Іспыты — не канчатковая ацэнка ведаў

Апошні званок прагучаў днямі для 85 тысяч дзевяцікласнікаў і 59 тысяч адзінаццацікласнікаў нашай краіны. З 1 па 12 чэрвеня ў іх адказная пара — выпускныя экзамены. Мы завіталі ў сярэднюю школу № 180 Мінска, каб пазнаёміцца з выпускнікамі і даведацца, наколькі добра яны падрыхтаваліся да іспытаў, якія ў іх планы.

Школа № 180 вылучаецца сярод іншых навучальных устаноў Цэнтральнага раёна Мінска трывалай спартыўнай базай, што дазваляе ёй на працягу апошніх 8 гадоў уваходзіць у тройку лідараў раённай спартакіяды. Многія навучэнцы школы ўваходзяць у зборную каманду раёна, якая паспяхова выступае на гарадской школьнай спартакіядзе. Ёсць ва ўстанове і пераможцы прадметных алімпіяд, як раённых, так і гарадскіх па розных прадметах, а таксама пераможцы навукова-практычных канферэнцый. Так, у адзінаццатых класах сёлета ёсць пераможцы раённых алімпіяд па англійскай мове (Марыя Фурман), па біялогіі (Ганна Шайко), а таксама раённай навукова-практычнай канферэнцыі па геаграфіі (Аляксандра Давідовіч) і па астраноміі (Маргарыта Таманава і Настасся Кандраценка).
Сёлета ў школе два выпускныя 11 класы, у складзе якіх 41 навучэнец. Выпускнікі здаюць тры абавязковыя экзамены: матэматыку пісьмова, беларускую або рускую мову (па выбары) пісьмова і замежную мову вусна. Чацвёрты экзамен – па выбары, які праводзіцца ў вуснай форме, акрамя экзамену па беларускай або рускай мове або мове нацыянальных меншасцей (напрыклад, польскай, літоўскай і г.д.). Свой выбар большасць старшакласнікаў 180-й сталічнай школы спынілі на гісторыі і грамадазнаўстве. Гэтыя прадметы ім неабходна будзе здаваць пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, якія яны выбралі.
1 чэрвеня старшакласнікі пісалі пераказ па рускай ці беларускай мове (па выбары навучэнцаў). Беларускай мове ў гэты дзень аддалі перавагу 16 выпускнікоў. Школьная экзаменацыйная камісія выбірала для экзамену адзін з двух тэкстаў, прапанаваных Міністэрствам адукацыі па кожным прадмеце. Для навучэнцаў, якія здавалі беларускую мову на базавым узроўні, былі прапанаваны тэксты “Буся” і “Матчын падарунак”. Для тых, хто здаваў рускую мову на базавым узроўні, – “Море” і “Гроза в лесу”. Настаўнікі адпаведна спынілі свой выбар на тэкстах “Матчын падарунак” аб’ёмам 457 слоў і “Гроза в лесу” на 450 слоў.

Як расказала Ганна Валер’еўна Працкевіч, старшыня камісіі на экзамене па рускай мове, прапанаваны тэкст быў апісальнага характару, даволі складаны для школьнікаў, бо там адсутнічалі дыялогі, не было класічных узаемаадносін паміж людзьмі. “Гроза в лесу” – гэта ўрывак з вядомага твора Гаўрыіла Траяпольскага “Белы Бім Чорнае Вуха”, у якім гаворыцца аб тым, як Бім застаўся падчас навальніцы адзін у лесе, прывязаны да дрэва. Тэкст меў выхаваўчае значэнне, нікога з дзяцей не пакінуў абыякавым лёс кінутага сабакі. Яны не шкадавалі эмоцый, некаторыя выказвалі вельмі арыгінальныя думкі, давалі свае інтэрпрэтацыі апісаных падзей. За дзве гадзіны школьнікі напісалі чарнавікі пераказу, пасля чаго настаўніца яшчэ раз прачытала тэкст. На працягу наступных дзвюх гадзін школьнікі завяршалі пераказы. Вынікі праверкі пісьмовых работ паказалі, што большасць выпускнікоў пацвердзіла свае гадавыя адзнакі як па рускай, так і па беларускай мове. Для некаторых экзамен стаў шансам павысіць адзнаку па прадмеце. І толькі ў асобных выпадках адзнака была ніжэй, чым гадавая. У пераказа ёсць перавагі ў параўнанні, напрыклад, з дыктантам па мове. У першую чаргу яго любяць дзеці з гуманітарнымі здольнасцямі. Важна і тое, што навучэнцы, калі пішуць пераказ, маюць магчымасць падбіраць сінонімы да цяжкіх у напісанні слоў, выкарыстоўваць вядомыя ім стылістычныя канструкцыі, і тым самым пазбегнуць непажаданых пісьмовых памылак.

“Сучасная школа цікавая тым, што ў ёй гарманічна спалучаюцца элементы класічнай адукацыі і сучасныя інавацыйныя тэхналогіі, — гаворыць дырэктар школы Ганна Анатольеўна Астроўская. — Экзамены ў выпускных класах, на мой погляд, павінны заставацца і ў далейшым менавіта як даніна традыцыі. Выпрабаванні дысцыплінуюць дзяцей, фарміруюць мэтанакіраванасць, не даюць расслабіцца залішне перад будучай уступнай кампаніяй. Многім дзецям нават падабаецца здаваць традыцыйныя экзамены ў вуснай або пісьмовай форме, бо падчас іх можна будаваць асабістыя дыялогі з настаўнікам, выказваць уласную пазіцыю па пэўным пытанні, прэзентаваць жывыя веды, а не сухую інфармацыю. Выпускнікі лічаць, што іспыты — не канчатковая ацэнка іх ведаў, бо атрыманне ведаў — працэс дынамічны і тое, што сёння здаецца цяжкім, заўтра стане зразумелым і даступным. Да атрыманых адзнак дзеці адносяцца спакойна, бо выстаўленыя балы — сведчанне іх цяперашняга ўзроўню ведаў, які заўсёды можна палепшыць”.

Здаваць выпускныя экзамены сучасным навучэнцам даводзіцца некалькі разоў за час навучання ў школе. Для многіх першыя іспыты пачынаюцца пасля заканчэння пачатковых класаў. Выпускнікі пачатковых класаў 180-й школы паспяхова паступаюць у гімназіі. Іншы раз педагогам даводзіцца развітвацца з цэлым класам (з чатырох класаў застаюцца толькі тры), што сведчыць аб высокім узроўні падрыхтоўкі ў школе. Выпускнікі сярэдняй школы, як правіла, здзяйсняюць задуманае: паступаюць туды, куды запланавалі. Некаторыя пакідаюць установу пасля 9 класа, і не толькі тыя, хто меў нізкія адзнакі, але і дзеці з высокімі баламі. Многія з іх выбіраюць прэстыжныя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, напрыклад, архітэктурна-будаўнічы каледж, ёсць выпускнікі, якія паступаюць у Ліцэй БДУ. Навучэнцы, якія застаюцца ў старшых класах, звычайна плануюць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі і, як правіла, становяцца студэнтамі, у тым ліку вядучых УВА краіны. Сёлета, напрыклад, выпускнікі 11 класаў будуць паступаць у БДУ, медыцынскі ўніверсітэт, БНТУ і БДУІР, а таксама ва ўніверсітэт фізкультуры. Некалькі чалавек пойдзе ў камерцыйныя ўстановы.

“Мне падабаецца аптымістычны настрой і ўпэўненасць нашых выпускнікоў, — гаворыць дырэктар школы. — Сучасныя дзеці добра адаптуюцца да жыцця ў дынамічным інфармацыйным грамадстве. Многія юнакі і дзяўчаты ўжо загадзя настройваюцца на тое, каб атрымаць у будучым не адну, а дзве адукацыі, авалодаць некалькімі прафесіямі. Іх цікавяць веды, якія нельга цалкам аднесці да гуманітарнага або матэматычнага профілю, яны разумеюць, што сёння запатрабаваны інтэграваныя веды і сучасныя спецыяльнасці, якія знаходзяцца на стыку некалькіх навук. Кожны год вядучыя ўніверсітэты краіны ствараюць новыя спецыяльнасці (кірункі), якія хутка набываюць папулярнасць у абітурыентаў. Хочацца пажадаць поспеху ўсім выпускнікам нашай школы ва ўсіх іх пачынаннях”.

Надзея ЦЕРАХАВА.