогі, гаворым дзецям пра генацыд беларускага народа, тым больш выхоўваем у іх павагу да гістарычнага мінулага і нецярпімасць да любога гвалту. “Гэта не павінна паўтарыцца”, — гаво­раць яны. І мы ганарымся тым, што ў нас расце дастойная змена.

Сёння як ніколі важна выхаваць грамадзяніна-патрыёта, які ведае гісторыю сваёй Радзімы, зберагае сучаснасць і клапоціцца аб будучыні дзяржавы.

Мы адкрытыя для ўсіх, хто жадае быць сапраўдным патрыётам. У раёне дзейнічаюць тры ваенна-патрыятычныя клубы. Клуб “Дазор”, куды ўвахо­дзяць навучэнцы 9—11 класаў гарадскіх школ, створаны ў верасні 2022 года. Кіруе ім воін-інтэрнацыяналіст старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Віктар Анатольевіч Казачонак. У клуба наладжана цеснае супрацоўніцтва з Інстытутам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і вайсковай часцю № 2007 пагранічнай службы, Беларускім саюзам афіцэраў, ДТСААФ, Беларускім саюзам ветэранаў вайны ў Афганістане, ваенным камісарыятам. У 2023 годзе падлеткі з ваенна-патрыятычнага клуба “Дазор” прынялі ўдзел у абласным этапе агляду-конкурсу сцяганосных груп устаноў адукацыі Мінскай вобласці, які прахо­дзіў у Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы, удзельнічалі ў занальным абласным аглядзе-конкурсе сярод ваенна-патрыятычных клубаў устаноў “Гадуем патрыётаў”, які праходзіў у Мачулішчанскай сярэдняй школе Мінскага раёна. А першы камандзір гэтага ваенна-патрыятычнага клуба Ілья Альшэўскі ў 2023 годзе стаў курсантам Інстытута пагранічнай службы.

Другі ваенна-патрыятычны клуб “Вышыня” створаны на базе сельскай школы ў Раванічах у маі мінулага года. Кіруе ім Міхаіл Аляксандравіч Харытановіч. Клуб супрацоўнічае з вайсковай часцю № 89417 (гэта 5-я брыгада, якая знаходзіцца ў Мар’інай Горцы), а таксама з ваенным камісарыятам. Цяпер удзельнікі клуба рыхтуюцца да музычнага вечара сумесна з СДК “Нам ёсць чым ганарыцца. Нам ёсць што захоўваць”, а на май яны запланавалі пасадку алеі памяці ў Дубаўруччы сумесна з усімі зацікаўленымі і лясгасам у тым ліку.

Трэці ваенна-патрыятычны клуб “Патруль” створаны ў жніўні 2023 года на базе сярэдняй школы № 4 Чэрвеня. Кіруе клубам Валянціна Міхайлаўна Табалевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. “Патруль” працуе ва ўзае­мадзеянні з Чэрвеньскім РАУС. Трэба адзначыць, што намеснік камандзіра клуба Рэнат Табалевіч стаў пераможцам конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці — 2023” у намінацыі “Ваенна-патрыя­тычная дзейнасць”.

Напярэдадні адзінага дня галасавання хачу звярнуцца да маладых выбаршчыкаў, у тым ліку педагогаў. Абавязкова прыміце ўдзел у галасаванні 25 лютага, выканайце свой грамадзянскі абавязак і аддайце свой голас за лепшых людзей нашай краіны. Бо менавіта вам тварыць гісторыю. Менавіта вам мы зможам даве­рыць будучыню нашай роднай Беларусі!

Фота Наталлі КАСТЭНКА