Існуючыя праблемы ў адносінах не маюць хранічнага характару і падлягаюць вырашэнню

- 11:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з еўрапейскім камісарам па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам.

“Вельмі рады з вамі сёння сустрэцца і абмеркаваць тыя праблемы, якія, магчыма, існуюць у нашых адносінах. Хоць слова “магчыма”, напэўна, не падыходзіць. Гэтыя праблемы ў нас былі заўсёды і, напэўна, будуць. Але, як паказаў апошні час, усе праблемы не маюць хранічнага характару, яны падлягаюць вырашэнню”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Я хачу вас запэўніць, што Беларусь у адносінах да сваіх суседзяў заўсёды прытрымліваецца вельмі ўзважанай і акуратнай палітыкі. Мы лічым, што суседзі ад госпада, іх не выбіраюць, таму з імі трэба будаваць добрыя адносіны. Зыходзячы з гэтага, мы заўсёды будзем надзейным партнёрам Еўрапейскага саюза, і за беларускі напрамак (амаль паўтары тысячы кіламетраў) вы можаце не хвалявацца. Вядома ж, мы хочам, каб такія пачуцці былі ўзаемнымі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ва ўсіх сферах грунтуюцца на пэўных прынцыпах і развіваюцца па пэўных напрамках. “Развіццю гэтых напрамкаў служаць праграмы, якія мы з вамі прымаем, і праекты, якія рэалізоўваем. Апошнім часам значна павялічылася фінансаванне такіх праектаў з боку Еўрапейскага саюза. Зразумела, што яны маюць узаемавыгадны характар. Давайце будзем рухацца ў гэтым напрамку”, — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

“Вы ведаеце нашу мэту: мы дыверсіфікуем знешні гандаль. Мы хацелі б мець з Еўрапейскім саюзам гандлю прыкладна 30—35 працэнтаў ад усяго аб’ёму знешняга гандлю (30 працэнтаў у нас застанецца на Расію і 30 працэнтаў — на астатнія краіны планеты). Такая дыверсіфікацыя дапаможа нам спакойна адчуваць сябе ў сферы вытворчасці і рэалізацыі тавараў, таму што краіна наша, як вы ведаеце, экспартна арыентаваная”, — растлумачыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі спажываецца толькі палова прадукцыі, што вырабляецца, астатняя частка ідзе на продаж. “Гэта сведчыць пра тое, што знешні гандаль мае вялікае значэнне, адыгрывае вялікую ролю, асабліва ў фарміраванні бюджэту краіны і прытоку валюты”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Калі ў вас ёсць да мяне нейкія пытанні, ёсць нейкія заклапочанасці ў Еўрапейскім саюзе адносна Беларусі, я чакаю шчырай размовы і гатовы адказаць на ўсе гэтыя пытанні і заклапочанасці, а калі трэба, і прыняць адпаведныя рашэнні”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Як патлумачыў пасля сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі еўрапейскі камісар па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэр Этынгер, Беларусь і Еўрапейскі саюз створаць рабочую групу па новых узаемавыгадных праектах.

Еўракамісар адзначыў, што ў ЕС цяпер распрацоўваецца бюджэт практычна на найбліжэйшыя дзесяць гадоў, у ім адведзена месца і пад фінансаванне праектаў па лініі “Усходняга партнёрства”. Частка з іх будзе рэалізавана ў Беларусі.

“У нас ёсць магчымасць, і мы бачым неабходнасць у нарошчванні аб’ёму фінансавання гэтых праектаў, — сказаў Гюнтэр Этынгер. — Мы дамовіліся стварыць своеасаблівую рабочую групу з экспертамі з Беларусі і Еўрапейскай камісіі ў Бруселі для таго, каб абмеркаваць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва і будучыя праграмы”.

Адным з такіх важных напрамкаў з’яўляецца ўдасканаленне транспартнай інфраструктуры. “Беларусь мае працяглую граніцу з краінамі — членамі ЕС, яна вельмі важная транзітная краіна, што тычыцца патокаў паміж ЕС і Расіяй. Таму гэта тэма — пашырэнне і развіццё трансгранічнай транспартнай сеткі — будзе адыгрываць вялікую ролю”, — звярнуў увагу еўракамісар.

Ён дадаў, што ў гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў ініцыятыве Еўрапейскага саюза “Усходняе партнёрства”, якая ў тым ліку служыць развіццю адносін з Беларуссю. “Цяпер мы думаем над тым, каб сфармуляваць прыярытэты для будучага развіцця адносін, распрацаваць шэраг прагматычных, практыка-арыентаваных праектаў, якія будуць мець узаемавыгадны характар. Перш за ўсё гэта тычыцца эканамічнай сферы”, — адзначыў Гюнтэр Этынгер.

У цэлым еўракамісар канстатаваў, што за апошнія гады Беларусі і ЕС удалося значна развіць свае адносіны і нармалізаваць двухбаковы дыялог. Ён перакананы, што абодва бакі зацікаўлены ў прадаўжэнні гэтай тэндэнцыі.

Гюнтэр Этынгер таксама адзначыў намаганні Беларусі, якія яна прыкладае для хутчэйшага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. “Вельмі пераканаўча выглядае пазіцыя Беларусі і прэзідэнта з пункту гледжання стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, імкненне краіны быць гарантам міру ў рэгіёне, мірнага суседства”, — заявіў ён.