Існасць чалавека — ствараць

- 9:50Педагагічная майстэрня

Калі чалавек займаецца тым, што па душы, працуе шмат, творча і з задавальненнем, да яго абавязкова прыходзіць поспех. Гэтую простую жыццёвую філасофію пацвярджае лёс Аляксея Аляксандравіча СЫМАНОВІЧА. Сёння ён вядомы ў роднай Лідзе Гродзенскай вобласці і за яе межамі як перадавы настаўнік мастацтва, рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1, творчы чалавек, які віртуозна валодае словам і піша вершы, добры сем’янін.

За адзінаццаць гадоў педагагічнай працы Аляксей Аляксандравіч паспеў многае. У мінулым навучальным годзе стаў пераможцам суперфінала рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. У 2018 годзе заняў першае месца на рэспубліканскім фестывалі з міжнародным удзелам “Мастацтва зносін: уздзеянне — узаемадзеянне — поспех” у намінацыі “За валоданне разнастайнымі аратарскімі прыёмамі”. Таксама ў скарбонцы асабістых дасягненняў — перамога на адкрытым фестывалі рыторыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы “Наперад, да А.С.Пушкіна” (2019), званне “Настаўнік года Лідчыны” ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” (2014 год). І гэта толькі невялікая частка перамог, якая адлюстроўвае пастаянна актыўную пазіцыю і творчы падыход настаўніка.

Аляксей Аляксандравіч паспявае заяўляць пра сабе і ў іншых сферах як чалавек, надзелены разнастайнымі талентамі. Ён іграе на фартэпіяна, складае музыку, піша і друкуе вершы і прозу.

Якой жа настаўнік-паэт бачыць сваю ролю і ўвогуле ролю прадстаўніка моцнага полу ў сучаснай адукацыі? Што дапамагае паспяхова выкладаць і засцерагае ад прафесійнага выгарання? А.А.Сымановіч шчыра падзяліўся сваімі думкамі з чытачамі нашай газеты.

— Аляксей Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, якім быў ваш шлях у прафесію, чаму вы сталі менавіта настаўнікам рускай мовы і літаратуры.

— Мой выбар быў свядомым, мэтанакіраваным. Для мяне свет літаратуры, паэзіі, мастацтва — гэта нават не хобі, а стыль жыцця. Таму і зараз працую з задавальненнем, адчуваю сябе на сваім месцы. Гэта цудоўна, калі ідзеш на работу не як на катаргу, калі хочацца дзяліцца з дзецьмі сваімі ведамі, прыдумваць для іх нешта новае і самому няспынна працягваць сваю адукацыю.

Маё першае сапраўднае знаёмства з рускай мовай пачалося з непрыемнасці — двойкі ў 5 класе. Як сёння памятаю, зарабіў яе па тэме “Правапіс каранёў з о, а, якія чаргуюцца”. Потым днямі напралёт вучыў рускую, каб выправіць становішча. Тым не менш менавіта так зарадзілася мая шчырая любоў да Слова, да рускай мовы. Пасля пачаліся чытанне запоем, пробы свайго пяра, з’явіўся мой першы самаробны зборнік вершаў… Былі перамогі на школьных і абласных алімпіядах. Без рускай мовы, літаратуры і культуры ўжо не ўяўляў свайго жыцця.

Шэсць гадоў назад я пачаў выкладаць яшчэ і такі безадзнакавы прадмет, як “Мастацтва”. Ён валодае асаблівай, псіхалагічна камфортнай атмасферай сутворчасці, што мне вельмі даспадобы. Я перакананы: “Тварыць — вось існасць чалавека!” Такія настрой і падыход імкнуся перадаць сваім вучням.

— Сёння не так часта ў школах можна пабачыць настаўнікаў рускай мовы і літаратуры — мужчын. На ваш погляд, ці трэба мяняць гэтую тэндэнцыю?

— Перакананы, што сучаснай адукацыі неабходна больш не толькі мужчын-філолагаў, але мужчын увогуле. Калі я вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, на маім курсе атрымлівалі веды больш за сорак дзяўчат і ўсяго толькі чатыры хлопцы. Сумняваюся, што сітуацыя моцна змянілася зараз. Усё ж гуманітарыяў-мужчын значна менш. Верагодна, што, выбіраючы навучанне на тэхнічных спецыяльнасцях (не педагагічных), многія хлопцы спадзяюцца на значна большую заработную плату ў перспектыве.

Калі ж гаварыць пра сваю гісторыю, яшчэ да паступлення і падчас вучобы неаднаразова прыходзілася сутыкацца з сітуацыямі, калі мне заяўлялі, што гэта “не мужчынская прафесія”, “вучыцца сярод гарэма немагчыма”, і пыталіся, навошта мне руская мова. Як правіла, у адказ я толькі ўсміхаўся, бо ведаў: для мяне мова і літаратура — гэта даўно цэлае светаўспрыманне. Пасля абароны магістарскай дысертацыі ва ўніверсітэце я прыняў рашэнне адправіцца ў школу і несці вялікае рускае слова ў практычнай дзейнасці. Так лёс прывёў мяне спачатку ў сярэднюю школу № 5 Навагрудка, а затым — у гімназію № 1 Ліды, якую ў свой час скончыў.

— На ваш погляд, якая роля мужчын у сучаснай школе?

— Так складваецца, што ў дзіцячым садку дзеці выхоўваюцца на 99,9% жанчынамі. Затым у школе сітуацыя істотна не мяняецца: працэнт жанчын-настаўніц у шмат разоў перабольшвае працэнт мужчын-педагогаў. Такі дысбаланс не заўсёды дазваляе паўнацэнна фарміраваць рознабаковую асобу вучня. Задаць аптымальныя жыццёвыя арыенціры магчыма толькі пры збалансаваным гендарным выхаванні і навучанні.

Хочацца адзначыць той факт, што мала не толькі мужчын —настаўнікаў-прадметнікаў, але і класных кіраўнікоў. У нашай гімназіі на цяперашні момант такіх усяго два, уключаючы мяне. Спадзяюся, што за адзінаццаць гадоў майго вопыту ў гэтым кірунку мае былыя і цяперашнія выхаванцы, а таксама іх бацькі ні разу не пашкадавалі аб тым, што я стаў класным кіраўніком.

— Як у вас атрымліваецца захапіць вучняў сваімі прадметамі?

— На жаль, я не магу сказаць, што ўсе дзеці заўсёды захоплены маімі прадметамі. Але калі бачу, што ў іх гараць вочы, я шчаслівы. Каб зацікавіць, выкарыстоўваю багаты наглядны матэрыял, запрашаю да супрацоўніцтва. Разам з вучнямі прымаю ўдзел у вялікай колькасці конкурсаў і канферэнцый, дазваляю ім адчуць сябе асобамі, стаўлюся да іх з павагай. Асабістым прыкладам паказваю: не варта баяцца праяўляць сябе, свае творчыя здольнасці (для гэтага чытаю ім свае вершы, радзей — прайграю свае мелодыі на фартэпіяна).

З часам мае прафесійныя інтарэсы выліліся ў тэму самаадукацыі “Развіццё творчых здольнасцей вучняў”. Я прыйшоў да высновы: індывідуальныя адукацыйныя запыты вучняў, якія тычацца развіцця іх творчых здольнасцей, з’яўляюцца аднымі з самых распаўсюджаных. Так, нашы гімназісты (не ўсе, але многія), акрамя зацікаўленнасці ў высокіх вучэбных дасягненнях, пастаянна пацвярджаюць: ім важны таксама і вопыт самастойнай адукацыйна-мастацкай і праектна-даследчай дзейнасці ў галіне мастацтва (уключаючы літаратуру). Сумесна з сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службай я даследаваў інтарэсы вучняў. Была выкарыстана прапанаваная А.І.Савянковым методыка “Карта адоранасці”, якая дазволіла выявіць некаторыя заканамернасці сферы інтарэсаў вучняў. Самымі высокімі былі значэнні мастацкай сферы, зносін і прыроды. Пры гэтым найбольшая колькасць максімальных балаў была аддадзена мастацкай дзейнасці.

Задаволіць запыты вучняў у многім дапамаглі паспяхова апрабаваная сацыяльна-педагагічная ініцыятыва “Навучанне вершаскладанню ў школе як фактар станаўлення сацыяльнай культуры вучняў” і рэалізаванае нядаўна інавацыйнае даследаванне “Авалоданне асновамі мастацкай культуры — ключавая ўмова фарміравання базы сацыяльнай паспяховасці вучняў (праз творчую дзейнасць на ўроках мастацтва)”.

— На што робіце стаўку ў навучанні?

— Мая стратэгія рэалізацыі настаўніцкага і вучнёўскага патэнцыялу ўключае абавязковае спалучэнне трох структурных кампанентаў дзейнасці: вучэбнай, творчай і даследчай. Таму ў сваёй рабоце выкарыстоўваю разнастайныя метады, тэхналогіі, формы, прыёмы і віды дзейнасці. Напрыклад, звяртаюся да тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення і навучання ў супрацоўніцтве (вучні ў малых групах выконваюць дыферэнцыраваныя па складанасці заданні адпаведна іх магчымасцям, каб кожны змог унесці свой уклад у работу сваёй групы), праводжу відэаўрокі (відэа як частка ўрока), урокі з медыяпрэзентацыямі (медыяазбукамі). Акрамя гэтага, люблю выкарыстоўваць практычныя метады кантролю: крыжыванкі, рэбусы, віктарыны, міні-сачыненні, дыдактычны камп’ютарныя гульні. Ствараю сітуацыю вольнага выбару заданняў, пераважна пошукавых і творчых. Заўважыў, што большую папулярнасць маюць бінарныя ўрокі, на якіх некаторая частка заданняў звяртаецца да міжпрадметнага вопыту. Самым жа любімым маім відам дзейнасці з’яўляецца калектыўная творчасць вучняў (творчы калейдаскоп, тэатральны ўрок). Не магу абысціся і без творчых літаратурных конкурсаў (і ананімных, і не), інстаграм-конкурсаў (па здымках), моўных гульняў (у кантэксце даследчай дзейнасці). Я не ўяўляю жыцця без творчасці, таму прывык арганізоўваць вучэбныя заняткі як комплекс умоў фарміравання вопыту творчай актыўнасці вучняў (у тым ліку праз інтэграцыю ўрокаў мастацтва і літаратуры).

— Ведаю, што як творчы чалавек вы ладзіце разнастайныя праекты.

— Абавязковай умовай развіцця сацыяльнай паспяховасці вучняў з’яўляецца супрацоўніцтва, якое выключае аўтарытарнасць і простую эксплуатацыю памяці. Яно стымулюе сумесны пошук, глыбокую веру вучня ў сваю абароненасць і права на памылкі.

Сярод маіх праектаў, якія рэалізоўваліся ў гімназічным вучнёўскім асяроддзі, некаторыя сталі больш паспяховымі. Адразу палюбіўся дзецям мой электронны адукацыйны рэсурс — камп’ютарная гульня “Элініяда: шлях да пазнання”, які быў узнагароджаны дыпломам І ступені на абласным этапе і стаў удзельнікам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Гэты праект быў паспяхова апрабаваны ў 7 класе нашай гімназіі, прэзентаваны педагагічнай грамадскасці і размешчаны ў адкрытым доступе на сайце Адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі.

З цікавасцю дзеці спрабуюць свае сілы ў праекце гімназічнага прэс-цэнтра, на базе якога выдаецца газета “Гімназічнае сузор’е”, у інтэграцыі з работай віртуальнага дыскусійнага клуба “Філосафы” (узнагароджаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Сацыяльныя сеткі” рэспубліканскага конкурсу юных журналістаў “Ты ў эфіры”). Паспяхова прайшлі інтэграваныя праекты: конкурс вокладак для абноўленых вучэбных дадаткаў па геаграфіі з абавязковым выкарыстаннем міфалагічных вобразаў “Стварэнне свету”; работы серыі “Беражы прыроду” (тэма экалагічнай бяспекі). Мае навучэнцы могуць паспрабаваць сябе ў самых розных ролях, каб знайсці тое, што ім найбольш блізка.

— А як прывучыць сучасных дзяцей з цікавасцю чытаць не толькі пасты ў сацыяльных сетках?

— Лічу, што гэта праблема не толькі дзіцячая, але і дарослая. Феноменам механічнага, бессэнсоўнага чытання бясконцых стужак, пастоў, паблікаў сёння ахоплена ўсё чалавецтва. Дзеці не сталі менш цікаўнымі. Проста матываваць іх на чытанне трэба з улікам сучасных тэндэнцый інфармацыйнай культуры. Аднак развіццё чытальніцкай пісьменнасці дзіцяці варта пачынаць з сям’і. Па-першае, магу рэкамендаваць вопыт сумеснага чытання з дзіцем. Асабісты прыклад мае вялікае значэнне. Словы “Ідзі ўжо чытаць, ты перашкаджаеш мне выкладаць сторыс” наўрад ці могуць станоўча паўплываць на сітуацыю. Чаму б не ўзяць за звычку хаця б пакрыху чытаць разам? Па-другое, варта чытаць і самім, менавіта гэтым дзеяннем, а не толькі словамі паказваючы, што гэта па-ранейшаму модна і інакш развівацца немагчыма. Па-трэцяе, нельга “выбіваць” з дзіцяці меркаванні аб прачытаным. Трэба даваць больш свабоды выказвацца без страху быць пакараным за няправільныя думкі. Па-чацвёртае, варта імкнуцца пастаянна праводзіць паралелі з сучасным, не адставаць ад часу. Гэта тычыцца і выбару кніг, і іх падачы. І па-пятае, добра развіваць дзіцячую фантазію пры дапамозе разнастайных творчых заданняў. Некаторым хлопчыкам і дзяўчынкам важна самім паспрабаваць сябе ў ролі аўтараў, якія нешта ствараюць. Існуе шмат механізмаў і прыёмаў, якія бацькі і педагогі могуць прымяніць, аднак пры гэтым не варта забываць, што ўсё індывідуальна.

— Якія мэты на будучыню вы ставіце перад сабой у прафесіі?

— Рэдка стаўлю далёкія прафесійныя планы. Для мяне галоўнае — працягваць займацца любімай справай да таго часу, пакуль я патрэбны і магу быць карысным, пакуль адчуваю падтрымку не толькі калег, але і ў першую чаргу маіх вучняў. Магчыма, адзіным канкрэтным жаданнем на цяперашні момант з’яўляецца жаданне эмацыянальна не выгараць з часам і ўзростам. Пакуль знаходжу для сябе выратаванне ў разнастайнасці дзейнасці (вучэбнай, даследчай, творчай).

— Ці хапае часу на сям’ю? Як вы адпачываеце і набіраецеся сіл?

— Я шчаслівы мнагадзетны тата траіх дзяўчынак: Машы, Софіі і Яўгеніі. Старэйшая дачка Маша вучыцца ў 5 класе гімназіі, дзе я працую. Софія сёлета пайшла ў першы. Таму нават на рабоце мае родныя побач са мной, пад маім пільным бацькоўскім вокам. Безумоўна, хацелася б праводзіць з сям’ёй больш часу. Але на мне ляжыць адказнасць матэрыяльнага забеспячэння. У вольны час разам з жонкай і дзецьмі мы гуляем, глядзім мультфільмы ці фільмы, штосьці прыдумляем. Без творчасці ў сям’і і выхаванні дзяцей таксама не абысціся. У маленькіх сямейных справах хаваюцца вялікія радасці.

Гутарыла Таццяна ШЫМКО.