Іскры піянерскіх вогнішчаў

24 чэрвеня ў НДЦ “Зубраня” адбылася надзвычай яркая і незабыўная падзея — рэспубліканскі піянерскі марафон “Іскры піянерскіх вогнішчаў”, які прайшоў у Дзень піянерскага вогнішча.

Гэты дзень можна назваць другім днём нараджэння самай масавай дзіцячай арганізацыі краіны. Менавіта 24 чэрвеня на Беларусі ў далёкім 1922 годзе з’явіліся першыя піянерскія атрады. Хлопчыкі і дзяўчынкі адразу ж актыўна далучыліся да грамадскага жыцця краіны. Яны ўдзельнічалі ў суботніках, дапамагалі камсамольцам змагацца з дзіцячай бездагляднасцю, непісьменнасцю, збіралі макулатуру і металалом, стваралі летапісы калгасаў.
Вогнішча нездарма з’яўляецца галоўным сімвалам піянерыі. Нават знакаміты гальштук трыма сваімі кончыкамі сімвалізуе полымя і нібыта падказвае яго ўладальніку: жыві так, каб каля цябе было светла і цёпла, гэтак жа, як каля вялікага піянерскага вогнішча, якое традыцыйна запальваецца на беразе Нарачы напрыканцы першага летняга месяца.
Як паведамілі ў Цэнтральным савеце БРПА, у Дзень піянерскага вогнішча для хлопчыкаў і дзяўчынак з розных рэгіёнаў краіны была арганізавана цікавая і насычаная праграма, якая, акрамя спартыўных спаборніцтваў, уключала для піянераў трох узроставых груп пэўныя гульні па станцыях. Калі акцябраты збіралі пазлы, малявалі свой значок, развучвалі песні, то піянеры малодшай узроставай групы стваралі святочныя паштоўкі, пераадольвалі “Піянерскія маршруты”. Старэйшым піянерам арганізатары прапанавалі перадольванне станцыі “Патрыёты-піянеры”, знаёмства з жыццём піянераў розных краін. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведваліся і пра жыццё і подзвіг сваіх равеснікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а потым правяралі атрыманыя веды адказамі на адпаведныя пытанні важатых.
Хоць святочная праграма і насіла конкурсны характар, аднак пераможцы не вызначаліся. Як часта бывае ў піянераў, перамагло сяброўства — такое ж цёплае і светлае, як вялікае піянерскае вогнішча.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.