Іспанскае кафэ

Валодаць адной замежнай мовай добра, а куды лепей — некалькімі. Пад такім дэвізам вучні сярэдняй школы № 5 Навагрудка ўжо другі год вывучаюць іспанскую мову на факультатыўных занятках.

Безумоўна, адной гадзіны на тыдзень для вывучэння замежнай мовы мала, таму з задавальненнем і цікавасцю вучні ўдзельнічаюць у розных праектах. Так, другі год запар хлопчыкі і дзяўчынкі працуюць у міжнародным праекце “Holiday Card Exchange” (абмен святочнымі паштоўкамі), які дазволіў знайсці новых сяброў у Калумбіі.

Фота да матэрыялу: Іспанскае кафэ.Але найбольшым попытам у вучняў карыстаецца “Іспанскае кафэ”. Тут выхаванцы развучваюць песні, вершы, знаёмяцца з культурай краін, дзе размаўляюць па-іспанску. Заняткі нашага факультатыву цікавыя яшчэ і таму, што ў іх часта ўдзел бярэ бацька адной з вучаніц Карлас Альберта Эсківель Руіс, ураджэнец Кубы. У дзяцей ёсць унікальная магчымасць мець зносіны з непасрэдным носьбітам мовы. Карлас з задавальненнем наведвае “кафэ” і дапамагае акунуцца ў атмасферу іспанскай мовы, замацаваць вучням вывучаны матэрыял. Дзеці з нецярпеннем чакаюць гэтых сустрэч і не губляюць магчымасці папоўніць сваю інтэлектуальную скарбонку чымсьці новым.

Фота да матэрыялу: Іспанскае кафэ.Часам мы не заўважаем, якія здольнасці закладзены ў выхаванцах. Галоўнае — своечасова іх заўважыць і даць магчымасць раскрыцца. Якім шляхам пойдзе настаўнік — гэта яго права і выбар. Галоўнае — не баяцца эксперыментаў!

Алена ЛІТАВАР,
настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 5 Навагрудка.